Адміністрацыя Заводскага раёна запрашае ўзяць удзел у грамадскім абмеркаванні горадабудаўнічага праекта дэталёвага планавання тэрыторыі ў межах вуліц Ангарскай — Байкальскай — ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны — завулка Балотнікава — вуліц Герасіменка — Несцерава. Гэта ўжо не першая карэкціроўка распрацаванага раней ПДП. Што прапануюць у гэты раз, даведвалася карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны».

Размяшчэнне шматкватэрных дамоў з убудаванымі аб'ектамі грамадскага абслугоўвання плануюць на вольнай тэрыторыі на скрыжаванні вуліц Арцёма і Чакаліна. Па планах архітэктараў, тут можна ўзвесці 8,4 тысячы м² жылля. Аднак, прааналізаваўшы запаўняльнасць найбліжэйшых устаноў адукацыі і ўлічваючы іх перапоўненасць, аўтары праекту заўважаюць: засваенне участкаў пад новае шматкватэрнае будаўніцтва наўрад ці магчыма ў найбліжэйшы час.

На свабодных участках або на землях, вылучаных раней гараджанам для агародніцтва, мяркуецца будаўніцтва новых катэджаў або комплексаў таўнхаўсаў. Зямлю звычайна рэалізуюць праз аўкцыёны. Якія ж пляцоўкі абраныя для гэтых мэтаў?

— У завулку Алтайскім паміж існуючымі дамамі №96 і 122 на вольнай тэрыторыі, якая прымыкае да ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны (пры ўмове асушэння гэтай тэрыторыі і комплекснага яе асваення);

— у межах вуліц Фучык — Баграны — завулка Балотнікава — вуліцы Ангарскай на вольнай тэрыторыі, раней прадугледжанай для размяшчэння аб'екта грамадскага харчавання, які тут аказаўся незапатрабаваным;

— у межах вуліц Фучык — Баграны — завулкаў Балотнікава і Багранага, дзе размешчана аўтастаянка № 80 ГА «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі» пры ўмове яе вынасу і комплекснага асваення пляцоўкі.

Таксама на тэрыторыях кварталаў сядзібнай забудовы вызначаны адзінкавыя ўчасткі для катэджнага будаўніцтва.

На вуліцы Несцерава на месцы былой дыспетчарскай станцыі ў перспектыве намечана ўзвесці шматфункцыянальны комплекс плошчай каля 5 тысяч м². Іншыя аб'екты грамадскага абслугоўвання прапануецца размясціць уздоўж асноўных жылых вуліц, пераважна на свабодных пляцоўках, якія прымыкаюць да сядзібнай забудовы.

Праектам намечана і будаўніцтва комплексу шматпавярховых гаражоў-стаянак з прыбудаванымі грамадскімі аб'ектамі на скрыжаванні вуліцы Алтайскай і завулка Балотнікава. Участак размешчаны на вольнай тэрыторыі і часткова на месцы сядзібаў № 222, 224 і 226а на вуліцы Алтайскай, якія прапануецца знесці. Масіў боксавых гаражоў ГСК «Гудок» і ГК «Паўночны-65» плануюць таксама замяніць шматпавярховымі паркінгамі, каб уладкаваць на гэтым месцы больш машына-месцаў. Аднак падобныя планы горадабудаўнікоў звычайна застаюцца толькі на паперы, паколькі не знаходзіцца кампаній, якія жадаюць займацца зносам боксавых гаражоў і наступным ўзвядзеннем на іх месцы паркінгаў.

Плануецца знос 69 прыватных дамоў, з іх 62 трапляюць пад перспектыўнае пашырэнне магістральных вуліц, 2 — пад будаўніцтва грамадскіх і 5 — камунальных аб'ектаў.

Грамадскае абмеркаванне пройдзе з 19 сакавіка па 12 красавіка. Прэзентацыя праекта адбудзецца 21 сакавіка ў 18:00 у сярэдняй школе №172 (вуліца Ахоцкая, 141). З праектнымі матэрыяламі можна азнаёміцца з 19 сакавіка па 2 красавіка ў адміністрацыі Заводскага раёна (служба «Адно акно»). Заўвагі можна пакінуць да 12 красавіка ў журнале для заўваг і прапаноў альбо накіраваць у адміністрацыю раёна з пазнакай «Грамадскае абмеркаванне» (паштовы адрас: 220026, г. Мінск, вуліца Жылуновіча, 17; электронны адрас: [email protected] ).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0