У адказ на заяву мітрапаліта Паўла аб тым, што Беларуская праваслаўная царква не будзе нічога праводзіць да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, арганізатары кампаніі #БНР100 апублікавалі зварот да БПЦ з тлумачэннямі наконт гісторыі дачыненняў Праваслаўнай царквы і БНР, піша Радыё Свабода.

БПЦ яшчэ раз запрашаюць на «Свята незалежнасці» ля Опернага тэатра 25 сакавіка, прапануюць выступіць там афіцыйнаму прадстаўніку царквы з віншавальнай прамовай.

Арганізатары нагадваюць, што ў Радзе БНР быў святар менскага катэдральнага сабора Сцяфан Кульчыцкі, ён жа быў прадстаўніком праваслаўнага духавенства на Першым Усебеларускім з'ездзе. Паводле арганізатараў, ён зрабіў вялікі ўнёсак у існаванне БНР. Быў расстраляны НКВД у 1937-м.

Таксама арганізатары звяртаюць увагу на тое, што ў 1922 годзе Патрыярх Маскоўскі і ўсёй Русі Ціхан, цяпер кананізаваны РПЦ, дабраслаўляў БНР (а таксама паабяцаў дазволіць у падуладных яму епархіях ужываньне беларускай мовы ў дадатковых багаслужбах, казанях і катэхізацыі — калі бальшыня прыхаджанаў падасць адпаведныя хадайніцтвы). Арганізатары апублікавалі фота звароту патрыярха.

У 1993 годзе, нагадваюць арганізатары, мітрапаліт Філарэт браў удзел у сьвяткаванні 75-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР, дабраславіў выкарыстанне беларускай мовы ў службах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0