У сацсетках з’явілася кароткае відэа, на якім група мужчынаў у масках агучвае прэтэнзіі да мэблявага холдынгу. Сябе яны называюць «Радай рабочых «Пінскдрэва».

«Пінскдрэў» — рабаўладальніцкае прадпрыемства, сцвярджаюць аўтары відэа і заклікаюць кліентаў — асабліва расіян — байкатаваць прадукцыю.

«Мы прапанавалі ўшанаваць памяць загінулых ад выбуху заводу ДСП хвілінай маўчання [У 2010 годзе на заводзе па вырабу ДСП адбыўся выбух, загінулі 14 чалавек — Рэд.]. Па заводзе бегалі майстры і пагражалі, што калі ў каго-небудзь спыніцца станок, то такі чалавек будзе звольнены», — кажуць мужчыны ў відэазвароце.

Таксама яны звяртаюць увагу на частыя смерці на прадпрыемстве. Адзначым, што за 2 месяцы 2018 года загінула ўжо двое рабочых: у студзені мужчыну траўмавала абсталяваннем, а ў пачатку сакавіка цела апрацоўшчыка драўніны знайшлі на тэрыторыі аднаго з прадпрыемстваў холдынгу.

Але ці сапраўды людзі на відэа маюць дачыненне да прадпрыемства? Ці ведае начальства, хто яны? Што чакае пратэстоўцаў? Ці сапраўды была гісторыя з хвілінай маўчання?

Дырэктар па працы з персаналам «Пінскдрэва» Мікалай Трушко паведаміў, што прадпрыемства падасць пазоў у суд. Падрабязна адказаць на пытанні, агучаныя ў відэазвароце, Трушко не захацеў.

«Мы пойдзем у суд, пададзім пазоў за паклёп. Відэа тое запісаў Дзмітры Кудранок, які цяпер у Расіі ці дзе. Усё, больш ніякіх каментароў», — паведаміў ён.

Дзмітры Кудранок быў рабочым на «Пінскдрэве» і ўзначальваў падобную «Раду рабочых» яшчэ 6 гадоў таму, пасля чаго быў звольнены.

Дзмітрый Кудранок сёння сапраўды ў Расіі.

«Не, запісаў не я. Я ж знаходжуся цяпер у палітычнай эміграцыі — мне ў КДБ абяцалі, што я ў Беларусі працы не знайду. Так што фізічна не ў стане. Я б запісаў лепш», — пажартаваў ён у каментары для «Нашай Нівы».

Кудранок прыязжаў у Беларусь для ўдзелу ў выбарах у мясцовыя саветы (ад партыі «Справядлівы свет»). Пасля зноў з'ехаў

«Кіраўніцтва «Пінскдрэва» можа зараз кажа ўсё, што заўгодна. Некалі ім прапанаваў выслухаць рабочых і пайсці па шляху рашэння праблем. Яны вырашылі затыкаць рот людзям і рабіць выгляд, што нічога не адбываецца і праблемы працоўных іх не датычацца. Гэтак жа самае, можна казаць і пра ўладу горада, якая была выдатна абазнаная аб сітуацыі на прадпрыемстве. Усе яны вырашылі засунуць галаву ў пясок. Вось вынік.

Я ім заўсёды казаў, што нельга да людзей ставіцца як да быдла. Тое, што там цяпер пачалося - гэта вынік сфальсіфікаваных выбараў, на якіх я быў кандыдатам. Не буду казаць, як у цэлым па Беларусі, але на маёй акрузе з дапамогай простых людзей, нават тых, каго я асабіста не ведаю, быў арганізаваны такі кантроль, што найменшыя адхіленні ад праўдзівых вынікаў былі б адразу бачныя, што і абылося. Людзі абураныя, што іх падманулі. Апошняй жа кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення стала Нядаўняя чарговая смерць рабочага на лесабіржы (гэта адно са структурных падраздзяленняў холдынгу «Пінскдрэў»), — кажа Кудранок

Варта адзначыць, што фармальна ў Беларусі работнікі маюць права на забастоўку ці іншыя формы пратэсту, але ў рэальнасці ўдзельнікаў пратэстаў звальняюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?