У ізраільскім Ака намагаюцца захаваць спакой пасьля ўчорашніх масавых сутычак паміж габрэямі і арабамі. Начальнік ізраільскай паліцыі Дудзі Коэн паведаміў, што ў горадзе да поўнага ўсталяваньня парадку будзе прысутнічаць блізу 700 паліцэйскіх.

Непарадкі пачаліся заўчора вечарам, калі кіроўца-араб заехаў на машыне на вуліцу, дзе жыве габрэйская большасьць. Гэтым ён парушыў сьвятасьць габрэйскага Суднага дня (Ём Кіпура). У гэты дзень акрамя строгага паста, забараняецца таксама прыводзіць у рух мэханізмы. У машыну паляцелі камяні. Па невялікім часе чуткі, што кіроўца быў забіты, - якія, дарэчы, ня спраўдзілася - вывела на вуліцы арабскіх маладзёнаў. Пачаліся масавыя сутычкі. Лёгка раненыя 3 чалавекі - у тым ліку адзін паліцэйскі. Пашкоджаныя блізу сотні аўто і разьбіта некалькі дзясяткаў вітрынаў у крамах.

Ізраільская паліцыя ўзмацняе сваю прысутнасьць у іншых гарадах, месцах кампактнага пражываньня габрэяў і арабаў - Хайфе, Яфа, а таксама ў Ерусаліме вакол Храмавай гары, дзе знаходзяцца габрэйскія і мусульманскія сьвятыні.

Школы Ака адчыненыя як звычайна, але на заняткі прыйшло менш за палову вучняў. У дадатак, паліцыя раіць адмяніць сёлета тэатральны фэстываль, які ладзіцца ў Ака штогод.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?