А гэты Алёіз цікавы хлопец. Яму ўжо 72 гады, а ён так і застаўся хлопцам, не ажаніўся… Нарадзіўся ён у 1936 годзе, калі заходняя частка Беларусі была яшчэ пад Польшчай, у Варапаеве…

Алёіз застаўся сіратою, перад вайною памерла маці. Яго цётка, якая жыла ў Варшаве, узяла маленькага Алёіза на выхаваньне… Драматычны лёс не дазволіў стварыць сваёй сям’і, даволі аскетычны лад жыцьця адбіўся і на характары Алёіза. Нешматслоўны, дый давялося яму пажыць у розных краях, акрамя роднай, засвойваць і іншыя мовы… Алёіз атрымаў адукацыю архітэктара ў варшаўскай Палітэхніцы. Працаваў у Варшаве, а ў пачатку 1970‑х зьехаў у Францыю, дзе ўладкаваўся на працу ў прэстыжную фірму. Пры сваім аскетызьме Алёіз мае дапытлівы характар, што дазваляе яму займацца многімі справамі…

Пазнаёміўся я зь ім выпадкова. Неяк у жніўні патэлефанавала мая сяброўка Лецечка і прасіла дапамагчы з жытлом на месяц у Менску цікаваму чалавеку, Алёізу Судніку, з Парыжу, які мусіў прывезьці ў Беларусь літаратурныя матэрыялы аб жыцьці Эміліі Плятэр… Пры канцы верасьня сустрэў я Алёіза і ўладкаваў яго ў сваёй майстэрні. Мы разгаварыліся ў дарозе на яго радзіму, у Варапаева. За стырном «Таёты» ён апавядаў, як перад самым пачаткам вайны ў Аўганістане змушаны быў прабыць ў той краіне паўгоду… Ён згубіў пашпарт, і яму даводзілася розным людзям даказваць, што ён не шпіён… Пасьля я даведаўся цікавую гісторыю вандраваньня Алёіза ў Індыю, на поўнач, недзе каля Непалу. У той францускай фірме з Алёізам працавала жанчына, сэрбка зь Югаславіі, у якой дачка зьехала ў Індыю і ўжо болей за год не падавала зьвестак пра сябе. Яна прасіла Алёіза знайсьці гэтае дзяўчо. І ён знайшоў. Кажа, вельмі прыгожая, тусуецца сабе з рознымі крышнаітамі, ды людзьмі з Тыбету, мо і наркотыкі ўжывае… Але праз паўгоду вярнулася да маці…

А яшчэ дзе быў ты, Алёіз, пытаюся я? На Шпіцбэргэне, адказвае. Дабіраўся на гэтыя паўночныя выспы невялікім нарвэскім караблём, які вазіў людзей працаваць туды. Гэта было ў жніўні, самы найлепшы час у тых месцах… А што ты там рабіў, чаго так далёка забраўся? А так, цікава, здымкі на слайд рабіў, запісы… Распавядае, што ані дрэўца там няма, толькі мох і белыя дробныя кветачкі. І ўявеце сабе, адзін адпраўляецца пешшу ў вандроўку працягласьцю 300 кілямэтраў, 150 у адзін бок і 150 зваротна, дзе ані чалавека, ані дрэўца. Толькі аднойчы ён напаткаў нейкае маленькае збудаваньне, дзе былі пакінуты запалкі, соль і блякнот з алоўкам. Кажа, гэта, відаць, для паляўнічых на белых мядзьведзяў, а іх у гэты час ужо не было там, яны рухаюцца вышэй, на поўнач, куды перабіраюцца цюлені… З сабою Алёіз меў маленькі намёт, тры балёнчыкі вадкага газу ды трохі ежы. Ваду браў з рэчак, у гэты час яны напаўняюцца з талых верхавінаў гор. Вада вельмі чыстая, прыдатная для піцьця. А раней, у чэрвені ці ліпені, дзьмуць моцныя вятры так, што ўсё перасыхае… Пару разоў бачыў над сабой гелікоптэры, ад дапамогі якіх адмовіўся. Ужо вяртаючыся, страціў шмат сілаў: пульс, кажа, быў 45 удараў на хвіліну… Уся вандроўка заняла 21 дзень. У порце сустрэў тых нарвэскіх маракоў, што везьлі яго на Шпіцбэргэн. Яны расказалі, што адзін зь іх сяброў загінуў на беразе: выйшаў, а белы мядзьведзь проста паклаў яму лапу на галаву. Яны ўсё бачылі з карабля, а дапамагчы нічым не змаглі…

Мы едзем да «пляменьніка» Алёіза, Фэрдынанда Сініцы. Жывуць Фэрдынанд ды Ванда на ўскрайку Варапаева ў лесе, дзе даволі нізкае месца, нават забалочанае, а чарот вышэйшы за чалавека… У дварышчы на жэрдцы падвешаны каршун, які нішчыў курэй у Сініцы… Хата Фэрдынанда драўляная, абкладзеная белаю цэглай, высачэзная… Кажу Фэрдынанду, што людзі з такімі шляхетнымі імёнамі павінны жыць у такіх вялікіх дамах. Разьвітваемся, Алёіз застаецца гасьцяваць на пару дзён, а мы з Валенсіяй крочым у свае Вайшкуны, што тутака недалёка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?