14.03.2018 / 10:23

Старшыня Беларускага саюза мастакоў: Так нізка, як у кліпе Галыгіна, беларусаў яшчэ не апускалі 211

Меркаванне Рыгора Сітніцы пра нашумелы кліп гурта «Ленінград» з'явілася на сайце саюза.

З вялікай прыкрасцю ды агідай паглядзеў у сеціве відэакліп Вадзіма Галыгіна і гурту «Ленинград», якім гэтыя «прикольные пацаны» павіншавалі жанчын з прыгожым святам. Нават і не прыгадаю, калі яшчэ нас, беларусаў, так нізка апускалі. Алкашы, дэбілы, дэграданты, прыдуркі з трасянковай лексікаю алігафрэнаў, якая перакладаецца ў цітрах на «правильный высококультурный язык». І ўся гэтая падвальна-гаражная брыдота суправаджаецца базарна-бардэльным хорам тутэйшых лярваў з прыпевам «хочацца мужыка, лезе ў трусы рука…». А дырыжыруе гэтаю гідотай народны, здавалася б, артыст Ярмоленка, а на падпеўках — наша бізнес-women Грыбалёва. Што й казаць, дыхтоўны ўнёсак у творчую біяграфію.

Вось такімі нас, беларусаў, бачаць маскоўскія «шнуры» ды іх тутэйшыя лёкаі, гатовыя за тры панскія капейкі патаптацца па ўласным гонары, якога, падобна, няма, а можа ніколі й не было. Ды каб толькі па ўласным, то й хай сабе, але ж патапталіся яны па нацыянальным гонары кожнага з нас, незалежна ад таго, усведамляе гэта хто, ці не. Баюся, што большасць тутэйшых палічыць гэта проста «классным приколом», прынамсі «tut.by» ды «Наша Ніва» на сваіх старонках у інтэрнеце не прамарудзілі ўслужыць вясёламу «барину».

Спрабую, ды ніяк не выходзіць уявіць, што гэткае нешта Шнур з дапамогаю тамтэйшых «приколистов», зняў бы, скажам, пра літоўцаў, палякаў, латышоў, азербайджанцаў, а тыя хуценька перапампоўвалі б «прикол» на свае старонкі, каб як найболей «лабусаў», «азераў» ды «пшэкаў», пасмакавалі той плявок. Не думаю, што гэткае магчыма. А намі спадарства, як бачым, можна падцерціся, а мы яшчэ і ўсцешыліся: «ах, как прикольно!». Бо ўжо зараз «tut.by» заклікае на канцэрты адэпта расійскага брыдкаслоўя гурта «Ленинград», якія адбудуцца ажно ў кастрычніку. Служым «барину» і прагнем, каб ён наваліў на нас яшчэ болей.

Той, хто дазваляе называць сябе быдлам, відаць, таго й заслугоўвае, а той, хто робіць выгляд, што плявок у вочы — гэта Божая раса, хай па-халопску ўціраецца ды яшчэ й падзякуе за смачны плявок, які, аказваецца, усяго толькі «классный прикол». Ну а тыя, хто хамства называе хамствам, а дэманстратыўную абразу — абразай, маюць усе шанцы быць запісанымі ў «колхозники» і «курицы», таму што з-за сваёй цемнаты і тупасці назаўсёды засталіся ў мінулым стагоддзі і не разумеюць вытанчанага гумару. «Ну куды нам да нашых землякоў, прасунутых у маскоўскую гламурную тусню?»

Чытайце таксама: Жонка Галыгіна пра рэакцыю на кліп: Непрыгожыя курыцы без дзяцей і мужоў абсмоктваюць гумар, які ім не зразумець!

Можна было б паразважаць над прыродай тутэйшага плебейства ды самааплёўвання й заніжанага нацыянальнага імунітэту, але зараз не пра гэта. Зараз мне хацелася б пачуць адпаведнае рэагаванне ад Міністэрства культуры ды Міністэрства інфармацыі нашай краіны. Бо хто, як не яны мусяць дбаць пра вобраз нацыі ў вачах тых, што клянецца ў вечнай любові й братэрстве.

Прыгадалася раптам, як колькі гадоў таму нейкая камісія на чале з М.І. Чаргінцом забараняла канцэрты сусветна знакамітага нямецкага гурта «Rammstein». Во дзе, сапраўды «прикольно».

P.S. Зашмат было б гонару для былых гламурных беларусаў палемізаваць з імі, тым больш даўно ўжо не страшна быць імі залічаным у рэтраграды ды «колхозники», што цалкам пазбаўленыя пачуцця гумару ды самаіроніі. Ну тут справа ў якасці гумару: адна справа — Жванецкі ці, нават нашы Саша і Сірожа, другая — шнуры з галыгінымі. А галоўнае — самы час прыгадаць беларусам, што калісьці наш народ меў да 7% шляхты, жыццёвым прынцыпам і лозунгам якіх быў кліч «Гонар маю!»

Жыве Беларусь!

296
ВСК "Ваўкалак" / Адказаць
14.03.2018 / 10:24
Проще надо быть, товарищ
255
ром / Адказаць
14.03.2018 / 10:29
блин ну смешно!! марсианин спустился с небес)) 
сами беларусы себя такими и сделали

63
111 / Адказаць
14.03.2018 / 10:32
Цалкам згодны.
Паказаць усе каментары/ 211 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру