08.03.2018 / 09:00

Гісторыя япаніста Сяргея і бабулі Клары, якая жыве вышыўкай, верыць у народную медыцыну і робіць сэлфі 21

У лютым «Наша Ніва» і Samsung Galaxy A8|A8+ запрасілі ўсіх вас, шаноўныя чытачы, навучыць рабіць сэлфі сваіх бабуль і дзядуль.

Першыя шэсць герояў ужо даслалі нам свае смелыя фотаздымкі і прэтэндуюць на галоўны прыз конкурсу «Навучы бабулю рабіць сэлфі!» — адразу два смартфоны Samsung Galaxy A8 і Galaxy A8+. Дарэчы, вы таксама можаце лёгка паўдзельнічаць. Як? Глядзіце ўмовы па спасылцы.

А пакуль мы знаёмім вас з аўтаркай аднаго з дасланых фота — 81-гадовай Кларай Гаўрылаўнай Андрэевай, якая вылучаецца сваёй бязмежнай любоўю да вышыўкі, што патрапіла і ў кадр першага самастойна зробленага сэлфі.

Клара Андрэева.

Унук Сяргей у апісанні да здымка сцвярджаў, што ў кватэры бабулі ўжо не хапае сцен для яе карцін. Мы вырашылі гэта праверыць і адправіліся ў госці да сям’і ў Серабранку.

Невялікая кватэра Клары Гаўрылаўны, дзе сёння яна жыве разам з двума ўнукамі, сапраўды патанае ў пейзажах і нацюрмортах, вышытых крыжыкам і бісерам (і гэта яна яшчэ частку сябрам і сваякам раздарыла).

Малая частка карцін, вышытых рукамі Клары Гаўрылаўны.

На стале красуюцца букеты, зробленыя жанчынай з тых жа самых падручных матэрыялаў — яшчэ адно хобі. Вышываць спадарыня Клара навучылася яшчэ ў школе, а на пенсіі, як стаў дазваляць час, акунулася ў занятак з галавой. На адну вялікую карціну ў яе можа сысці ад некалькіх месяцаў аж да паўгода!

Акрамя таго, гаспадыня захапляецца народнай медыцынай. Гэта, можна сказаць, своеасаблівы адгалосак яе прафесіі (Клара Андрэева амаль усё жыццё працавала доктаркай-лабаранткай) і цікаўнасці да зямлі, кветак і дрэў. Словам, усяго расліннага свету.

Цікава, што нарадзілася Клара Гаўрылаўна ў Мінску, але паколькі бацька быў вайскоўцам, паспела пажыць у розных беларускіх гарадах, а яшчэ ў Польшчы. Менавіта там яе, маленькай дзяўчынкай, заспела Другая сусветная вайна.

Сямейны калаж на 75-годдзе гаспадыні. Тут — самыя блізкія людзі і цёплыя ўспаміны: зверху — яе бацькі і яна сама ў маладосці, знізу — дзеці і ўнукі.

Яна памятае, што перад тым, як сысці на фронт, бацька высока-высока падняў яе на руках, а маці наказаў берагчы дзяцей. Больш яна яго не бачыла: Гаўрылу Баркоўскага забілі немцы, а маці разам з іншымі жонкамі вайскоўцаў эвакуявалі з акупаванай Польшчы.

Так яны сталі жыць у вёсцы Сухары, што ў Магілёўскай вобласці. Там Клара пазнаёмілася са сваім будучым мужам, выкладчыкам Аляксандрам Андрэевым. На жаль, яго рана не стала: у 56 год ён памёр ад хваробы. Нягледзячы на гэта, жанчына сама паставіла на ногі дваіх дзяцей, а цяпер з задавальненнем даглядае і ўнукаў. Двое з чатырох цяпер жывуць з ёй пад адным дахам, бо прыехалі ў Мінск атрымліваць вышэйшую адукацыю. Сяргей, які вывучае лінгвакраязнаўства ў БДУ, і захапіў бабулю ідэяй узяць удзел у конкурсе «Нашай Нівы» і Samsung Galaxy A8|A8+.

Бабуля Клара і яе любімы ўнук Сяргей.

«Справа ў тым, што я выйграў стажыроўку ў Японіі. І калі ўсё пойдзе па плане, то ў верасні на год з’еду туды. З думкамі пра гэта я і сам збіраўся адукоўваць бабулю ў тэхнічным плане: набыць ёй тэлефон, паказаць, як працуе камера, скайп… Усё ж мы не развітваліся з ёй на такі працяглы тэрмін з самага майго нараджэння, таму хочацца падтрымліваць пастаянны кантакт нават на адлегласці. А тут якраз такі конкурс падвярнуўся, таму ўзяўся за працэс навучання раней», — расказвае Сяргей.

Клара Гаўрылаўна спачатку скептычна глядзела на ідэю навучыцца рабіць сэлфі, маўляў, хапае і стацыянарнага тэлэфона. Але ўжо хутка рабіла свой першы фотаздымак. Каб адшліфаваць навык, ёй спатрэбілася некалькі дзён.

Цяпер Клара Андрэева больш спакойна глядзіць на хуткую стажыроўку ўнука: яна зможа падтрымліваць з ім сувязь праз смартфон.

Яна, канечне, крыху сумуе, што любімага ўнука доўга не будзе побач, але разумее: Сяргей японскай культурай з яе мовай, анімэ, манга, музыкай са школы быў моцна захоплены. І раз ужо ён звязаў з гэтым сваю адукацыю, то гэта ўсур’ёз і надоўга. Спадарыня Клара нават спецыяльна для Сяргея вышыла некалькі іерогліфаў — «Букет на шчасце».

Цёплы момант: сын Анатоль прыхаў да матулі ў госці, каб павіншаваць з 8 сакавіка.

Пасля засваення мабільнай граматнасці гаспадыня плануе ўзяцца за падцягванне фізічнай формы. Каб падтрымаць здароўе, вясной збіраецца пачаць рабіць практыкаванні на школьным стадыёне побач. Некаторыя ганьбяць Серабранку, а Клара Гаўрылаўна гэты раён проста абажае: «У нас тут і дрэвы, і рэчка — адно задавальненне!»

Калі вы яшчэ не бачылі, то вось гэтае сэлфі разам з унукам Сяргеем, дасланае на конкурс, пра якое так шмат было гаворана. Душэўнае, праўда?

Каб стаць героямі наступных публікацый «Нашай Нівы» і прэтэндаваць на смартфоны Samsung Galaxy A8 і Samsung Galaxy A8+, таксама публікуйце сэлфі бабуль ці дзядуль у сваіх сацыяльных сетках (не забывайце ставіць хэштэгі #nn_A8belarus #SamsungBelarus). Тым больш наперадзе вялікія выхадныя — самы час наведаць сваіх родных!

Кацярына Карпіцкая, фота Волі Афіцэравай

1
Генэрал Голад / Адказаць
08.03.2018 / 10:43
не ВЫШЫЎКА, а ВЫШЫВАНЬНЕ. ))
1
Манька / Адказаць
08.03.2018 / 13:10
Шчасця вам і вашай сям’і! Але і цяжка будзе пераможцу выбраць!
0
Чытач / Адказаць
08.03.2018 / 17:32
Малайцы!
Паказаць усе каментары/ 21 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру