26 лютага пачалі дзейнічаць новыя правілы міжгародніх пасажырскіх перавозак. У выніку некаторыя перавозчыкі працягваюць ездзіць: хтосьці спадзяецца, што і так «пракаціць», хтосьці паціху рыхтуецца да вымушанай супрацы з вакзалам. А іншыя проста спынілі працу, спадзяючыся, што абурэнне пасажыраў прымусіць уладу адмяніць новаўвядзенні.

У Мінску на вуліцы Кірава, нездалёк ад казіно «Шангры-Ла» заўсёды стаяў шэраг мікрааўтобусаў: Узда, Слуцк, Мазыр… Цяпер машын там відавочна меней. А тыя кіроўцы, што засталіся на паўлегальнай стаянцы, і самі не ведаюць, як яны працуюць сёння і ці працягнуць працу заўтра.

«Мы пакуль ездзім. Але ў такім падвешаным стане: і не забаранілі, і нельга ўжо ездзіць…» — паціскаюць плячыма кіроўцы.

Іх пазіцыя простая: мы не гаспадары кампаній, а наёмныя супрацоўнікі, як будзе далей, не ведаем, хай начальства вырашае. Але перспектыва супрацы з вакзалам іх не радуе. Яны паўтараюць тое, што казалі і раней.

«Вакзал павысіць кошты за праезд, канечне, — упэўненыя кіроўцы. — Плюс для пасажыраў не зручна. Мы ездзім і з двума пасажырамі, калі трэба. Вакзал не будзе трымаць такі маршрут, вырашыць, што нявыгадна».

«У нас цяпер усе змагаюцца з беспрацоўем. А калі будзе конкурс, і некаторыя фірмы вакзал не пусціць да сябе? Усё, людзі пойдуць на вуліцу. Толькі ў нас 25 кіроўцаў, а колькі такіх кампаній!» — хвалююцца суразмоўцы.

Праўда, нават не ўсе кіроўцы ведаюць нюансы новаўвядзенняў. Проста ездзяць па старых маршрутах, а што там і хто там — не іх справа.

«Канечне, нас могуць спыніць і аштрафаваць! Усё што заўгодна могуць!» — запэўнівае адзін.

«Не, пакуль не штрафуюць. У нас ёсць тры месяцы перастроіцца — дамовіцца з вакзалам і вырашыць, як працаваць далей», — пераконвае другі.

Некаторыя кіроўцы кажуць, што ўласнікі кампаніі гатовыя падпісаць дамову з дзяржаўным аператарам, бо выбару няма.

Але некаторыя перавозчыкі проста спынілі працу. Маршруткі на Слуцк, Салігорск, Бабруйск, Капыль больш не ездзяць. Перавозчыкі збіраюць подпісы пад зваротам да Лукашэнкі, яны ўпэўненыя, што працаваць па новых правілах немагчыма.

Напрыклад, у той жа Салігорск зручней за ўсё было дабрацца менавіта прыватнымі маршруткамі. Цяпер такой опцыі няма, людзі абураныя, актыўна падпісваюцца пад зваротамі. У Слуцку за 5 дзён сабралі 20 тысяч подпісаў.

Што працаваць немагчыма, лічаць і некаторыя з тых, хто пакуль ездзіць.

«Паглядзіце, як спраектавалі аўтобусны вакзал — каб маршруткам не было дзе стаяць! Канечне, гэта наўмысна! — пераконвае кіроўца з маршрута ў Ліду. — Нас хочуць прыбраць як канкурэнтаў, каб дзяржава была манапалістам. Хаця хто перашкаджаў дзяржаве раней ставіць дадатковыя рэйсы з вакзала, асабліва па пятніцах, калі вялікі пасажырапаток? Чаму не рабілі?»

Праўда, і сам кіроўца прызнае — маршруткі з ліцэнзіяй на «нерэгулярныя перавозкі» былі рэгулярнымі, гэта відавочна.

«Так, мы знахабіліся. Перавозілі рэгулярна, канечне. Але ж усё роўна новаўвядзенні незразумелыя. Вось усе кажуць пра згубленыя грошы і падаткі, бо мы не выдаем квіткі. Дык мы плацім фіксаваны падатак штомесяц, колькасць квіткоў не мае аніякага значэння», — кажа мужчына. Насамрэч фіксаваны падатак можна плаціць толькі калі не перавышаеш пэўны ліміт. Каб не дасягнуць гэтага ліміта, кіроўцы і не выбіваюць чэкі.

«Карацей, дзяржава дазволіць нам хаваць, жаніць, вазіць на поўдзень, ну і можа мясцовых на працу. І ўсё!» — крыўдуе суразмоўца.

На сталічным вакзале не змаглі адказаць, колькі перавозчыкаў ужо заключылі з імі дамовы пасля ўвядзення новых правілаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?