Сустракаюцца двое знаёмцаў, ангелец і беларус. Ангелец пытае:

— Алесь, а што гэта ў вас амаль штодня затрымліваюць людзей, нібы злодзеяў, на вуліцах — каго са сьвечкаю, каго з балёнікам, каго са значкам ды нават з газэтаю — і адвозяць у міліцыю, дзе потым перапісваюць зьвесткі, фатаграфуюць ды адпускаюць? Як гэта ўсё зразумець???

— Разумееш, Джон, зь нядаўніх часоў беларускія ўлады вынайшлі новы сучасны добраахвотна-прымусовы спосаб перапісу насельніцтва па электаральнай прымеце. Зараз растлумачу.

Падчас прэзыдэнцкае выбарчае кампаніі за прэзыдэнта сабралі 1 903 069 подпісаў; у адсотках да ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь — прыкладна 20%.

Значыць, астатнія 80% ня вельмі адданыя сёньняшняму кіраўніцтву. Столькі мільёнаў неперапісаных грамадзян?! — Небясьпека для таталітарнае дзяржавы. Таму і хапаюць кожны дзень шараговых беларусаў, каб унесьці іх у гісторыю.

Вось і атрымоўваецца: раней перапіс насельніцтва праводзілі прыкладна раз на 10 год, і рабіла гэта спэцыяльная служба. А цяпер перапіс ідзе няспынна, і займаюцца ім спэцслужбы. Бачыш розьніцу?

Юрась Бусел, Дуброва

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0