Фота pressball.by.

«Залаты» медаль і сертыфікат на 2000 рублёў зарабіў васьмікласнік Уладзіслаў Гаўдзіс на спаборніцтвах па біятлоне «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Прайшло амаль два тыдні, а юны спартсмен так і не абнаявіў сертыфікат, атрыманы з рук Аляксандра Лукашэнкі.

Сертыфікаты ўручылі ўсім прызёрам гонкі. Школьнік з Ганцавіцкага раёна ўдзельнічаў у адным забегу з сынам прэзідэнта Мікалаем. Уладзіслаў хутчэй за супернікаў прабег на лыжах больш за два кіламетры і без промахаў трапіў у дзесяць мішэняў.

У выніку Уладзіслаў Гаўдзіс заняў першае месца, другім стаў мінчанін Анатоль Штундзер, трэцім — Мікалай Лукашэнка.

Хлопцам у якасці ўзнагароды падаравалі сертыфікаты на атрыманне грашовай прэміі: за першае месца — 2 000 рублёў, за другое — 1 500 рублёў, за трэцяе месца — 1 000 рублёў.

Як агучылі рэспубліканскія СМІ, сын прэзідэнта перадаў прызавы сертыфікат хлопцам з Языльскай школы Старадарожскага раёна.

Уладзіслаў з Люсінскай школы пакуль не распарадзіўся сваёй прэміяй, таму што не змог абнаявіць падарункавы сертыфікат.

«Мы на гэтым тыдні звярнуліся ў Беларусбанк, але нам сказалі пачакаць да пятніцы», — распавяла мама спартсмена Вольга Гаўдзіс. З яе слоў, гэта іх крыху шакавала, таму што ў час узнагароджання школьнікаў было заяўлена, што свае прызавыя яны змогуць забраць у любым банку.

«Спадзяёмся, што гэта абяцанне будзе выканана», — кажа шматдзетная мама Вольга Гаўдзіс.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?