15.03.2018 / 22:42

Ці можа саламяны брыль уратаваць у мароз ВІДЭА 11

Праграма «Вяскоўцы» не забаўляецца на сталічнай тусоўцы. Яе вядоўца Віктар Шукеловіч гэтым разам трапіў на парог да народнага майстра Уладзіміра Ціханоўскага, які займаецца пляценнем з саломы. Спадар Уладзімір паходзіць з-пад Мсціслава, але ўжо каля 50 гадоў жыве ў вёсцы Рачэнь Любанскага раёну.

Майстар распавёў Віктару пра гісторыю сваёй сям’і: ягоны бацька паходзіў са шляхты, а маці была з сялянаў, таму не ўсе бацькавы родзічы прыхільна паставіліся да яго шлюбу, але, як кажуць, — «сэрцу не прыкажаш». Праўда, спадар Уладзімір з часоў дзяцінства найбольш узгадвае сваю бабулю Лукер'ю, пры якой быў «як хвосцік». Менавіта бабуля навучыла малога Уладзіміра плесці рэчы з саломы і перадала яму веданне старых песень. Некаторыя з гэтых песень майстар не можа спяваць без слёзаў.

Вядоўца таксама высвятляў у Рачэні, ці можа саламяны брыль уратаваць у мароз; што раней рабілі, каб хутчэй прыйшла вясна; якая вясковая «тэрапія» дапамагае спадару Уладзіміру лепей пачувацца; як можна праверыць, ці нашая выбранніца або выбраннік нас сапраўды кахае?

Спадар Уладзімір адзначыў таксама, што вельмі любіць беларускую мову і стараецца яе ўсяляк папулярызаваць на імпрэзах, якія ён вядзе. На падставе свайго досведу майстар склаў нават вершаваны твор: «Заспяваў я на вяселлі песню маці, нейкі хлюст мне кажа: может хватит?» Якое заканчэнне мае твор і што спадар Уладзімір кажа пра сапраўднае каханне — глядзіце ў «Вяскоўцах» з Віктарам Шукеловічам.

0
Галіна / Адказаць
15.03.2018 / 22:52
Увесь дзень чакала "Вяскоўцаў". Глядзела, плакала і ўсміхалася. Дзякуй "Нашая Ніва" за такія цудоўныя матэрыялы. Хай вам Бог  аддзячыць!
0
Мікола / Адказаць
15.03.2018 / 23:26
Вельмі люблю перадачы Віктара, што падабаецца - далікатнасць, ніколі не перабівае героя перадачы, вельмі ў важліва ставіцца да суразмоўцы. Але і не тупіць, можа трапна ў патрэбны момант слоўца ўставіць. Гэта рэдкі талент.
0
Літвін-БЕЛАРУС / Адказаць
16.03.2018 / 04:58
Майстра  ёсць у Рачэнь -вёскі :
Гэта - Ладзік  Ціханоўскі  !
У рукі возьме ён саломку :
Песні продкаў пяе звонка !
Песні за душу хватаюць :
Ад сябе - не адпускаюць !
Гэткі песьні у сваёй хаце :
Чулі мы ад роднай маці !
Капелюш і вашы слёзы :
Грэюць ,нават,у марозы !
Вам здароўя я жадаю :
Твораў з песьнямі - чакаю !

 Дзякуй Віктару Шукіловічу за такія патрыятычныя перадачы !
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру