Заснавальнік MAPS.ME і AIMATTER Юрый Мельнічак і яго партнёр Андрэй Аўсіевіч, былы топ-менеджар кампаній «Атлант-М» і «Трайпл», адкрылі ў Беларусі інвестыцыйную кампанію Bulba Ventures, паведамляе TUT.BY.

Юрый Мельнічак. Фота: TUT.BY

Юрый Мельнічак. Фота: TUT.BY

Як паведамляецца ў прэс-рэлізе кампаніі, Bulba Ventures цікавыя беларускія стартапы з моцным тэхнічным складнікам. Мельнічак і Аўсіевіч будуць інвеставаць у праекты на ранніх этапах. Да пяці стартапаў могуць атрымаць падтрымку ў першы год працы кампаніі.

Bulba Ventures сканцэнтруецца на беларускіх стартапах у галіне машыннага навучання, на стыку рэальнага сектара эканомікі і IT. «Абодва партнёры актыўна ўцягнутыя ў развіццё і прасоўванне праектаў у партфелі кампаніі. У стартапаў будзе адкрыты доступ да тэхнічнай і бізнэс-экспертызы IT-прадпрымальнікаў для развіцця сваіх прадуктаў. Акрамя гэтага, кампанія гатова дапамагаць стартапам з прыцягненнем талентаў і PR», — гаворыцца ў паведамленні.

«Беларусь недаацэненая замежнымі інвестарамі. Стварэнне інвестыцыйнай кампаніі тут, у Мінску, — выдатная магчымасць для нас паўплываць на змяненне сітуацыі. Я бачу вялікі патэнцыял у беларускай стартап-супольнасці. Разам з партнёрам мы развіваем тыя праекты, за якімі бачым будучыню ў сусветным маштабе», — каментуе Юрый Мельнічак.

У актыве Юрыя Мельнічка — два гучныя «экзіты» беларускіх праектаў. MAPS.ME была прададзеная ў лістападзе 2014 года Mail.Ru Group, а AIMATTER — Google у жніўні 2017. Апошняя здзелка стала гістарычнай для айчыннай IT-індустрыі: гэта была першая купля айчыннага стартапа Google.

У стартавым партфелі ў партнёраў кампаніі два праекты. OneSoil — платформа для дакладнага земляробства. WANNABY — стартап ў галіне камп'ютэрнага зроку і электроннай камерцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0