Каардынатары святкавання 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці БНР апублікавалі адкрыты зварот да музыканта Сяргея Міхалка, заклікаючы яго ўзяць удзел у святочным канцэрце 25 сакавіка каля мінскай Оперы. Нагадаем, што канцэрт дазволены гарадскімі ўладамі.

Яны тлумачаць адкрыты зварот тым, што ўжо тыдзень не могуць звязацца з Міхалком асабіста.

«Таму вырашылі апублікаваць гэты зварот і патлумачыць, чаму вельмі важна, каб 25 сакавіка вы выступілі на святкаванні 100-годдзя незалежнасці БНР», — адзначаецца ў звароце.

«Вашыя беларускамоўныя песні «Грай», «Не быць скотам», «Родны край», «Будзь смелым», «Belarus Freedom» сталі не проста хітамі, а сапраўднымі гімнамі новай Беларусі. Дзякуючы гэтым песням беларуская мова загучала ў розных краінах свету, шматлікія жыхары нашай краіны адчулі сябе беларусамі і патрыётамі. Гэтыя песні даюць надзею, натхняюць да добрых справаў ды вучаць змагацца за свае каштоўнасці і праўду. Вы заклікаеце нас быць смелымі і дужымі — і мы вучымся такімі быць. Як можна ўявіць галоўнае нацыянальнае свята, 100-годдзе незалежнай дзяржаўнасці Беларусі, без гэтых песень? Ніяк!

Не трэба вялікага шоў — толькі вы, гітара і мікрафон ды тысячы людзей у цэнтры сталіцы, якія разам з вамі заспяваюць «Родны край». І гэта будзе ўжо вялікае яскравае відовішча, якое аб’яднае нацыю».

Адзначаецца, што 24 сакавіка ў Гомелі будзе канцэрт Brutto, а 25 сакавіка ўжо ў «Ляпіса-98» запланаваны канцэрт у Мазыры.

«Мы гатовыя арганізаваць транспарт, каб прывезці вас з Гомеля ў Мінск для выступу 25 сакавіка да 16.00 на Свяце Незалежнасці ды пасля камфортна завезці ў Мазыр, — зазначаюць арганізатары. — Перакананыя, што няма рэальнай праблемы і перанесці канцэрт у Мазыры на некалькі гадзінаў ці на дзень. І верым, што вашыя прыхільнікі ў Мазыры зразумеюць і падтрымаюць вашае рашэнне выступіць на ўрачыстым канцэрце на 100-годдзе БНР у Мінску».

Раней паведамлялася, што пагадзіліся ўдзельнічаць у святочным канцэрце Лявон Вольскі, «Крама», «Дзецюкі» і Neuro Dubel

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0