Сёньня раніцай Эўрапейскі парлямэнт ухваліў рэзалюцыю па Беларусі.
Праект быў падрыхтаваны і ўнесены на разгляд пяцьцю фракцыямі Эўрапарлямэнту. Ён быў ухвалены абсалютнай большасьцю галасоў. «За» прагаласавалі 597 дэпутатаў, «супраць» — 31.
У рэзалюцыі Эўрапарлямэнт заклікае выканаўчыя органы Эўразьвязу спрасьціць працэдуру атрыманьня эўрапейскіх візаў для грамадзян Беларусі, а таксама прыпыніць візавыя санкцыі Эўразьвязу супраць некаторых беларускіх чыноўнікаў на паўгоду, каб за гэты час у Беларусі быў перагледжаны дыскрымінацыйны закон аб сродках масавай інфармацыі.
Пры гэтым прапанова прыпыніць візавыя санкцыі не датычыцца асоб, што ўдзельнічалі ў парушэньнях дэмакратычных выбарчых стандартаў і правоў чалавека.
У рэзалюцыі Эўрапарлямэнт вітае вызваленьне палітвязьняў Аляксандра Казуліна, Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча, а таксама называе ўмовы верасьнёўскіх парлямэнцкіх выбараў у Беларусі значна лепшымі, чым падчас выбараў 2004 і 2006 году. Пры гэтым, аднак, у рэзалюцыі выказваецца «глыбокае расчараваньне» тым, што ў Беларусі не адбылося дэмакратычных зьменаў, на якія спадзяваўся Эўразьвяз, і што, нягледзячы на невялікія паляпшэньні, выбары не адпавядалі стандартам Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе.
Эўрапарлямэнт таксама заклікаў беларускія ўлады правесьці сапраўды дэмакратычныя выбары ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі і для гэтага, сярод іншага, даць прадстаўнікам усіх партыяў доступ да выбарчых камісіяў на ўсіх узроўнях, а таксама скасаваць працэдуру датэрміновага галасаваньня, ці прынамсі забясьпечыць асобны падлік і запіс ў выбарчыя пратаколы галасоў з датэрміновага галасаваньня.
У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік да беларускага ўраду паважаць правы чалавека і для гэтага скасаваць шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія выкарыстоўваюцца для рэпрэсій, устрымацца ад перасьледу беларускіх студэнтаў, якія вучацца за мяжой пасьля выключэньня зь беларускіх ўнівэрсытэтаў за грамадзкую дзейнасьць, а таксама зьняць перашкоды на шляху рэгістрацыі няўрадавых арганізацый.