Міністр замежных спраў Фінляндыі, дзейны старшыня АБСЕ Аляксандар Стуб на сустрэчы з беларускімі апазіцыйнымі палітыкамі прызнаў, што парламенцкія выбары, якія прайшлі ў Беларусі, не адпавядаюць стандартам АБСЕ.

Пра гэта паведаміў БелаПАН лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька. Сустрэча прайшла вечарам 7 кастрычніка.

Паводле слоў А. Лябедзькі, А. Стуб прызнаў, што выбары былі не свабоднымі.

«Аднак пры гэтым ён падкрэсліў, што

палітыка супрацоўніцтва лепшая за палітыку ізаляцыі,
і зазначыў, што Еўропе лепш шукаць кропкі супрацоўніцтва з Беларуссю, чым захоўваць палітыку ізаляцыі», — сказаў А. Лябедзька.

«Аляксандэр Стуб не вельмі добра ведае Беларусь. І тыя факты націску на кандыдатаў у дэпутаты, на членаў іх ініцыятыўных груп, якія мы прывялі, былі для яго вельмі карысныя. Яны выклікалі, я б сказаў, нават некаторы шок і вельмі эмацыянальную рэакцыю», — зазначыў А.Лябедзька.

Паводле слоў палітыка, на сустрэчы былі абмеркаваны пытанні адмены санкцый з боку Еўрапейскага саюза ў дачыненні да беларускага кіраўніцтва.

«Мы выказаліся супраць татальнай адмены санкцый. Але адначасова мы заявілі пра тое, што санкцыі могуць адмяняцца кропкава і толькі на канкрэтны тэрмін. Гэта крок Еўропы ў бок Беларусі, на які ўлады павінны адказаць сваімі крокамі. Напрыклад, змяніць выбарчае заканадаўства і правапрымяняльную практыку, каб наступныя прэзідэнцкія выбары прайшлі па дэмакратычных стандартах. Калі беларускія ўлады гэта «хатняе заданне» не выканаюць, можна вяртацца да санкцый», — сказаў А. Лябедзька.

Як паведаміў палітык, гэта пазіцыя знайшла разуменне ў А. Стуба.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?