13.03.2018 / 10:33

Чэмпіёнка Паралімпіяды: Саромеюся насіць акуляры! Добра, што ёсць лінзы -12 2

Святлана Сахоненка першай з беларусаў заваявала залаты медаль Паралімпіяды ў Пхёнчхане. Яна перамагла ў лыжнай гонцы на 15 кіламетраў вольным стылем сярод атлетаў з кепскім зрокам. Шмат гадоў таму Святлана трэніравалася разам са звычайнымі спартсменамі, але праблемы са здароўем паставілі крыж на кар’еры. Амаль выпадкова праз 6 гадоў яна вярнулася ў спорт усяго за год да стартаў у Пхёнчхане, і з першага ж заваявала золата. А таксама выйграла бронзу ў біятлоне.

«Я задаволеная кожным сваім медалём, залатым асабліва. Таму што гэта самая найвышэйшая ўзнагарода, якую можа атрымаць любы спартсмен, які да нечага імкнецца», — жвава адказвае Святлана на віншаванні.

Пра вяртанне ў спорт, праблемы са здароўем, свой аптымізм, а таксама пра тое, наколькі складана з кепскім зрокам ехаць па лыжні і страляць па мішэнях — Еўрарадыё распытала саму Святлану Сахоненка.

У біятлоне страляем вушамі. Умець канцэнтравацца на гуку таксама вельмі складана, і не лягчэй, чым вачыма

 

Еўрарадыё: Не ўсе да канца разумеюць, як адбываюцца гонкі сярод людзей са слабым зрокам, асабліва ў біятлоне. Патлумачце, як вы едзеце па трасе з памочнікам, як страляеце з кепскім зрокам?

Святлана Сахоненка: Гайд — гэта мае вочы, гэта чалавек, які вядзе мяне па дыстанцыі, які кажа, як праходзіць спускі, бо часам няроўнасці ўсе нябачныя, і гэта складана. Калі мы прыязджаем на стрэльбішча, усё адбываецца па гуку. Мы апранаем навушнікі. І спачатку ідзе гук, які перарываецца, «тук-тук-тук», а потым, як толькі ты наводзіш бліжэй да мішэні, тады пачынаецца бесперапынны гук, і чым бліжэй да цэлі, тым ён танчэйшы. І мы страляем. То бок, страляем вушамі. Умець канцэнтравацца на гуку таксама вельмі складана, і не лягчэй, чым вачыма.

Еўрарадыё: Вы займаліся лыжамі ў агульнай групе, а потым у вас пачаліся праблемы са зрокам. Што здарылася?

Святлана Сахоненка: Прычыну дагэтуль не могуць высветліць. Зрок паціху пачаў падаць, і дактары проста не прасачылі момант. Спачатку казалі: «Блізарукасць, ай, гэта ёсць у кожнага другога», але паступова гэта перарасло ў сур'ёзную праблему. Гэта немагчыма растлумачыць. Падзенне зроку ідзе незразумела адкуль і чаму, але з кожным годам горш.

Еўрарадыё: Маеце магчымасць лячыцца? Магчыма, перамога на Паралімпіядзе фінансава паспрыяе гэтаму?

Святлана Сахоненка: Калі не ведаеш, ад чаго лячыць, даводзіцца падтрымліваць той зрок, які ёсць, каб ён далей не пагаршаўся. Нешта дапамагае, нешта не — змяняем. У мяне вельмі добрая доктарка, якая лечыць мяне ў клініцы пры прэзідэнце, іншага я жадаць не магу. Але нічога мы зрабіць не зможам, бо прыроду не падманеш.

Я спрабую не паказваць сябе інвалідам і хаваць свае недахопы, як зрок. Я не хаджу з палкай, хаця часам можа яна і патрэбная

 

Еўрарадыё: Наколькі ўвогуле складана жыць з такім зрокам як у вас? Кніжкі атрымліваецца чытаць?

Святлана Сахоненка: Мне вельмі складана ў апошні час чытаць увогуле — максімум я магу гэта рабіць 10 хвілін. Я не магу працаваць за камп'ютарам больш за 15 хвілін, бо стамляюцца вочы: пасля гэтага я паўгадзіны адпачываю, а потым зноў 15 хвілін працую. Я вельмі люблю чытаць, але ў мяне няма такой магчымасці — вочы напружваюцца ўмомант і пачынае балець галава. Я хаджу ў лінзах -12. Дзякуй Богу, што ў цяперашнім свеце ёсць магчымасць рабіць лінзы, бо я вельмі саромеюся насіць акуляры. Увогуле я спрабую не паказваць сябе інвалідам і хаваць свае недахопы, як зрок. Я не хаджу з палкай, хаця часам можа яна і патрэбная. Я лепш урэжуся, але буду з годна паднятай галавой паказваць, што я ўсё бачу, я нармальная, я проста не заўважыла. Тое самае і людзі на вазках, з адной рукой, з адной нагой — ніколі ў жыцці не пакажуць свайго недахопу. Кожны раз я саначніку кажу: «Ой, давай я табе дапамагу». А ён кажа: «Не трэба, ўсё нармальна, я сам». І гэта «я сам» натхняе быць добрым і цаніць тое, што ў цябе ёсць.

Еўрарадыё: З-за праблем са зрокам вы завязалі са спортам і 6 гадоў нідзе не выступалі. Чаго раптам вырашылі вярнуцца?

Святлана Сахоненка: Так, я сапраўды больш не збіралася займацца лыжамі. Хіба што для сябе магла паўдзельнічаць у аматарскіх спаборніцтвах, напрыклад, выступала за ўніверсітэт, але не трэніравалася ўвогуле. Не планавала ўвогуле вяртацца ў спорт. Але была такая дзяўчынка-гайд у Ядвігі Скарабагатай (самая дасведчаная беларуская паралімпійка, якая сёлета ўдзельнічае ў Гульнях ужо ў 6-ы раз — заўв. Езрарадыё ) — Ірэна Франовіч. Яна кажа: «Давай паспрабуем». Я адмаўлялася, але яна мяне ў выніку ўгаварыла, і так атрымалася, што дзякуючы ёй я вярнулася. Зноў ўдыхнула ўвесь гэты драйв, драйв спорту, хуткасці і лыжаў. Лыжы я люблю, напэўна, больш за ўсё ў сваім жыцці. Гэта маё.

Еўрарадыё: Аднак на лыжах вы не спыніліся, зачапілі яшчэ і біятлон, прычым выйгралі «бронзу»!

Святлана Сахоненка: Гэта сама па сабе вельмі цікавая дысцыпліна, яна непрадказальная. І было вельмі цікава паспрабаваць сябе, гэта як другі від спорту. То бок, лыжы лыжамі — гэта я ўмею і ведаю, што гэта маё, але глядзіш на Дашу Домрачаву, і хочацца сябе адчуць біятланісткай. І я часам ўяўляю, што таксама так магу, як Даша.

Еўрарадыё: А вы з Дар'яй сустракаліся калі-небудзь, размаўлялі пра гэта?

Святлана Сахоненка: Не, ніколі, не атрымлівалася сустрэцца.

Еўрарадыё: У біятлоне ў вас кумір Дар'я Домрачава. А ў лыжных гонках ёсць чалавек, які вас натхняе?

Святлана Сахоненка: З замежных спартсменаў мне вельмі падабаецца Юстына Кавальчык. Не магу сказаць, што гэта мае куміры. Гэта людзі, якія паказваюць вынік, і на іх хочацца раўняцца.

1 студзеня 2017 года я стала на лыжы, а 10 студзеня, калі прайшла камісію, пачала планаваць сваё жыццё са спортам

Еўрарадыё: Многія лаялі нашу алімпійскую лыжную зборную з-за кепскіх вынікаў, маўляў, паехалі проста так. У той жа час мы бачым, што паралімпійскія спартсмены заваёўваюць медалі. Чаму здаровыя лыжнікі і лыжніцы не могуць паказаць такі ж вынік, які паказваеце вы?

Святлана Сахоненка: Я там не была, не ведаю, што адбываецца ўнутры каманды і як трэніруе іх трэнер. Таму я нават не маю права неяк казаць пра тое, якія ў іх зборы, фінансаванне і гэтак далей. Магу расказаць толькі пра сваё. У мяне ад пачатку было вельмі добрае фінансаванне, нягледзячы на тое, што я толькі вярнулася. Мне аплацілі паездку на камісію, зрабілі збор, хаця я яшчэ не была ў нацыянальнай камандзе. Тое, што на этапе кубка свету быў паказаны вынік, гэта, натуральна, натхніла дзяржаву далей працаваць на мяне, каб даць мне магчымасць выступаць. У той жа час я ў самай сярэдзіне сезона з'явілася, а звычайна ў нас усё плануецца загадзя. Але яны знайшлі магчымасць мяне правесці, далі магчымасць падрыхтавацца — у мяне было 18 дзён на гэта.

Еўрарадыё: То бок, за 18 дзён да чэмпіянату свету вы вырашылі вярнуцца ў спорт?

Святлана Сахоненка: Так! 1 студзеня 2017 года я стала на лыжы, а 10 студзеня, калі прайшла камісію, пачала планаваць сваё жыццё са спортам. Атрымліваецца, што я выступіла на этапе кубка свету, нам далі збор 18 дзён і пяць дзён пераездаў, і мы пачалі выступаць на чэмпіянаце свету. Там я бегла толькі дзве гонкі, бо на большае была не гатовая. У выніку стала трэцяй у спрынце, другой на 7,5 км, а таксама мы ўзялі бронзу ў эстафеце.

Еўрарадыё: Чым вы займаецеся ў звычайным жыцці? Працуеце і займаецеся толькі спортам?

Святлана Сахоненка: Да спорту я працавала ў двух месцах: у цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі, гатэль «Губернскі», там я была адміністратарам. Другая праца была ў дзіцячым цэнтры — я была дырэктарам танцавальна-спартыўнай дзіцячай студыі. А цяпер я спартсмен, так!!! Я паўнавартасны спартсмен-інструктар, які працуе ў Цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі.

Еўрарадыё: Якія яшчэ старты чакаюць у Пхёнчхане?

Святлана Сахоненка: Наперадзе дзве мае самыя галоўныя дыстанцыі — спрынт, 7,5 км, а таксама эстафета.

1
Zorro / Адказаць
13.03.2018 / 11:21
Якая прыгожая! Посьпехау!
3
Баба з возу / Адказаць
13.03.2018 / 11:53
У мяне -13 и я не инвалид па зроку. Нашу акуляры -8. Хаджу без палки. Што са мной не гэтак?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру