100-годдзе незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі не здольныя абмінуць увагі ніякія СМІ, якія працуюць у нашай краіне. Выключэннем не стала і інфармацыйнае агенцтва «Спутнік», якія многія называюць органам расійскай прапаганды.

Дзмітрый Кісялёў на адкрыцці мінскага офісу «Спутніка». Фота Ірыны Арахоўскай.

Дзмітрый Кісялёў на адкрыцці мінскага офісу «Спутніка». Фота Ірыны Арахоўскай.

Адразу кідаецца ў вочы, што асвятленне 100-годдзя БНР ідзе ў адным рэчышчы. Аўтары матэрыялы пераконваюць, што БНР была не сапраўднай дзяржавай і адзначаць няма чаго.

Прычым нярэдка звяртаюцца не толькі да беларускіх экспертаў, але і да расійскіх. Напрыклад, дырэктар Інстытута сістэмна-стратэгічнага аналізу Расіі Андрэй Фурсаў адзначыў:

«Абрынулася імперыя, і спрытныя гешэфтмахеры ад палітыкі старанна папрацавалі і абвесцілі нейкія дзяржаўныя ці квазідзяржаўныя ўтварэнні. Але тое, што яны праіснавалі столькі, колькі існуюць матылькі летам, сведчыць і пра патэнцыял гэтых структур, і пра патэнцыял тых людзей, якія іх стваралі», — падае меркаванне расійскага навукоўца «Спутнік».

З беларускай экспертнай абоймы выцягваюць прарасійскіх публіцыстаў, такіх як Аляксандр Шпакоўскі і Аляксей Дзерман. «100-годдзе БНР — падзея не тое, каб значная, але ўсё ж нейкая веха ў гісторыі», — уступ да гутаркі з Шпакоўскім на радыё «Спутнік».

Шпакоўскі падкрэслівае, што многія са стваральнікаў БНР пайшлі па «злачынным шляху супрацоўніцтва з нацыстамі — вось гэта страшна». «Многія з іх насілі нямецкую форму, напрамую супрацоўнічалі з акупантамі, служылі ў органах адміністрацыі пры акупантах. Няма розніцы, ці ты служыў у газеце, дзе ўсхваляў Адольфа Гітлера, ці ў школе, дзе заняткі пачыналіся з вітання Гітлера. Гэтым людзям месца ў гісторыі Беларусі няма», — кажа Шпакоўскі.

Стары прапагандысцкі трук, змяшаць боб з гарохам, БНР з нацыстамі. На такія прыёмы нядаўна адказаў гісторык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк.

Чытайце таксама: Марзалюк рэзка адказаў тым, хто спрабуе праводзіць паралелі паміж БНР і нацыстамі

Па-другое, Шпакоўскі падкрэслівае, што ніякіх паўнамоцтваў беларускага народа на абвяшчэнне БНР Рада не мела. Аналітык увесь час падкрэслівае, што ніякага ўплыву дзеячы БНР не мелі. «У БНР не было легітымнага міжнароднага прызнання. Гэта — дзяржава-фантом», — кажа Шпакоўскі.

Падобнай пазіцыі прытрымліваецца супрацоўнік Інстытута філасофіі, прарасійскі публіцыст Аляксей Дзерман. «БНР адкрывае ў гісторыі Беларусі чаргу правальных праектаў, праектаў-лузераў. Гэта не папярэдніца ніякая БНР, гэта дзве паралельныя лініі. Цень БНР існуе, але нельга лічыць цень пачаткам чагосьці вялікага», — кажа Дзерман. Пасля ён называе БНР «дзіўнай рэспублікай».

У эфір «Спутніка» быў запрошаны вядучы АНТ Дзмітрый Бачкоў, якога таксама сталі пытацца пра БНР. Варта адзначыць, што Бачкоў заняў узважаную пазіцыю, як вядучыя «Спутніка» ні спрабавалі падбіць яго на зусім іншыя словы.

«Для мяне асабіста гэта зразумелая падзея. Разруха Першай сусветнай, людзі думаюць аб базавых каштоўнасцях — хлеб, бяспека. Але нягледзячы на гэта, знаходзіцца група людзей, якая задаецца пытаннем, каб беларусы пачалі жыць у сваёй дзяржаве. Гэта вялікі працэс, да якога мы ішлі», — сказаў Дзмітрый Бачкоў. Пры гэтым вядучы падкрэсліў, што ў 1925 годзе ўрад БНР перадаў паўнамоцтвы БССР. «БНР — гэта гісторыя пра кансалідацыю», — адзначыў ён.

«Існуе група зацікаўленых людзей, якія імкнуцца падаць 100-годдзе БНР як важную падзею. Народ у большасці і не думае ні пра якое 100-годдзе», — адзначыла шэф-рэдактар «Спутніка» Алеся Лучанінава.

«Многія з лідараў БНР з вялікай цеплынёй аднесліся б да беларускай дзяржавы сёння», — сказаў вядучы Вячаслаў Шарапаў. «Да тых асобаў, якія стаялі ля вытокаў БНР, шмат пытанняў таксама», — паддаквае Лучанінава.

Гісторык і кулінар Алесь Белы ў эфіры з музыкантам Аляксандрам Памідоравым сказаў, што лічыць вартым адзначаць 100-годдзе БНР на дзяржаўным узроўні. Праўда з пісьмовай версіі на сайце гэта прыбралі, пакінулі толькі ў аўдыё.

«Справа ў тым, што міфалогія БНР, якая ў нас транслюецца, даволі хітрая. «Адраджэнская» міфалогія накіравана на тое, каб у непадрыхтаванага чалавека склалася ўражанне, што БНР адбылася як дзяржава. Што быццам былі ўсе дзяржаўныя інстытуты, збіраліся падаткі, паліцыя, суд, але гэтага нічога не было», — затое вось гэтую цытату Белага на «Спутніку» расцягнулі. Фактычна словы Белага былі прарэдактаваныя так, нібыта ён казаў толькі негатыўнае ў дачыненні БНР.

З іншага боку на «Спутніку» выступіў толькі старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які сказаў, што «БНР была створаная народам і па волі народа, у адрозненне ад БССР, якая была створаная па ўказцы камуністаў з Масквы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?