Пляцоўка ў Каложскім парку Гродна, адведзеная ўладамі для правядзення мітынгу-канцэрту 25 сакавіка, не мае падводу электрычнага кабелю. Гэта ўскладніць правядзенне канцэрта, кажуць арганізатары.

Адзін з заяўнікаў імпрэзы да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці БНР, кіраўнік гродзенскай арганізацыі «Гавары праўду» Зміцер Бандарчук звяртаўся ў гарвыканкам, каб улады дапамаглі выправіць становішча, але там адказалі, што за такі кароткі тэрмін падвесці электрычнасць не атрымаецца.

Паводле Бандарчука, адзіны шанец уратаваць становішча — падключыцца да аўтаномных генератараў, і гэтая праблема ўжо вырашаецца.

«Хацелася б, каб больш хутка збіраліся грошы, бо ў нас справы ідуць не такімі тэмпамі, як у Мінску. Калі будуць грошы, то ніякіх праблемаў ні з чым не будзе», — кажа Бандарчук.

На сайце Talaka.by арганізатары канцэрта ў Гродне збіраюць грошы на аплату арэнды апаратуры і сцэны, кампенсацыі выканаўцам, аздабленне пляцоўкі і аплату камунальных паслуг, сімволіку і прома-прадукцыю. Усяго спадзяюцца сабраць 8720 рублёў. Уваход на канцэрт-мітынг будзе бясплатным, таму «купіць» можна «велізарную ўдзячнасць», сувеніры кшталту значкоў і паштовак, а таксама статус спонсара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0