Напярэдадні ўступлення ў сілу рэвалюцыйнага дэкрэта №8 аб лічбавізацыі эканомікі колькасць рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій вырасла адразу на чвэрць. Як паведамілі ў ПВТ, 13 сакавіка 2018 года назіральная рада ПВТ прыняла рашэнне аб рэгістрацыі ў якасці рэзідэнтаў адразу 46 новых кампаній, перадае партал TUT.BY.

За год, які прайшоў з лёсавызначальнага візіту Лукашэнкі да айцішнікаў і прызначэння новага кіраўніка ПВТ, колькасць рэзідэнтаў ПВТ вырасла на 88 кампаній — да 238 рэзідэнтаў. Эксперты адзначаюць: ужо цяпер можна сказаць, што асцярогі наконт таго, што ПВТ стане «пясочніцай для абраных», не пацвярджаюцца, сярод новых рэзідэнтаў нямала стартапаў, якія атрымліваюць шанец скарыстацца ўсімі перавагамі дакумента.

Як растлумачылі ў ПВТ, большасць кампаній-пачаткоўцаў створана нядаўна і арыентуюцца ў сваіх бізнэс-планах «на прапанаваныя дэкрэтам № 8 дакладныя і празрыстыя ўмовы працы ІТ-галіны». «Ёсць сярод прынятых і кампаніі, якія раней ўстрымліваліся ад ўступлення ў ПВТ, але дэкрэт №8 змяніў іх меркаванне і падштурхнуў уступіць у Парк — 12 з 46 новых рэзідэнтаў створаны да 2016 года», — удакладнілі ў адміністрацыі Парка.

«Свет змяняецца як ніколі хутка. Гісторыя паскараецца. Таксама паскараецца і гісторыя беларускага ПВТ. За два месяца ў ПВТ прынята амаль 50 кампаній, у той час як за першыя 12 гадоў яго існавання — 150. Сёння ў ПВТ улілася вялікая колькасць моладзі. Дзверы ПВТ расчыненыя як ніколі шырока. Для развіцця беларускага IT патрэбныя кампаніі, якія жадаюць не проста рабіць нешта на 10% лепш, чым іншыя, а людзі з амбіцыямі рабіць нешта ў 10—20 разоў лепш за каго б то ні было на планеце. Віншую ўсіх з уступленнем!» — пракаментаваў вядомы беларускі IT-прадпрымальнік Віктар Пракапеня.

Больш за палову пачаткоўцаў ПВТ, 25 кампаній, створаны з прыцягненнем замежных інвестыцый. Да прыкладу, ТАА «МэпДэйта» з'яўляецца цэнтрам распрацоўкі кампаніі Mapbox (ЗША), якая стварыла адну з вядучых сусветных платформаў для вызначэння месцазнаходжання, картаграфавання і праектавання ў рэжыме рэальнага часу. Нядаўна Mapbox атрымала 164 млн даляраў інвестыцый ад найбуйнейшага ў свеце фонду SoftBank Vision. У якасці рэзідэнта ПВТ кампанія плануе распрацоўку праграмнага забеспячэння па распазнанні дарожнай абстаноўкі з выкарыстаннем тэхналогій камп'ютэрнага гледжання і машыннага навучання.

Асобна варта адзначыць і прыход у ПВТ расійскага гіганта — Mail.Ru Group: як патлумачыў TUT.BY кансультант праекта адвакат Дзяніс Алейнікаў, зарэгістраваная кампанія «Ігро Тэк» — гэта беларускі цэнтр распрацоўкі гульнявых праектаў інтэрнэт-гіганта Mail.Ru Group.

У ПВТ распавялі, і як спрацавала стаўка на прадуктовыя кампаніі: іх колькасць у ПВТ рэзка вырасла, 8 новых рэзідэнтаў сканцэнтраваны на стварэнні ўласных прадуктаў, а 21 — рэалізуе змешаную бізнэс-мадэль, якая спалучае стварэнне ўласных прадуктаў з распрацоўкай праграмнага забеспячэння на заказ.

Як адзначыў дырэктар ПВТ Усевалад Янчэўскі, «мы бачым, што беларускі Парк высокіх тэхналогій рэальна становіцца адным з сур'ёзных еўрапейскіх цэнтраў у галіне тэхналогій штучнага інтэлекту і машыннага навучання».

Сярод кірункаў дзейнасці новых рэзідэнтаў:

— распрацоўка праграмнага забеспячэння ў сферы штучнага інтэлекту (нейронавыя сеткі, машыннае навучанне, камп'ютарны зрок) і дапоўненай рэальнасці — кампаніі «Вонабай», «Камера Ферст Дэвелапмент», «Каноэ», «Твістэлар» і інш.;

— распрацоўка ПЗ у сферы збору, апрацоўкі, аналізу вялікіх аб'ёмаў дадзеных (BigData) — кампаніі «БД Тэхналогіі», «Спіраль Скаўт»;

— распрацоўка праграмна-апаратных комплексаў у сферы інтэрнэту рэчаў — «Кліку Тэк»;

— распрацоўка ПЗ у сферы дакладнага земляробства — «УанСоіл».

«Асобна варта адзначыць прыход у ПВТ яшчэ 5 рэзідэнтаў, чыя дзейнасць звязана не толькі з праграмным, але і апаратным забеспячэннем — «Клэвэтура», «ВРТЭК», «Кліку Тэк», «Сіркьют Інжынірынг Техноладжыз», «Софтмакс Сістэмы тэлеметрыі». Многія новыя рэзідэнты арыентаваныя не толькі на экспарт, але і на працу на ўнутраным беларускім рынку — «ВайсВеб», «Інтэрмех», «Сэрвіс-партнёр», «Софтмакс Сістэмы тэлеметрыі», — гаворыцца ў паведамленні.

Як раней паведамлялася, дэкрэт № 8, якім у Беларусі ствараюцца асаблівыя ўмовы для развіцця IT-сферы, уступае ў сілу 28 сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?