Весела, бо ж вясельле! Адказна і непрадказальна, бо адно нятрапнае слова тамады можа прывесьці да непрадбачаных наступстваў. І сумнавата, бо ўсё радзей на вясельлі запрашаюць бабуляў зь дзядулямі.

За час свайго тамадоўства Мікола пасьпеў патрапіць на два з гакам дзясяткі вясельляў па ўсёй Беларусі — ад вясковых да гарадзкіх, ад кампактных студэнцкіх да «трыста чалавек гасьцей». Як пачалося? Яго сябры вырашылі пабрацца шлюбам і не знайшлі сабе беларускамоўнага тамаду. І ён вырашыў паспрабаваць сябе ў гэтай ролі. Першыя вясельлі адпрацаваў задарма для блізкіх сяброў, а там і камэрцыйныя замовы пайшлі. Пасьля першых бліноў сабаку зьявіўся досьвед. Прапануем позірк на сучаснае беларускае вясельле вачыма тамады. Такім чынам, вясельле — гэта…

…весела.

Бо ж вясельле. І тамада мусіць быць блазнам. Але пры гэтым ня варта забывацца на галоўнае — не загуляцца так, што страціш годнасьць у вачах гасьцей, і найперш у сваіх.

Музыка — адна з самых важных крыніцаў весялосьці. Мікола працуе не адзін, возіць з сабой музыкаў, часам госьці танчаць пад саксафон. Кружэлкавы рэпэртуар — гэта найперш любімая‑нянавісная папса а‑ля Сярдзючка, а ўвогуле — любая танцавальная музыка.

Чым бліжэй да вечару, тым менш разборлівымі робяцца госьці. І гэта датычыць ня толькі расейскамоўнай публікі. Беларускі рэпэртуар, на жаль, ня радуе, бо на цэлы вечар назьбіраць паўнавартасную праграму не атрымаецца. Часткова сытуацыю ратуе «Крамбамбуля». Ну не «Калгас» жа «зэтаўскі» людзям прапаноўваць, усьміхаецца тамада.

Мікола зьбірае вясельны рэпэртуар, кшталту нататніка маладога жаўнера. «Дарагія дзеці! Нягледзячы на тое, што ў вас сёньня вясельле, хачу…» — гэтак расхваляваная маці пачала віншаваць сваіх дзяцей са шлюбам.

…адказна.

Бо адно нятрапнае слова тамады можа прывесьці да непрадбачаных наступстваў. Трэба ведаць пра што можна, а пра што ня варта жартаваць, напрыклад, на вясельлі міліцыянтаў.

«Гэта вясёлая і адукаваная, адэкватная публіка. Толькі міліцыянты ня любяць палітычных жартаў. Але з задавальненьнем удзельнічаюць у конкурсах з прымяненьнем фізычнай сілы — адціскаюцца ад падлогі, бегаюць і г.д.» — кажа малады тамада.

Чаму ня любяць? Бо ў панядзелак начальству можа стаць вядома, хто першы засьмяяўся з палітычнага жарту. А на якіх вясельлях палітычныя жарты «йдуць»? Найлепей успрымаліся на прадпрымальніцкіх, згадвае Мікола.

Увогуле, вельмі важна загадзя даведацца пра колькасны і якасны склад гасьцей. Мікола прыгадвае досьвед свайго знаёмага, які вёў вясельле, дзе госьці дзяліліся на дзьве групы — баптысты і людзі з праблемамі слыху. Як для тамады, то невыканальная місія — адны ня п’юць, другія ня чуюць жартаў.

…непрадказальна.

Акурат непадрыхтаванасьць і згуляла зь Міколам дурны жарт на самым пачатку яго вясельнай кар’еры.

За колькі месяцаў дамовіўся весьці вясельле, а пра месца не запытаўся. Калі сустрэўся са сваякамі маладых побач з адной са станцыяў мэтро і, сядаючы ў машыну, даведаўся, што ехаць трэба ў Маларыцкі раён, ледзь не самлеў ад такой неспадзяванкі.

На месцы атрымаў вялікую порцыю ўражаньняў і карыснага досьведу. На адным краі стала колькі бабуляў паўдня аўтэнтычна сьпявалі «Горіла сосна, палала», побач зь імі амаль ня рухаючыся праседзеў дзяцюк у скуранцы паўзьверх сьвяточнага гарнітуру. Нехта раз‑пораз шукаў нагоды даць у нос суседу.

Тамаду амаль ніхто ня слухаў: ягоную літаратурную беларускую мову папросту ніхто не зразумеў.

Акрамя ўсяго, на любым вясельлі заўсёды знойдзецца хтосьці незадаволены. Хоць чым — і музыка не такая (ня буду я пад такое танчыць), і гарэлка нясмачная (у Колі на вясельлі была лепшая), і тамада ня тое гаворыць (лепей бы мне мікрафон далі).

…цяжка.

Праца тамады дае хуткія грошы — дзе яшчэ можаш зарабіць за вечар—другі да двух сотняў даляраў! Але гэты занятак — хутчэй на аматара.

І справа тут не ў адукацыі. Трэба мець пэўны талент, пачуцьцё такту. Мікола мае ўласную праграму, якая, прызнаецца ён, не вызначаецца выключнай арыгінальнасьцю. Прынцыповы момант — ён заўсёды прапануе выбар мовы. Загадзя складае сьпіс гасьцей і, па магчымасьці, іх кароценькія характарыстыкі.

Па яго назіраньнях, на 90% посьпех вечару залежыць ад жанчынаў. Трэба толькі падабраць адмысловы ключык да іх — найперш да мацярок. Мужчыны ж — самыя непрадказальныя. Ад іх таго і чакай, што нап’юцца ды пачнуць высьвятляць адносіны.

Самая шчырая публіка, вядома ж, дзеці. І добры індыкатар працы тамады: ім калі сумна, то сумна, калі весела, то весела.

…сумна.

Бо ўсё радзей на свае вясельлі васямнаццаці‑, ці дваццацігадовыя запрашаюць сваіх бабуляў зь дзядулямі. І нават сватоў ужо амаль няма. Гарадзкая публіка традыцыяў ня ведае і ведаць ня хоча. Але сухога афіцыёзу на вясельлі таксама не жадае і патрабуе цікавостак. Пры гэтым, баючыся, каб калярыт народны занадта не вытыркаўся (як жа гэта — новы дарагі «Мэрсэдэс» ды зернем пасыпаць!), абмяжоўваецца асобнымі традыцыйнымі элемэнтамі.

…пазытыўна.

Хай і ня часта, але ладзіць наш тамада вясельлі для беларускамоўнай публікі. Ёсьць маладыя людзі, што прагнуць традыцыяў. А самае галоўнае — ім ёсьць каго запрасіць!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?