21.03.2018 / 16:45

«Мне здаецца, я бачу горад». Унікальныя праекты для невідушчых 1

Гэтыя людзі дапамаглі невідушчым «убачыць» Мінск і карціны беларускіх мастакоў. І нават вынайшлі новы жанр у мастацтве. У вольны ад працы час, бясплатна, яны робяць і прасоўваюць унікальныя ініцыятывы. Больш падрабязна пра гэта распавядае аўтар праектаў Людміла Скрадаль.

Нябачныя карціны

Нябачныя карціны - гэта тактыльныя інтэрпрэтацыі шэдэўраў беларускіх мастакоў. Усе дэталі карціны перадаюцца рознымі тактыльнымі паверхнямі. Сюжэт можна зразумець навобмацак. Сэнс у тым, што чалавек апранае навушнікі, слухае тэкст, вывучае пальцамі карціну і разумее, што на ёй намалявана.

Тут трэба падкрэсліць, што гэта не копіі арыгінальных палотнаў. На арыгінале, напрыклад, можа быць мноства дробных рысак, а мы гэта перадаць не можам. На нашай нябачнай карціне - гэта будзе проста тактыльны шум. Таму мы спрашчаем твор у дэталях, пры гэтым захоўваем сілуэт, прапорцыі і пасыл аўтара.

Тое, што робяць аўтары інтэрпрэтацый — уражвае. Яны, відушчыя, прапускаюць праз сябе свет невідушчага чалавека і адлюстроўваюць гэта разуменне ў карціне. Бо карціну па сутнасці даводзіцца перамалёваць нанова. Як, напрыклад, тактыльна перадаць, што падлога драўляная? Або, што гэта вінаградзінкі, а не камяні? Гэта трэба зрабіць так, каб нічога не злівалася, не гублялася, не было лішнім элементам. Гэта нейкае новае напрамак у мастацтве, для якога пакуль яшчэ нават няма афіцыйнай тэрміналогіі. Людзі, якія ствараюць такія карціны, называюць гэта тактыльная інтэрпрэтацыя.

Кожная карціна ствараецца па некалькі гадоў. Мы часта запрашаем невідушчых людзей, каб пратэставаць асобныя элементы. Бо нават ад глыбіні лініі залежыць, будзе на карціне па тактыльных адчуваннях шклянку стаяць на стале або падаць. У бліжэйшы час плануем адкрыць пашыраную выставу ў Нацыянальным мастацкім музеі пад назвай «Мастацтва на кончыках пальцаў». Будуць выстаўлены чатыры тактыльныя інтэрпрэтацыі і тры скульптуры з фондаў музея, адаптаваныя нашымі спецыялістамі для тактыльнага вывучэння.

Дотык да Мінска

Ад 2013 года мы праводзім экскурсіі па Мінску для невідушчых і слабавідушчых. Для гэтага распрацавалі метадалогію і стварылі дапаможныя інструменты - аўдыё-тактыльныя макеты Ратушы, канцэртнай залы «Верхні горад» і плошчы Незалежнасці. Экскурсіі ніяк не рэкламуем, але людзі самі знаходзяць пра нас інфармацыю ў інтэрнэце. Група - гэта экскурсавод і два-тры турыста. За сезон у экскурсіях удзельнічае каля 60 чалавек - беларусы, палякі, чэхі і інш.

Гэта быў мой першы праект прысвечаны невідушчым і людзям са слабым зрокам. Я размясціла яго на платформе Talaka. Вопыту вядзення праекта ў мяне яшчэ не было.

Але мне дапамаглі праектныя менеджары платформы Talaka. Яны селі са мной і дэталёва распісалі кожны крок, патлумачылі, каго трэба прыцягваць для рэалізацыі праекта і дзе іх шукаць.

Праект атрымаў вялікі рэзананс у грамадстве. Ён стаў аснаватворным не толькі для развіцця турыстычнага абслугоўвання ў сферы інваліднасці, а менавіта стварыў ментальны шаблон. Людзі пачалі задумвацца над тым, як зрабіць экскурсію для інвалідаў камфортней. Бо, што раней турфірмы маглі прапанаваць невідушчым? Толькі падсадзіць іх у турыстычны аўтобус. «Паглядзіце налева - вы бачыце вежу з гадзіннікам, паглядзіце направа …», - мне, як экскурсаводу, гэта было незразумела.

Вядома, на рэалізацыю праекта сышло шмат сіл і бяссонных начэй. Але падчас экскурсій бываюць такія моманты, якія чапляюць да глыбіні душы. І дзеля іх не шкада ніякіх намаганняў. Напрыклад, калі дзіця разумее, што такое порцік або вежа на ратушы.

Невідушчая дзяўчынка, пяцікласніца, вядзе пальчыкамі па ратушы, па калонах на барэльефе. Рух яе рук робіцца ўсё больш павольны. У нейкі момант замірае. І яна ўскрыквае. А потым сама сабе шэпча «Ваў, гэта вежа! Ваў, гэта дах! Мне здаецца, я бачу горад». І ў яе па шчоках коцяцца слёзы.

Тактыльныя кнігі

Мы таксама дзелімся сваім вопытам з іншым праектам. Хлопцы робяць для невідушчых дзяцей тактыльныя кнігі сучасных казак. У іх мала тэксту, але сама карцінка «кажа». У ёй выкарыстоўваюцца розныя паверхні і рухомыя дэталі. Яе можна разглядаць пальцамі і разумець сэнс і настрой.

Мівія - гэта група людзей, якія ў свой вольны час дапамагаюць людзям з інваліднасцю. У нас няма дэдлайну. Кожны працуе ў сваім тэмпе. Мэтаскіравана нікога не шукаем. Людзі самі знаходзяць нас, тэлефануюць і прапануюць дапамогу. Прыходзяць архітэктары, мастакі, макетчыкі, электрыкі. І мы ўсе разам, метадам спроб і памылак, робім складаныя рэчы, якіх да гэтага не існавала. Напэўна толькі чалавек, які па сваёй волі прыйшоў і прапанаваў сваю дапамогу, можа па-сапраўднаму рэалізаваць сябе ў гэтай сферы.

Тэкст Вольга Шавела

0
NavuchencaBK / Адказаць
21.03.2018 / 17:16
Малайцы! Дзякуй вялікі!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру