Ужо праз некалькі тыдняў беларускае грамадства будзе святкаваць 100-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Адметнасць гэтага Дня Волі ў тым, што ўлады не толькі далі афіцыйны дазвол на святочны канцэрт ля Опернага тэатра, а нават вызвалілі арганізатараў ад аплаты збораў. Рэакцыя чарнасоценцаў прадказальная — расійскі сайт Eurasia Daily выпусціў ужо некалькі матэрыялаў, у якіх асуджаецца ініцыятыва беларускіх уладаў. «Наша Ніва» прааналізавала змест матэрыялаў чарнасоценцаў, прысвечаных Дню Волі.

Кірыл Авяр'янаў-Мінскі ў сваім матэрыяле «Беларуская ўлада і нацыяналісты: ці засталася паміж імі розніца?» сцвярджае, што «беларускія афіцыйныя асобы прама артыкулююць палажэнні з праграмы местачковых нацыяналістаў». Каб даказаць свой тэзіс, Авяр'янаў-Мінскі прыводзіць у якасці прыкладу інтэрв'ю дэпутата Валерыя Варанецкага «Нашай Ніве».

Авяр'янаў-Мінскі піша:

— Такім чынам, інтэрв'ю Варанецкага выразна засведчыла, што БНР, ВКЛ і «мова» — гэта тое, што належыць не толькі нацыяналістычнай апазіцыі ў Беларусі, але і дзеючай уладзе. У сувязі з гэтым узнікае слушнае пытанне: а чым жа, уласна, адрозніваюцца сёння «змагары» ад афіцыёзу ў ідэалагічным плане?

Далей на Eurasia Daily з'явіўся яшчэ адзін матэрыял — «Беларускі нацыяналізм і канец эпохі Лукашэнкі». Аўтарам пазначаны нейкі «Віктар Лошчыц», але тое першая публікацыя пад такім імем, хутчэй за ўсё, гэта псеўданім.

У матэрыяле аўтар спрабуе аналізаваць, чаму беларускія ўлады, якія 25 гадоў насцярожана ставіліся да Дня Волі і спадчыны БНР, знянацку нібыта сталі на бок «свядомых нацыяналістаў».

Аўтар мяркуе, што сёлетняе святкаванне Дня Волі дэманструе змены, якія пачалі адбывацца ў беларускім палітычным бамондзе. Зноў прыводзіцца ў прыклад інтэрв'ю Варанецкага «Нашай Ніве», якое «Віктар Лошчыц» лічыць «фактычным пачаткам афіцыйнага збліжэння пазіцый уладаў і нацыяналістычна настроенай апазыцыі па праблеме гісторыі беларускай дзяржаўнасці».

Далей аўтар спрабуе разабрацца, чаму ж адбылася такая трансфармацыя поглядаў сярод беларускай вертыкалі:

«Цяперашнія паводзіны наменклатуры сведчыць пра больш глыбокія працэсы, сярод якіх не толькі беларусізацыя, якая ідзе поўным ходам, але і паступовае размыванне савецкіх асноў афіцыйнай ідэалогіі. А гэта, у сваю чаргу, азначае, што ў прэзідэнцкай вертыкалі спее страх, што эпоха Лукашэнкі паступова падыходзіць да канца. Значыць, ужо сёння неабходна шукаць новыя шляхі для забеспячэння сваёй бяспекі ў будучыні».

Збліжэнне поглядаў апазіцыі і вертыкалі аўтар часткова тлумачыць і жаданнем паменшыць уплыў Расіі. Але ўсё ж у першую чаргу ён лічыць гэта прыкметай таго, што 24-гадовая эпоха Аляксандра Лукашэнкі падыходзіць да канца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?