Усяго патроху1212

Амерыканец Джон, які пераехаў у Лідскі раён: «Жыццё ў ЗША крутое, але я не люблю мітусні»

У Ліду грамадзянін Амерыкі Джон Пінкевіч пераехаў некалькі гадоў таму. За гэты час звіў утульнае сямейнае гняздзечка ў аграгарадку Ёдкі: пабудаваў дом і абзавёўся трыма дзецьмі.

Ян Пінкевіч першыя свае 15 гадоў пражыў у Брэсце. У 1990 годзе яго сям'я эмігравала ў ЗША. Там ён атрымаў грамадзянства, а разам з ім і новае імя — Джон. Зараз жа называецца выключна па-нашаму — Ян. Пра мінулае жыццё ў ЗША і пра дзень сённяшні ў нашай краіне беларускі амерыканец распавёў карэспандэнту «Прынёманскіх вестак».

«У Чыкага палякаў ужо больш, чым у Варшаве»

Адразу сям'я Пінкевіч прыехала ў горад Ютыка, штат Нью-Ёрк. Там ужо жылі сваякі і бацькі, і маці. Але бацькам не спадабаўся гэты амерыканскі гарадок, і яны памянялі яго на прыгарад Чыкага. Тут аселі на найбліжэйшыя шэсць гадоў.

У Амерыцы бацька Яна паспеў толькі папрацаваць у італьянца, які займаўся выпечкай хлеба. Затым пайшоў на пенсію. Мама ўвесь час працавала ў шпіталі санітаркай у аперацыйнай.

— Ці адчуваў сябе замежнікам? Толькі спачатку. Амерыка — гэта ж суцэльныя эмігранты, кантраст нацый. У Чыкага жыве ўжо больш палякаў, чым у Варшаве, — кажа Ян. — Мову вывучыў хутка — маладым гэта лёгка даецца. Без праблем скончыў агульнаадукацыйную школу. Далей — два гады вучобы ў каледжы ў Чыкага на аўтамеханіка. Але па спецыяльнасці не працаваў. Уладкаваўся да расейскамоўнага прадпрымальніка, які займаўся аздабленнем фасадаў.

Паспрабаваў сябе Ян і ў ролі спартыўнага масажыста. Але ў Амерыцы гэта не выгадна.

— Масаж — задавальненне нятаннае. Амерыканцы ж грошы дарма не марнуюць. Асабліва ў Чыкага. Тут у першую чаргу ўкладаюць не ў сябе, а ў бізнэс, — працягвае суразмоўца.

«Калі ты не здаў нейкі навучальны прадмет, цябе не адлічаць»

Наступным «прыпынкам» Пінкевіча ў Амерыцы стаў горад Спокан, штат Вашынгтон. Ян пайшоў працаваць у шпіталь разам з мамай. Адукацыі спецыяльнай не патрабавалася, але праца не для слабанервовых.

— Я любіў «падглядаць» за аперацыямі. Некаторыя доўжыліся па 11 гадзін і больш. І дактарам ні ў якім разе нельга адлучацца. Таму яны працуюць у памперсах, — распавядае мой суразмоўца. — Затое дактары і атрымліваюць добра ў Амерыцы. Зарплата хірурга — 600 тысяч даляраў у год. А калі ён першакласны спецыяліст, то выходзіць 1,5—2 мільёна даляраў у год.

Ян таксама паспрабаваў атрымаць медыцынскую адукацыю. Але прыроджаная адсутнасць уседлівасці яго падвяла. Заваліў.

— Мне вельмі падабаецца амерыканская сістэма адукацыі, — кажа Ян. — Калі ты не здаў нейкі прадмет, гэта не страшна. Цябе не адлічаць, але ты павінен браць зноўку гэты курс і праходзіць яго з нуля. Але я далей спрабаваць не стаў. Зразумеў, што медыцына — гэта не маё.

«У Амерыцы вельмі лёгка адкрыць свой бізнэс»

І зноў змена месца жыхарства — горад Ванкувер.

— Тут пачаў свой бізнэс, але не самастойна, а, як кажуць амерыканцы, franchise — «пад дахам», пад існуючым ужо імем, — распавядае Ян. — Заключыў кантракт з даволі вялікай і вядомай клінінгавай кампаніяй, зрабіў першы ўнёсак — 12 тысяч даляраў — і прыступіў да працы. У ЗША такая тэндэнцыя: калі ты адкрываеш бізнэс самастойна — 90% станеш банкрутам, а франчайзінг — гэта 90% поспеху.

У асноўным Ян займаўся прыборкай офісаў. 17% прыбытку даводзілася аддаваць. За дрэнна выкананую працу кантракт маглі скасаваць. Але яго шанавалі, прапаноўвалі вялікія і самыя адказныя аб'екты.

— Наогул, у Амерыцы вельмі лёгка адкрыць свой бізнэс. Сістэма падаткаў лаяльная, яна накіравана на развіццё малога бізнэсу: калі нічога не зарабіў, дзейнасць не абкладаецца падаткам, — працягвае мужчына. — У прынцыпе, першыя пяць гадоў я наогул не плаціў падатак. Я закупіў інвентар, хімічныя сродкі, мыйныя машыны — гэта лічылася і ўкладаннямі, і выдаткамі на найбліжэйшы перыяд.

У бізнэса Яна былі перспектывы, на яго працавала яшчэ некалькі чалавек. Сам падпрацоўваў у дадатак на будоўлі. Але аб далейшым развіцці не думаў, задавальняў сябе тым, што ёсць.

— Не люблю мітусні, — неаднаразова падчас размовы падкрэслівае Ян. — Хапае грошай — і добра. Мне бліжэйшы мерны лад жыцця.

«Калі б вярнуўся, то толькі ў Фларыду»

Аднойчы Ян прыехаў у госці да сяброў у Фларыду. І застаўся. У першую чаргу з-за прыроднай прыгажосці. Акіян, кіты, цудоўны пляж…

— А яшчэ там вельмі шмат рыбы. З сябрам вельмі любілі на лодках рыбачыць: возьмем з сабой электраплітку, наловім і проста на месцы гатуем, — успамінае былы амерыканец. — Калі б вярнуўся ў Амерыку, то толькі ў Фларыду. Можа, складаней з працай, але што-небудзь прыдумаў бы. Гэта спакойны горад, дзе пражывае больш тых, хто ўжо на пенсіі.

Пра асабістае жыццё мужчына думаў і ў Амерыцы. Прыглядаўся, але неяк ні да каго не ляжала душа.

— Жыццё ў ЗША крутое. Многія рускія там вельмі добра жывуць, свой бізнэс маюць. Зразумела, што і дзяўчаты хацелі мужчыну са статусам. А я не імкнуўся да высокага ўзроўню жыцця, — тлумачыць мой суразмоўца. — Трэба было б пастаянна падтрымліваць стандарт: Івановы купілі канапу — і нам трэба, яны купілі «Мерседэс» — і я павінен. А бацькі мяне навучылі жыць для сябе, а не для людзей.

Ажаніцца? Толькі з беларускай!

«Амерыканкі амерыканкамі, але ў жонкі трэба сваю, беларуску, браць. Мы табе ўжо знайшлі нявесту, — сказалі цёткі з Брэста. — Давай, прыязджай».

І Ян узяў білет у Беларусь. Праўда, цяперашняя жонка Ірына аказалася не з прэтэндэнтак сваячак. Будучую жонку мужчына абраў сабе сам. Адпачываючы ў кампаніі сяброў, адразу вока паклаў на сімпатычную незнаёмку. Закахаўся…

— Мне было ўжо 36 гадоў. Да пытання стварэння сям'і падыходзіў сур'ёзна. А ў Ірыне ўбачыў і жонку, і маму будучых дзяцей, — кажа Ян. — 26 студзеня 2013 года. Брэст. Мароз —19° С. А ў нас вяселле. Затым незабыўны мядовы месяц у Шры-Ланцы.

Ліду ўбачылі ў УouТube

У Ліду маладая сям'я Пінкевічаў пераехала ў першы ж год жыцця. Ні Ян, ні Ірына раней тут не былі. Выбраць будучае месца жыхарства дапамог ролік пра Ліду ў YouTube.

— Знялі кватэру на Касманаўтаў, потым на Савецкай і планавалі сваё жыллё. Знайшлі добры ўчастак пад будаўніцтва ў Ёдках. За 6 месяцаў разам з памочнікам пабудаваў каркасны драўляны дом. У двары — атракцыёны для дзяцей, — распавядае Ян.

З дзецьмі зацягваць Пінкевічы не сталі. У лістападзе 2013-га нарадзіўся Елісей. У снежні 2014-га — дзяўчынка па імені Эстэр. Улетку 2017-га на свет з'явілася Ева.

Хутка сям'я абзавялася сябрамі і знаёмымі — шмат у чым дзякуючы захапленню галавы сям'і спортам. Ян шукаў, дзе пагуляць у Лідзе ў валейбол. Прыйшоў у спарткомплекс «Юнацтва», у спартзалу Лідскага каледжа. Так пачаліся першыя цесныя знаёмствы з лідчанамі. Сёння ён з задавальненнем гуляе ў валейбольнай камандзе, створанай у Ёдках.

Ян — грамадзянін Амерыкі, у Беларусі ў іх аформлена толькі часовае знаходжанне. Таму ўладкавацца на пастаянную працу не можа. Але ўкладзеныя калісьці ў Амерыцы грошы ў нерухомасць сёння даюць свае працэнты і дазваляюць жыць не горш, чым усе.

— Галоўнае для мяне — сям'я. Мы з жонкай вельмі любім дзяцей. Шмат часу праводзім разам. Вядома, сумую па сваіх родных. У Амерыцы засталася вялікая сям'я: мама, у старэйшага брата шасцёра дзяцей, адна сястра зараз цяжарная шостым, у іншай сястры — чацвёра дзяцей, у другога брата — трое і ў малодшага — шасцёра. Таты, на жаль, не стала 3 гады таму. У Амерыку жонку і дзяцей вазіў, але пераязджаць туды не збіраемся. Нам падабаецца ў Беларусі, у Лідзе, у Ёдках… Тут жыццё таннейшае, спакайнейшае. Мы знайшлі свой райскі куток на зямлі, — падсумоўвае Ян Пінкевіч.

Каментары12

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Палітвязень расказаў, як звычайныя крымінальнікі аб’явілі галадоўку, каб палепшыць умовы ўтрымання палітычных

Палітвязень расказаў, як звычайныя крымінальнікі аб’явілі галадоўку, каб палепшыць умовы ўтрымання палітычных

Усе навіны →
Усе навіны

Латушка: Круглы стол з Лукашэнкам немагчымы26

У Літве знайшлі беспілотнік, што заляцеў з Беларусі. Вось як ён выглядае2

Пошукава-выратавальныя работы ў Кіеве завершаны: загінуў 31 чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей

«Самае старое» дзіця ў свеце нарадзілася з эмбрыёна, які быў замарожаны 30 гадоў таму3

Стала вядома, колькі беларусаў атрымалі ўкраінскае грамадзянства, а колькі іх выдварылі з краіны5

А вы ведалі, што ў Мінску працуе «Донер Трамп»? Што там прапануюць?2

Лукашэнка сёння ляціць у Расію13

«Я гатовая стаць міністрам эканомікі Беларусі». Новы твар у Кабінеце Аліса Рыжычэнка — пра карупцыю на карысць Лукашэнак, Зарэцкую і рэформы76

Выйшаў на свабоду медыяменеджар і былы футбаліст Сяргей Капанец1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Палітвязень расказаў, як звычайныя крымінальнікі аб’явілі галадоўку, каб палепшыць умовы ўтрымання палітычных

Палітвязень расказаў, як звычайныя крымінальнікі аб’явілі галадоўку, каб палепшыць умовы ўтрымання палітычных

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць