12.03.2018 / 09:09

У Нью-Ёрку прайшоў парад на роварах пад бел-чырвона-белымі сцягамі ФОТЫ 18

У нядзелю ў Нью-Ёрку прайшоў першы ў гісторыі беларускай эміграцыі ў ЗША парад на роварах, прысвечаны 100-м угодкам абвешчання БНР.

Маршрут параду даўжынёй у 5 з паловай міляў быў абраны вельмі ўдала - пачатак у цэнтры Манхэтана на Таймс-Сквэр і заканчэнне на поўдні ў Боўлін Грын-парку ў фінансавым раёне. Вялікая частка дарогі прыйшлася на Брадвэй з прыгожымі відамі на знакавыя мясціны Нью-Ёрка: Эмпайр Стэйт, Флэтайран, Юніан Сквэр. На ажыўленых вуліцах нью-ёркцы, прызвычаеныя да экзотыкі, эмацыйна выказвалі сваю падтрымку і не лянаваліся запытацца пра сцяг, каб зразумець з якой ён краіны. Хлопцы і дзяўчаты ахвотна расказвалі і пра Беларусь, і пра 100-гадовы юбілей БНР, святкаванне каторага фактычна ўжо пачалося.Па прыездзе ў Боўлін Грын парк адбылося ўрачыстае ўзняццё Беларускага бел-чырвона-белага сцяга на гістарычны флагшток. На тым месцы ў 1783-м годзе ўпершыню быў узняты амерыканскі сцяг пасля таго, як у выніку заканчэння Амерыканскай Рэвалюцыйнай вайны брытанскія войскі былі вымушаны пакінуць Манхэтан.

Пад акампанемент гітары Аляксандра Мазгавога ўдзельнікі гістарычнага параду на роварах праспявалі сучасныя беларускія патрыятычныя песні: ''Сцяг'' Змітра Вайцюшкевіча, ''Грай'' Брутто і ''Тры Чарапахі'' НРМ. Адметна, што падчас спеваў некаторыя мінакі спыняліся побач і зачаравана слухалі гэтыя эмацыйныя песні на незразумелай ім мове. З прывітальнай прамовай выступіў Старшыня Беларуска-Амерыканскага Згуртавання Пагоня Віталь Зайка. Першы ў гісторыі Парад на роварах быў арганізаваны актывістамі Ганнай Шарко і Аляксандрам Мазгавым, вядомымі па сваіх папярэдніх праектах, накіраваных на аб'яднанне беларусаў ЗША і на папулярызацыю беларускай мовы і культуры ў замежжы.

Болей фота па гэтай спасылцы

Тэкст і фоты Сяргея Трыгубовіча

6
Русафоб непамяркоуны, Змагар, Свядомы, Пан, Беларус-тур / Адказаць
12.03.2018 / 09:28
Жыве вечна! Малайцы нашы , хлопцы ды дзяучаты! ✌✌✌✌✌👍👍👍👍
5
Госць / Адказаць
12.03.2018 / 09:42
Файна!
4
Žvir / Адказаць
12.03.2018 / 09:46
Dziakuj, svabodnyja liudzi, i pospiechaū Vam.
Паказаць усе каментары/ 18 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру