У якія прафэсіі ішлі нашыя суродзічы, калі прыбывалі ў 1950-х гадах у Амэрыку? Адной з такіх прафэсіяў для многіх сталася зубная тэхніка, абслугоўваньне дэнтыстаў вырабляньнем зубоў. Працаю ў гэтай галіне шмат хто здолеў рэалізаваць сабе й дзецям так званую «амэрыканскую мрою», ці, як у нас кажуць, выбіцца ў людзі.

Адным з такіх быў нядаўна памерлы (26.01.2018) у Каліфорніі Яраслаў (Славік) Вініцкі. Прыбыўшы ў Нью Ёрк на пачатку 1950-х, ён неўзабаве перабраўся ў Лёс-Анджэлес, дзе пасялілася з часам уся сям’я Вініцкіх: бацькі, два сыны й дачка.

Славік нарадзіўся ў Нясьвіжы (26.04.1925) у сям’і былога афіцэра царскай арміі й беларускага грамадзкага дзеяча Алеся Вініцкага. Сям’я Вініцкіх апынулася пад канец вайны ў Нямеччыне. Там Славік паступіў ва ўнівэрсытэт і атрымаў дыплём дэнтыста.

Але ў Амэрыцы дыплёмы зь іншых краінаў не прызнаюцца, нават калі хто грамадзянін ці ўраджэнец Злучаных Штатаў. Славік выбраў сабе блізкую да дэнтыстыкі прафэсію зубнога тэхніка. Пагатоў, што ён быў здольны ў руках, а ў дадатак адзначаўся артыстычнымі якасьцямі, любіў малюнкі, музыку, займаўся ў вольны час фатаграфіяй.

У сваёй прафэсійнай працы, у якой яму шмат дапамагала жонка Кацярына (з дому Яцэвічаў), Славік ня толькі адзначаўся якасным выкованьнем заказаў, але й строгай акуратнасьцю, датрымоўваньнем тэрмінаў. Усё гэта забясьпечыла яму высокую ацэнку з боку дэнтыстаў, супраца зь якімі трывала 35 гадоў.

Працай сваёй Вініцкія змаглі забясьпечыць вышэйшую асьвету дзьвюм дочкам, Ані й Люсі, ды сыну Антону (сёньня падпалкоўнік амэрыканскай арміі ў адстаўцы). Усім траім грунт да «Амэрыканскай мроі» забясьпечылі бацькі.

Працавітае жыцьцё Яраслава Вініцкага скончылася 26 студзеня сёлета. Сям’я й мноства сяброў ушанавалі ягоную сьветлую памяць 9 лютага, а 10 лютага адбыліся паховіны — на просьбу сям’і толькі ў прысутнасьці родных — на могільніку Holy Cross Cemetery (імя Сьвятога Крыжа) ў Калвэр-Сіці, частцы гораду Лёс-Анджэлес.

Вечная яму памяць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?