Толькі адзінаццаць чалавек за ўсю гісторыю незалежнасці нашай краіны атрымалі ганаровую ўзнагароду «Герой Беларусі». Дзесяць мужчын і ўсяго адна жанчына. 17 лютага 2014 года гэтае званне атрымала біятланістка Дар’я Домрачава.

У той дзень спартсменка заваявала трэці залаты медаль на Алімпіядзе ў Сочы. Калі глядзець гонку па тэлевізары, можа падацца, што тая перамога далася Дар’і вельмі проста. Яна хутка адарвалася ад усяго пелетона, дапусціла ўсяго адну памылку на чатырох стрэльбішчах. У выніку срэбраная прызёрка Габрыэла Соўкалава адстала ад беларускі больш чым на 20 секунд.

Але гэта толькі першы абывацельскі погляд на сітуацыю, падманлівы. Вядома, што за гэтай, як і за ўсімі папярэднімі і будучымі перамогамі Дар’і, стаялі ўпартыя трэніроўкі. Тысячы гадзін праведзеных на лыжні і стрэльбішчы. Толькі так Дар’я магла стаць найлепшай у свеце.

А пачыналася ўсё ў Нягані

Дар’я з’явілася на свет у 1986 годзе ў Мінску ў сям’і архітэктараў Уладзіміра Домрачава і Ларысы Мінінай. У іх ужо падрастаў старэйшы сын Мікіта. Ён, дарэчы, калі вырасце, таксама стане архітэктарам. Ды і сама Дар’я прызнавалася, што магла стаць архітэктаркай, калі б лёс павярнуўся крышачку ў іншы бок.

Гэта быў не самы просты час для многіх людзей — пачынаў развальвацца Савецкі Саюз. Уладзімір пазбавіўся працы ў дзяржаўнай канторы, а знайсці новую было няпроста. У выніку мужчына адважыўся на сур’ёзную авантуру — з’ехаць на заробкі ў расійскую Нягань.

Гэта Крайняя Поўнач Расіі. Рэгіён з асаблівым кліматам, дзе жыць здольны далёка не кожны. Да 1930-х у ваколіцах Нягані не было сталых паселішчаў, толькі часам сустракаліся рэдкія юрты ханты — народа, які жыў на гэтай зямлі спрадвеку. Сам край мае назву «Югра». Ён лічыўся прарадзімай усіх венграў.

Дзякуючы чаму Нягань, а разам з ёй і ўся Югра, пайшла ўверх? Бо тут знайшлі нафту, тады прыйшлі і людзі, з’явіліся грошы.

Бацька паехаў раней, а маці Ларыса разам з дзецьмі прыехала на Поўнач ужо ў 1990 годзе. Ехалі трое сутак, бо на той час у гэты куток нават не ляталі самалёты. Спачатку сям’ю пасялілі ў такую «ізбушку», так званае «сацыяльнае жыллё», і толькі потым атрымалася займець больш вартую жылплошчу.

На лыжы Даша стала, калі ёй было шэсць гадоў. Брат Мікіта прывёў у секцыю сястру. Існуе легенда, што такіх маленькіх не бралі, але для Домрачавай зрабілі выключэнне.

У 12-гадовым узросце дзяўчынка прымае рашэнне перайсці з чыстых лыжаў на біятлон. Гэта больш дынамічны і відовішчны від спорту. Апроч выдатнай лыжнай падрыхтоўкі, трэба яшчэ добра страляць, толькі маючы сукупнасць гэтых уменняў можна дасягаць вяршынь у біятлоне.

Дык ці ў грошах сіла?

Быў 2004 год, калі біятланістка вярнулася на Радзіму. Дар’я заўсёды хацела выступаць толькі за зборную Беларусі. Але перайсці пад наш сцяг з Расіі было не такой ужо простай задачай. Рашэнне не прымалася болей за паўгода. Збіралася адмысловая трэнерская рада, якая і павінна была вынесці адпаведны вердыкт.

Легендарны расійскі біятланіст Аляксандр Ціханаў успамінае, што пра Домрачаву пыталіся ў тагачаснага трэнера расійскай зборнай Пульхоўскага. «Домрачава? Яна бяздарная», — адказаў настаўнік. Кажуць, што потым аналагічная сітуацыя паўтарылася з Анастасіяй Кузьміной, якая перайшла ў каманду Славакіі. У выніку на дзвюх апошніх Алімпіядах Кузьміна і Домрачава на дваіх заваявалі залатых медалёў болей, чым уся зборная Расіі разам узятая.

Зрэшты, у іншым інтэрв’ю Ціханаў расказваў ужо зусім іншую версію гісторыі. Маўляў, Домрачаву можна было б захаваць, калі б былі грошы. «Перад імі ніхто не ўстаіць. «Сатана дастаў самую моцную зброю — грошы». Упэўнены: ствары мы неабходныя ўмовы, Домрачава б пагадзілася».

Зрэшты, гэтая гісторыя не зусім вяжацца з рэальнасцю. Калі Саюз біятланістаў Расіі ўзначальваў мільярдэр Міхаіл Прохараў, то Дар’ю клікалі назад у Расію. Прохараў ніколі не шкадаваў грошай на свае спартыўныя забаўкі, баскетбалісты ягонага «Брукліна» ў фінансавых сродках не мелі лішняй патрэбы. Можна толькі здагадвацца, якую шчодрую прапанову ён рабіў Дашы, але яна адмовіла.

Як стаць вялікай?

Праз нейкі час пасля таго, як Дар’я разам з мамай і братам вярнулася ў Беларусь, памёр яе бацька. Зусім яшчэ малады — 54 гады. Не вытрымала сэрца. Дома быў адзін, не было нават каму дапамагчы. Пахавалі Уладзіміра на могілках у Міханавічах.

«Нельга зацыклівацца на паразах», — кажа Дар’я. Галоўным чыннікам перамог яна называе нават не фізічную падрыхтоўку, а найперш псіхалагічную. Наколькі гатовыя не мускулы, а галава. Калі ў думках непарадак, то ніякая хуткасць не дапаможа атрымаць перамогу. Менавіта ў гэтым здольнасць вялікіх біятланістаў, каб своечасова пераключыцца, не быць зацыкленым на трасе на сваіх асабістых праблемах і перажываннях.

Другі фактар — гэта воля. Спортам ідуць займацца, каб перамагаць, а не каб змагацца за «-наццатыя» месцы. «Воля — тая цудоўная якасць, без якой немагчыма дасягнуць мэты. Калі яна ў цябе ёсць, то поспех прыйдзе абавязкова. Хай не сёння, не заўтра, але абавязкова», — казала Дар’я.

Хаця і ў кар’еры зорнай беларускі былі анекдатычныя выпадкі. Напрыклад, калі на адной з гонак у нямецкім Оберхофе яна паблытала «лежку» са «стойкай». Усе спартсмены стралялі лежачы, і толькі Даша рабіла стрэлы стоячы. Мабыць, акурат такія моманты яшчэ болей дадаюць спартыўнай злосці.

Дар’я далёкая ад той думкі, што прафесійны спорт калечыць людзей. Наадварот, ён развівае ўсе тыя найлепшыя якасці, які хаваюцца ў чалавеку. А калечаць людзей алкаголь, наркотыкі і іншыя кепскія звычкі.

Чым жыве па-за спортам?

«Дызайн інтэр’ераў, падарожжы, танцы да раніцы, фатаграфія, весялосць, сноўборд, усё новае. Любімыя фільмы — «Сібірскі цырульнік», «Горад анёлаў», «Помста бедняка», любімая кніга — «Майстар і Маргарыта», — піша спартсменка на сваёй старонцы Укантакце.

Напрыканцы 2016 года Домрачава адкрыла ўласную інтэрнэт-краму, дзе прадаюцца майкі, пола, таўстоўкі, шапкі, сумкі, заплечнікі, нататнікі.

Што падштурхнула Дар’ю на такі крок? «Мне заўсёды падабалася што-небудзь прыдумляць, — распавядае Дар’я на сайце крамы. — Улетку, калі я не магла трэніравацца ў поўную сілу, — гэта быў час творчасці, — і біятлон служыў мне натхненнем. У нейкі момант я зразумела, што разважаю аб праекце. З аднаго боку, хацелася зрабіць падарунак для заўзятараў, якія засумавалі па маіх выступах. Прыдумаць нешта такое, што магло б дадаткова матываваць на заняткі спортам. З іншага боку, я разумею, што самавыяўляцца павінна толькі ў тым, што ведаю лепш за ўсё. Тэма дызайну мне заўсёды была блізкая. Я вырасла ў сям’і архітэктараў. А эксперт я ў спартыўнай форме, бо праводжу ў ёй вялікую частку часу. Так і закруцілася. У выніку, мы адкрылі інтэрнэт-краму адзення і сувеніраў».

Пры гэтым варта адзначыць, што Дар’я бярэ актыўны ўдзел у дабрачынных праектах. Летась яна выставіла на аўкцыён трэніроўку з сабой. Інтэнсіўна дапамагае сродкамі дзіцячаму хоспісу. Для гэтага імянітая спартсменка праводзіць у Мінску «Гонку легенд», куды прыязджаюць дзейныя і мінулыя зоркі біятлона. Домрачава лічыць вельмі важным для сябе прыцягваць увагу грамадства да тэм дабрачыннасці.

Кароль і каралева

Гісторый кахання ў сусветным біятлоне нямала. Гэта невялікая група людзей, якая праводзіць увесь час разам на спаборніцтвах. Так атрымалася, што сваю палову Даша таксама знайшла сярод калег.

Абраннік Домрачавай — кароль біятлону Уле-Эйнар Б’ёрндален. Самы тытулаваны спартсмен у сваім відзе. У Б’ёрндалена восем залатых алімпійскіх медалёў, дваццаць заваяваных узнагарод на чэмпіянатах свету, шэсць разоў ён выйграваў Кубак свету. Менавіта з ім доўгія гады і асацыяваўся біятлон.

Яны захоўвалі ў сакрэце свае адносіны, ніхто не ведаў, апроч самых блізкіх сяброў, што Даша і Уле сталі парай. Незадоўга да гэтага нарвежац развёўся са сваёй першай жонкай — таксама біятланісткай Наталі Сантэр з Італіі.

Першым, хто крыху праліў святло на іх адносіны, быў іншы легендарны біятланіст, француз Мартэн Фуркад. Калі ў яго спыталі пра Домрачаву, то ён адказаў: «У мяне выдатныя адносіны з ёй, але, канечне, не настолькі, як у Б’ёрндалена».

У красавіку 2016 года на адмысловай прэс-канферэнцыі Домрачава і Б’ёрндален абвясцілі, што стануць бацькамі. Па сутнасці, гэта і стала першым афіцыйным пацвярджэннем іх адносін. Вяселле адсвяткавалі зусім непублічна. Ніхто нават не ведаў дзень і месца.

А 1 кастрычніка таго ж года нарадзілася дачка Ксенія. «Упершыню ў жыцці Б’ёрндалена спорт будзе стаяць не на першым месцы», — пажартаваў калега па зборнай Эміль Свенсэн.

Варта было бачыць эмоцыі на твары Б’ёрндалена на апошніх метрах жаночай эстафеты на Алімпіядзе ў карэйскім Пхёнчхане, калі Домрачава ехала на першым месцы. Колькі радасці і трывогі адначасова чыталіся ў выразе твару гэтага вялікага спартсмена! І як ён рвануў на фініш, каб першым абняць Дар’ю і павіншаваць яе з чарговым золатам. Не, такія эмоцыі не падробіш.

Перамога на Алімпіядзе ў лютым для Домрачавай стала чацвёртай у гісторыі. Столькі алімпійскага золата не мае ніхто. Домрачава такім самым чынам увайшла ў гісторыю сусветнага спорту. Сапраўды, кароль і каралева біятлону.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?