На ютуб-канале 17 сакавіка з'явіўся кліп «Жыць», прысвечаны негатыўнаму стаўленню жыхароў Брэста і раёна да з'яўлення акумулятарнага завода «АйПаўэр». Гараджане ў чарговы раз спрабуюць звярнуць увагу чыноўнікаў і грамадскасці на будаўніцтва патэнцыйна небяспечнай вытворчасці, якая, на іх думку, вядзецца са шматлікімі парушэннямі.

Кліп ужо паглядзелі больш за 13 тысяч разоў.

Глядзець кліп на Youtube

У кліпе выкарыстана музыка Ігара Мацвіенкі, якую ён напісаў ад узрушэння авіякатастрофай над Сінайскім паўвостравам, словы — народныя.

«Праца над ролікам доўжылася дзесьці паўтара месяца. Ужо была праведзеная падрыхтоўка, былі знойдзеныя музыканты, студыя і чалавек, які мусіў запісваць увесь відэашэраг. Але літаральна ў апошні момант, напярэдадні здымак, гэтым людзям паведамілі, што ім непажадана гэта рабіць. Вельмі многія адмовіліся ўдзельнічаць у праекце. Прыйшлося зноўку шукаць аператара, студыю, дзе можна было правесці здымку, студыю, дзе можна было запісаць гук, шукаць людзей, якія наклалі б гук на малюнак і гэтак далей. Гэта наш падарунак гораду да яго 1000-годдзя з надзеяй, што мы зможам яго адстаяць», — пракаментавалі стваральнікі роліка.

* * *

Ад пачатку года ў Брэсце і раёне разгарнулася актыўная кампанія супраць з'яўлення акумулятарнага завода «АйПаўэр» у СЭЗ «Брэст». Кіраўніцтва завода, «СЭЗ» і чыноўнікі запэўніваюць, што на ўсіх этапах рэалізацыі праекта заканадаўства не было парушана. Актывісты заяўляюць, што гэта не так, і дамагаюцца як мінімум прыпынення будаўніцтва завода да высвятлення ўсіх тых пытанняў, што хвалююць людзей.

Больш за ўсё жыхары асцерагаюцца шкоды, якую завод можа прынесці экалогіі і іх здароўю. Сабрана больш за 37 тысяч подпісаў мясцовых жыхароў, яны перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта.

У знак пратэсту супраць завода ўжо некалькі тыдняў запар людзі выходзілі на плошчу Леніна пакарміць галубоў.

16 сакавіка ў Брэсцкім аблвыканкаме адбылася 5-гадзінная сустрэча тых, хто настроены супраць будаўніцтва завода, з камісіяй, якая была створана па даручэнні прэм'ер-міністра Беларусі і якая павінна даць адказы на ўсе пытанні і праверыць факты, атрыманыя ад жыхароў Брэста і Брэсцкага раёна.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?