Каталіцкія біскупы Беларусі скіроўваюць да вернікаў Беларусі тэкст малітвы з нагоды 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. 25 сакавіка ў касцёлах будуць маліцца за Беларусь, паведамляе catholic.by.
Біскупы заклікаюць святароў памаліцца разам з вернікамі словамі гэтай малітвы падчас усіх набажэнстваў 25 сакавіка.
«Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы, бо Ты Бог збаўлення майго, на Цябе спадзяюся кожны дзень» (Пс 25(24), 5)
«Глыбокапаважаныя браты і сёстры, суайчыннікі, усе людзі добрай волі! Сёння, калі наша Бацькаўшчына адзначае сотыя ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, гэтыя словы псальміста просяцца на нашыя вусны. Яны заклікаюць да бязмежнага даверу Богу — адзінай нашай надзеі», — гаворыцца ў звароце-малітве.
«Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі стала беспрэцэдэнтным гістарычным актам і вельмі важным крокам дзяржаватворчага працэсу, адкрыўшы шлях да незалежнасці.
Мінулае стагоддзе — гэта час шматлікіх выпрабаванняў, войнаў, пераследу веры. Гэта таксама час адраджэння нашай дзяржаўнасці і духоўнасці.
Складаная і трагічная гісторыя Беларусі за апошняе стагоддзе была пазначана шматлікімі сведчаннямі і мучаніцтвам за веру, увабрала ў сябе лёсы тых, хто нястомна працаваў і надалей працуе на карысць Радзімы, іх славу, мужнасць, ахвярнасць і дасягненні», — адзначаецца ў звароце.
«Усемагутны і Міласэрны Божа, адары нас сваёю ласкаю і благаслаўленнем, каб супольнымі намаганнямі пад апекаю Марыі мы ўсе разам будавалі шчаслівае заўтра нашай любай Бацькаўшчыны. Божа, благаславі Беларусь!» — адзначаецца ў малітве каталіцкіх біскупаў.