14.03.2018 / 17:29

Нобелеўскі раман Імрэ Кертэса — у «Галіяфах»

«Страчаны лёс» — першая кніга вугорскага пісьменніка Імрэ Кертэса, якая ў 2002 годзе прынесла аўтару Нобелеўскую прэмію «за творчасць, у якой крохкасць асобы супрацьпастаўляецца варварскаму дэспатызму гісторыі».

Раман шмат у чым аўтабіяграфічны. Аўтар, як і галоўны герой кнігі, быўшы габрэем-падлеткам, падчас вайны трапіў у Аўшвіц (Асвенцім), а потым у Бухенвальд. Але гэты раман уражвае не так апісаннямі жахаў і пекла канцлагераў, як незвычайнай інтанацыяй аповеду, пазбаўленай пафасу і празмерных эмоцыяў. Галоўны герой кнігі па-дзіцячы наіўна ўспрымае ўсё, што з ім адбываецца, намагаецца прыстасавацца да варункаў канцлагера, асвоіцца з дадзеным яму лёсам.

У 2005 годзе паводле гэтага рамана быў зняты фільм, сцэнарыстам якога стаў сам Імрэ Кертэс. Слоган фільма — «Ты можаш заплюшчыць вочы. Ты можаш адвярнуцца. Але ты ніколі не забудзеш».

Калі Імрэ выступаў са словам на нобелеўскай цырымоніі, ён распавёў пра такі выпадак: «Пакуль я рыхтаваўся да гэтай гаворкі, здарылася адна надзвычайная падзея, і яна ў некаторай ступені аднавіла маю душэўную раўнавагу. Я атрымаў па пошце вялікі карычневы канверт. Адпраўніком значыўся дырэктар мемарыяльнага комплексу «Бухенвальд» доктар Фолькхард Кнігэ. Разам з ласкавымі віншаваннямі ў пакеце быў яшчэ адзін, невялікага памеру, канверт, пра які на выпадак, калі ў мяне не стане сіл ускрыць яго, доктар Кнігэ напісаў мне асобна. У канверце ляжала копія штодзённай зводкі пра асабовы склад лагера па стане на 18 лютага 1945 года, дзе ў графе «Abgang», што значыць «змяншэнне», я прачытаў пра смерць вязня № 64921 Імрэ Кертэса, 1927 года нараджэння, габрэя, заводскага рабочага. Ілжывыя звесткі пра год нараджэння і род заняткаў трапілі ў лагерную статыстыку не выпадкова: калі ў канторы Бухенвальда запісвалі мае дадзеныя, я дадаў сабе два гады, каб не трапіць у катэгорыю дзяцей, і назваўся працоўным, а не навучэнцам, каб яны злічылі мяне карыснейшым.

Так што аднойчы я ўжо памёр — памёр для таго, каб выжыць. Пэўна, гэта і ёсць мая сапраўдная гісторыя».

Раман «Страчаны лёс» быў перакладзены на беларускую мову ў 2012 годзе Святланай Рогач, выдалі кнігу «Галіяфы».

Набыць кнігу можна на сайце выдавецтва ці ў кнігарні на Нямізе, 3 (цокальны паверх, бокс 47).

Яўгенія Барысевіч

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру