Вітаю, шаноўная рэдакцыя! Мяне завуць Аляксей Гардзееў. Не так даўно я стаў валанцёрам фонду «Добра тут». Фонд займаецца дапамогай дзецям з асаблівасцямі. Асноўны праект — дапамога Чэрвеньскаму дому-інтэрнату для дзяцей з асаблівасцямі.

Гэта і вельмі «цяжкія» дзеткі, якія не ўстаюць з ложка, і амаль звычайныя (нават часам і не ведаеш, з кім ты размаўляеш: з наведвальнікамі інтэрната ці з жыльцамі). Санітарнае становішча дзяцей ва ўстанове вельмі добрае, я быў прыемна ўражаны працай персанала. І ўвогуле матэрыяльная база добрая. Канечне, ёсць некаторыя пытанні, але яны не маюць глабальнага характару і на агульную карціну не ўплываюць.

Валанцёр з Ірландыі Дзін Ландрыган і яго сяброўка з Чэрвеньскага дома-інтэрната.

Валанцёр з Ірландыі Дзін Ландрыган і яго сяброўка з Чэрвеньскага дома-інтэрната.

Распавяду пра свой першы прыезд. Калі коратка — гэта шок. Нават улічваючы, што я бываў у такіх установах і ведаў, што ўбачу. Спачатку гэта шок ад выгляду дзяцей. Нашае грамадства робіць выгляд, што такіх дзяцей няма. Людзям не хочацца думаць аб тым, што недзе есць тыя, каму не пашанцавала, хто, пераламаны біялогіяй свайго хворага арганізма, нават не можа ўзняцца з ложка, не можа нават сказаць аб сваім стане, але выдатна разумее, што з імі ўсё не так, як трэба. А галоўнае, яны разумеюць, што недзе павінны быць блізкія людзі, якія дапамогуць — тата з мамай, але іх няма. Большая частка дзетак — «адмоўнікі».

Другі шок — калі дзеці бачаць валанцераў. Гэта смех, крык, бег да іх. З тымі, каго дзеці бачаць першы раз, — усмешкі, з тымі, каго ведаюць добра, — абдымкі. Потым усе мы сядаем за састаўленыя ў сталовай сталы і пачынаюцца забавы. Гэта «расфарбоўкі», пластылін, проста маляванне. І самае смешнае — мыльныя бурбалкі.

Трэці шок — калі праз пяць хвілін гульняў пачынаеш разумець, што гэта звычайныя дзеці, якія ўсміхаюцца, радуюцца, хвалююцца. Так, камусьці з іх за дваццаць, але якая карысць з ведання гэтага? Так, іхнія хваробы загубілі інтэлектуальны ўзровень, але ўнутры кожнага з іх ёсць хрысціянская «душа», ці будыйскі «розум», ці індыйскі «атман», які хоча шчасця, гэтак жа, як і ў нас.

І мы здольныя падарыць ім шчасце. Перад першай паездкай я ўсё выпытваў у больш дасведчаных, што ад мяне патрабуецца: можа, спецыяльныя веды, можа, інструктаж які прайсці — мне адказвалі, што патрэбна толькі мая прысутнасць. Так яно і атрымалася. То бок увогуле нічога не трэба — толькі прыязджай і «тусі» там з дзецьмі.

У інтэрнаце больш за трыста дзяцей, а нас — валанцёраў — менш за дзесяць чалавек. Мы не можам ахапіць усіх, прыязджаючы раз на тыдзень. Таму заклікаю: далучайцеся да нас! Разам мы зможам зрабіць значна больш. Вельмі не хапае хлопцаў. Сярод дзяўчын гайсаю як паўлін. Жонка ўся знервавалася. Пастаўцеся з разуменнем.

+375 29 188-74-15 Алена
+375 29 105-91-25 Аляксей

Сайт, Фэйсбук, Укантакце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0