12.03.2018 / 10:20

Як спаганяліся падаткі па-сталінску 26

Сталінскі тэрор 1930-х гадоў быў шматгранны. Адначасова з масавымі расстрэламі і масавымі асуджэннямі на працяглыя тэрміны ў ГУЛАГу практыкавалася і масавае асуджэнне на адносна кароткія тэрміны зняволення за нязначныя правіннасці. Адным з «народных» артыкулаў 1930-х гадоў быў артыкул 93 («Няплата падаткаў») КК БССР.

Усе прыведзеныя ніжэй прыклады ўзятыя з дакументаў суда 3 участка горада Менска. Гэты суд судзіў пераважна сялян прыгарадных сельсаветаў, што дазваляе пабачыць асноўную катэгорыю ахвяр артыкула 93 — сялян-аднаасобнікаў, якіх абкладалі невыканальнымі падаткамі, каб падарваць гаспадарку і прымусіць уступіць у калгас.

У рэдакцыі 1931 года артыкул 93 КК БССР гучаў так: «а) Няплата не ўпершыню паасобнымі грамадзянамі ва ўстаноўлены тэрмін падаткаў або збораў па абавязковаму акладному страхаванню, калі ёсць магчымасць заплаціць іх і калі былі прыняты меры прымусовага адміністрацыйнага спагнання, выклікае — штраф да ўдзесяцяронага размеру незаплачанага падатку або збору, або папраўча-працоўныя работы да аднаго года, або пазбаўленне свабоды да трох год.

б) Злосная няплата падаткаў, у тым ліку ўтойванне маёмасці праз перавод яе на чужое імя або праз выдачу фіктыўных абавязацельстваў хаця-б і ўпершыню, выклікае — штраф да ўдзесяцяронага размеру незаплачанага падатку, або пазбаўленне свабоды не менш, як на адзін год без высялення або з высяленнем да пяці год.

Тыя самыя дзеянні, калі яны ўчынены кулакамі, апрача ўказаных мер соцыяльнай абароны, выклікаюць — канфіскацыю маёмасці».

Два ў адным

Абвінавачанне паводле артыкулу 93 КК БССР звычайна спалучалася з абвінавачаннем паводле артыкулу 94 («невыкананне павіннасцей»), які падрабязна разбіраўся ў папярэднім матэрыяле з гэтай серыі. Але былі і выняткі.

Суддзя Манько 21 мая 1936 года пры засядацелях Запольскім і Шаўлюкевічы і сакратары Сцяпурка асудзіў паводле артыкулаў 93 (частка «а») і 94 (частка 2) Васіля Мікітавіча Коўтуна, аднаасобніка вёскі Глебкавічы (у дакуменце — Глебкаўшчына) Каладзішчанскага сельсавета. Коўтун быў «вінаваты» ў тым, што не выплаціў падатак, страхоўкі, самаабкладанні і культ­збор у суме 1958 рублёў 66 капеек. Яго прысудзілі да пазбаўлення волі ў агульных месцах зняволення на 1 год і 3 месяцы.

Прысуд селянін абскардзіў, і 1 чэрвеня 1936 года было вынесенае азначэнне касацыйнай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР (старшыня пасяджэння, верагодна, Зяльманаў — невыразна напісана ў дакуменце, члены Самойліч і Луцкевіч). Паколькі «народны» суд не прывёў ніводнага доказу злачынства па артыкуле 94 КК БССР, то па гэтым артыкуле прысуд быў адменены. Было адзначана, што па артыкуле 93 (частка «а») прысуд «вынесены правільна», але «абраная судом мера пакарання немэтазгодна». Пазбаўленне волі было замененае на папраўчыя працы ў калоніі масавых работ на год.

Накладзеныя на Коўтуна падаткі пераўзыходзілі тагачасны сярэдні гадавы заробак рабочых прамысловых прадпрыемстваў. Хутчэй за ўсё, ён не змог бы яго выплаціць, нават калі б прадаў усю гаспадарку. Не дзіва, што абсурдна вялікія падаткі былі ім праігнараваныя — відаць, селянін да апошняга спадзяваўся, што ў чыноўнікаў пераможа здаровы сэнс, і памер падатку будзе зменшаны.

За што плацім?

Апрача сельскагаспадарчага падатку сяляне мусілі аплаціць абавязковае акладное страхаванне будынкаў, коней, буйной рагатай жывёлы і пасеваў. У 1931 годзе быў праведзены аднаразовы збор на патрэбы гаспадарчага і культурнага будаўніцтва на вёсцы, які з 1932 года ператварыўся ў штогадовы культзбор. Самаабкладанне ў тэорыі было добраахвотным — сяляне павінны былі вырашыць, ці могуць і ці хочуць яны заплаціць дадатковыя падаткі сваёй «любай сацыялістычнай айчыне». Але на практыцы ні пра якую добраахвотнасць і гаворкі не было.

У 1930-я гады сяляне сыходзілі з вёскі ды імкнуліся перайсці ў разрад прамысловых рабочых. Аднак на практыцы з такіх «адыходнікаў» усё роўна патрабавалі выканання абавязковых паставак сельгаспрадукцыі і накладалі на іх сельскія падаткі. Такім чынам, падатак трэба было заплаціць двойчы: падаходны (з заробку) і сельскагаспадарчы (з гаспадаркі, нават калі фактычна яе не вёў).

Суддзя Манько пры членах-засядацелях Сянькевічу і Харужыцы і сакратары Ліпінскай 15 лютага 1936 года разгледзеў справу аднаасобніка пасёлка Ратамка Ратамскага сельсавета Казіміра Вікенцьевіча Карповіча. Карповіч «упарта ў працягу 1935 года не выконваў дзяржаўных абавязкаў, гэта значыць не заплаціў даведзены сельгаспадатак на 1935 год (172 рублі), самаабкладання 87 рублёў і страхоўкі 19 рублёў 67 капеек, і з гэтай сумы нічога не заплаціў. А таксама не выканаў мясанарыхтоўку за 1934 год 50 кіло і 1935 год 50 кіло. Тлумачэнні падсуднага Карповіча ў тым, што ён не мог заплаціць дзяржаўныя абавязкі і выканаць мясанарыхтоўку з той прычыны, што ён працаваў у Жлобіне і не знаў, якія абавязкі перад дзяржавай выконваць, нічым не абгрунтаваны з той прычыны, што жонка яго ўвесь час пражывала на гаспадарцы і добра ведала аб усіх даведзеных абавязках перад дзяржавай». Дзеянні Карповіча былі кваліфікаваныя судом па арт. 93 (частка «а») і 94 КК БССР. Ён быў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ў агульных месцах зняволення.

Справу Карповіча 20 красавіка 1936 года разгледзела касацыйная калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР у складзе старшыні Луцкевіч і членаў Самойліч і Дазорцава. Калегія вынесла азначэнне, што «прыгавор нарсуда па гэтай справе вынесен справядліва», і пакінула яго ў сіле.

«Імем рэвалюцыі»

«Класава варожыя элементы» атрымлівалі больш жорсткія прысуды. 21 мая 1936 года суддзя Манько пры засядацелях Запольскім і Шаўлюкевічы і сакратары Сцяпурка асудзіў па артыкулах 93 і 94 Васіля Бурага, аднаасобніка вёскі Міханавічы Кайкаўскага сельсавета. 51-гадовы былы серадняк да рэвалюцыі служыў гарадавым у Менску, за што, відаць, і быў пазбаўлены выбарчага права. «У працягу 1936 года катэгарычна адмовіўся выконваць усе дзяржаўныя абавязкі, […] а таксама не выплаціў за 1936 год падатак, самаабкладанне, страхоўку і культзбор. Усяго дзяржаве не заплаціў 1041 рубель 30 капеек. Акрамя таго, падсудны Буры Васіль у Стаханаўскую вясну катэгарычна адмовіўся прыняць і пасеяць план сева на 1936 год». Суд прысудзіў Бурага да двух гадоў пазбаўлення волі ў агульных месцах зняволення і паразіў у правах на 2 гады.

«Гендэрная роўнасць» па-сталінску

Як правіла, жанчыны былі абвінавачанымі па артыкулах 93 і 94 у тых выпадках, калі яны лічыліся кіраўнічкамі сямейных гаспадарак. Гэта ў першую чаргу тычылася ўдоў і разведзеных.

23 верасня 1936 года суддзя Манько пры засядацелях Пазняку і Сіняўскім і сакратары Ліпніцкай асудзіў па арт. 93 (частка «а») і 94 (частка 2) 38-гадовую Алену Іванаўну Камінскую, аднаасобніцу вёскі Міханавічы Кайкаўскага сельсавета. Разведзеная беларуска мела на ўтрыманні трох дзяцей ад 6 да 10 гадоў.

Як лічыў суд, яна «ўпарта і сістэматычна не выконвае дзяржаўныя абавязкі, г.зн. у працягу трох год не плаціць падаткі, страхоўку, самаабкладанне, не выконвае дарожныя павіннасці, а таксама ў працягу трох год катэгарычна адмаўлялася прыняць і выканаць пасяўны план. Тлумачэнні падсуднай, што зямлю ў яе забралі ў калгас, нічым не абгрунтаваны і абвергнуты сведкамі з той прычыны, што зямлю ў яе ўзялі часткова, 1,26 га ёй даводзіцца на працягу трох год, але Камінская катэгарычна абсяваць гэтую зямлю адмовілася». Суд прысудзіў Алену Камінскую да пазбаўлення волі ў агульных месцах зняволення на паўтара гады, але «беручы пад увагу, што яна мае 3 дзяцей і што ізаляваць яе немэтазгодна, замяніць вызначанае пакаранне ўмоўна ў працягу аднаго года».

Алена Камінская — адна з нешматлікіх асобаў, якая паспяхова абскардзіла судовае рашэнне. Касацыйная калегія Вярхоўнага Суда БССР 15 студзеня 1937 года знайшла, што «прыгавор суда па гэтай справе падлягае адмене і сама справа спыненню». Па-першае, былі выяўленыя тры працэсуальныя парушэнні: узбуджэнне справы не было санкцыянавана пракурорам; справа не была прадметам абмеркавання распарадчага пасяджэння суда; суд не меў права ўзмацняць меру пакарання Камінскай у той час, як першы прыгавор нарсуда быў адменены Вярхоўным Судом па яе касацыйнай скарзе (на жаль, невядома, якім быў першы прысуд і па якім артыкуле). Апрача таго, з прыкладзенай да справы даведкі было бачна, што яшчэ ў 1933 годзе зямля ў Камінскай была «із’ята» і перададзена калгасу, а ў яе карыстанні засталося толькі 0,3 га сядзібы.

Такім чынам, бачна, што ў 1930-я гады сяляне Беларусі, як і астатніх частак СССР, не толькі прыстасоўваліся да калгаснай сістэмы, але і супраціўляліся ёй: да апошняга заставаліся ў аднаасобніках, сыходзілі працаваць у горад, адмаўляліся прымаць план пасеву, нарэшце, абскарджвалі (і часам з некаторымі вынікамі) драконаўскія судовыя прысуды.

Рэабілітацыя? Невядома

Пастановай Вярхоўнага Савета Беларусі ад 6 чэрвеня 1991 года «Аб парадку рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій 20—80-х гадоў у Рэспубліцы Беларусь» вызначае, што рэабілітацыі падлягаюць, сярод іншых, «сяляне, у тым ліку прызнаныя кулакамі, асуджаныя за няўплату павышаных падаткаў і адмову ад выканання павіннасцей і работ, якія маюць агульнадзяржаўнае значэнне, па артыкуле 93 і артыкуле 94 Крымінальнага кодэкса БССР 1928 года». Пастанова працягвае дзейнічаць.

Адпаведна, мусілі быць рэабілітаваныя і героі гэтай публікацыі. На жаль, праверыць, ці былі яны рэабілітаваныя, у апошні час стала немагчыма: Нацыянальны архіў Беларусі перастаў выдаваць інфармацыю з базы дадзеных «Неабгрунтавана рэпрэсіраваныя грамадзяне Беларусі». Дакладней, прыдумана езуіцкая схема: інфармацыя па рэпрэсаваным выдаецца толькі яго сваякам. Паколькі аўтар матэрыялу не з’яўляецца сваяком ані Коўтуну, ані Карповічу, ані Камінскай, то і звесткі пра іх не атрымаў.

8
Владимир / Адказаць
12.03.2018 / 11:09
Не многим теперь подход отличается. Обложить данью и загнать на низко оплачиваемый труд.
44
гражданин СССР / Адказаць
12.03.2018 / 11:26
Плакат в тему. Ткните на любого успешного (бизнесмена, дельца, афериста и взяточника) т.н. нового белоруса и увидите вон того толстопузого дядечку из плаката. После войны в Советской Белоруссии цены снижались, а в оккупированной, якобы в мирное время, РБ с каждым днем они растут. Что же касается рытья автора в бумагах тех лет, то это просто пиар. Эффектно манипулировать документами, когда прошло столько лет и мы не можем послушать непосредственных участников тех событий.
0
чалавек / Адказаць
12.03.2018 / 11:43
як пажываюць сваякi манько?
Паказаць усе каментары/ 26 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру