13.03.2018 / 10:17

Як адзначаюць стагоддзе абвяшчэння незалежнасці краіны колішняй Расейскай Імперыі 14

У 2017—2018 гадах усе дзяржавы, якія паўсталі на тле Расейскай Імперыі і працягваюць сваё існаванне, святкуюць стагоддзі аб’яўлення незалежнасці.

Беларусь не выключэнне — 25 сакавіка ў Мінску пройдзе святочны канцэрт да дня абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Ён арганізаваны дэмакратычнай супольнасцю, пры гэтым улады застаюцца ў баку ад святкавання. Варта разгледзець, як святкуюць стагоддзе сваёй незалежнасці іншыя дзяржавы, якія паўсталі ў гэты перыяд.

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў абвясціў 2018 год Годам Азербайджанскай Дэмакратычнай Рэспублікі.

У сувязі з гэтым плануецца правядзенне шэрагу афіцыйных мерапрыемстваў у самой краіне і за мяжой. Азербайджанская Дэмакратычная Рэспубліка была абвешчаная 28 мая 1918 года і стала першай свецкай дэмакратычнай дзяржавай ісламскага свету, а таксама першай мусульманскай дзяржавай, дзе жанчыны мелі выбарчыя правы.

У Арменіі дзень абвяшчэння Рэспублікі Арменія (Першай Рэспублікі Арменія) 28 мая 1918 года з’яўляецца афіцыйным святам — Днём Рэспублікі, гэта выхадны дзень.

Да стагоддзя з дня абвяшчэння Першай Рэспублікі запланаваны шэраг мерапрыемстваў у Арменіі і за мяжой.

Грузія святкуе Дзень незалежнасці 26 траўня, у гонар прыняцця ў 1918 годзе Акта аб дзяржаўнай незалежнасці Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі.

У гэты дзень традыцыйна праходзіць вайсковы парад і святочны канцэрт. Прэзідэнт Грузіі Георгі Маргвелашвілі аб’явіў 2018 год Годам свабоды.

Казахстан шырока адзначае стагоддзе Алаш-Арды. Нацыянальна-дэмакратычная рэспубліка Алаш (у савецкай гістарыяграфіі — Алашская аўтаномія) была абвешчана 13 снежня 1917 года і ліквідавана бальшавікамі 5 траўня 1920 года.

Менавіта Алаш-Арда лічыцца ў Казахстане падмуркам сучаснай дзяржаўнасці краіны. Адзначэнне даты праходзіць паводле зацверджанага Нурсултанам Назарбаевым плана мерапрыемстваў: выходзяць кнігі і фільмы, адкрываюцца помнікі ў гонар дзеячаў Алаш-Арды.

Стагоддзе Алаш-Арды. Выява Qamshy.kz.

Малдова адзначыла стагоддзе Малдоўскай Дэмакратычнай Рэспублікі 2 снежня ў кішынёўскім Палацы рэспублікі.

Ва ўрачыстасцях удзельнічаў прэзідэнт Ігар Дадон і члены ўрада.

Латвія святкавацьме стагоддзе незалежнасці 18 лістапада.

Да 2021 года запланавана больш за 800 мерапрыемстваў не толькі ў Латвіі, але і за мяжой. Да святкавання створанае спецыяльнае бюро пры Міністэрстве культуры.

Літва адзначыла стагоддзе незалежнасці 16 лютага. З нагоды ўрачыстасцей Літву наведалі замежны госці, сярод якіх прэзідэнты Германіі, Польшчы, Латвіі, Эстоніі, Ісландыі, Украіны, Грузіі,

а таксама прадстаўнікі каралеўскіх сем’яў Швецыі і Даніі. Удзень у Кафедральным саборы Вільні прайшло святочнае богаслужэнне з удзелам Далі Грыбаўскайце, а скончылася святкаванне запальваннем сотні «вогнішчаў свабоды» на праспекце Гедыміна і святочным канцэртам на Кафедральнай плошчы і ў Нацыянальным тэатры оперы і балета. Мерапрыемствы будуць праходзіць на працягу ўсяго 2018 года.

У Польшчы да святкавання стагоддзя аднаўлення незалежнасці створаны Нацыянальны камітэт.

Вялікая колькасць мерапрыемстваў пройдзе ў Польшчы і за мяжой. Нацыянальнае свята незалежнасці Польшчы традыцыйна адзначаецца 11 лістапада. У гэты дзень у 1918 годзе Юзаф Пілсудскі стаў кіраўніком дзяржавы, быў сфарміраваны першы ўрад.

Марш Незалежнасці. Варшава, 2011. Фота Adam Kliczek.

Украіна адзначае абвяшчэнне незалежнасці ў рамках святкавання стагоддзя Украінскай рэвалюцыі 1917—1921 гадоў.

2017 год быў абвешчаны прэзідэнтам Пятром Парашэнкам Годам Украінскай рэвалюцыі. Таксама ўрадам зацверджаны План мерапрыемстваў 100-годдзя падзей Украінскай рэвалюцыі.

Святкаванне 100-годдзя незалежнасці Фінляндыі праходзіла на дзяржаўным узроўні амаль увесь 2017 год.

З 1 студзеня па 6 снежня (Дзень незалежнасці) адбываліся святочныя мерапрыемствы. Падрыхтоўкай мерапрыемстваў юбілею займаўся праект «Фінляндыя — 100 гадоў» пры апараце Дзяржаўнай рады, рэалізацыю мерапрыемстваў па ўсёй краіне праводзілі рэгіянальныя аб’яднанні «Фінляндыя — 100 гадоў», якія складаліся з рэгіянальных саюзаў і шасці найбуйнейшых гарадоў.

Дом урада ў Хельсінкі 6 снежня 2017 года, падсвечаны ў колеры нацыянальнага сцяга. Фота Htm, CC-BY-SA-3.0.

Эстонія адзначыла незалежнасць Эстонскай Рэспублікі 24 лютага.

Па ўсёй краіне праходзілі святочныя мерапрыемствы, у Таліне адбыўся вайсковы парад. 23 лютага 1918 года Камітэт па выратаванні Эстоніі выдаў у горадзе Пярну Маніфест да эстонскага народа, які абвясціў Эстонію незалежнай дзяржавай, 24 лютага Маніфест быў апублікаваны ў Рэвелі (Таліне). Юбілей будзе святкавацца ўвесь год.

Са спіса дзяржаў, якія абвясцілі аб незалежнасці ў перыяд распаду Расейскай Імперыі, на дзяржаўным узроўні не святкуе хіба толькі Беларусь.

У Беларусі ў дзяржаўных музеях пройдзе невялікая колькасць выставак пра гэты перыяд, а асноўнае святкаванне ўзяла на сябе грамадзянская супольнасць. Для Расеі, якая захоўвае імперскія традыцыі, было б дзіўна неяк адзначаць гэты перыяд. Хаця, магчыма, супольнасці прыхільнікаў незалежнасці Паўночнай Інгрыі ці Паўночнакарэльскай дзяржавы неяк ушануюць падзеі, звязаныя з абвяшчэннем незалежнасці гэтых краін у 1919 годзе.

Максім Ляшко

1
LMI / Адказаць
13.03.2018 / 10:36
Не сьвяткуе афіцыйна, бо ў СТРАХА вочы вялікія, да таго ж - яны не атаясамляюць сябе з Беларусьсю, яна дасеньня для іх не стала сваей краінай. Яны да сеньня тут на працы за маскоўскія грошы
2
Хэльвіг / Адказаць
13.03.2018 / 10:56
На жаль, тут у нас на высокіх пасадах зашмат рознай набрыдзі (у асноўным з Расеі), таму гэта не іхняе сьвята. Чаму яны апынуліся на гэтых пасадах пытаньне іншае, на яго павінен адказаць наш галоўны хакеіст. Таксама мы ведаем, што ў Расеі вельмі шмат ахвочых на нашу зямлю і маёмасьць, якую яны ўжо праз РПЦ і розныя сумнеўныя СП прысабечваюць.
0
Ліцьвін / Адказаць
13.03.2018 / 12:43
Вось і паказчык незалежнасьці, так званы беларускі рэжым не самастойны ды і не беларускі, брсм камуністы, усе яны здраднікі або чужынцыі ворагі на гэтай зямлі, прыхадні ад якіх мы ўсе ахвяруем. І наш кепскі ўзровень жыцьця, нашая слабая эканоміка, навука і т.п. толькі ад таго, што краіна належыць здраднікам і чужынцам.
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру