Каваманы, насамрэч, вялікія шкоднікі. Не ўсе, канечне. Толькі тыя, якія бяруць каву навынас у папяровым кубачку, надзяваюць на яго пластыкавую накрыўку, утыркаюць пластыкавую трубачку і шчаслівыя адпраўляюцца на працу, вучобу ці куды там яшчэ трэба.

Але паверце, асалода ад любімага духмянага напою будзе нашмат большай, калі папрасіць зрабіць каву ў ваш кубак. Толькі ўявіце! Кожны раз, замаўляючы чарговы латэ ці капучына з любімым сіропам, вы будзеце ведаць, што зарабілі плюсік у карму проста за тое, што не паленаваліся і прыйшлі са сваім посудам.

Крыху лічбаў. Са звычайнай мінскай кавярні, не вельмі вялікай, але і не зусім маленькай, дзе можна і пасядзець, і ўзяць штосьці да кавы, не ў сезон, узімку, цягам месяца людзі выносяць каля 2 000 папяровых кубкаў. Гэта мы кажам пра адну кавярню, прычым не тую, што спецыялізуецца на каве навынас. А ў Мінску іх колькі? У раёне адной толькі Зыбіцкай пад 30 тусовачных месцаў, і амаль паўсюль можна замовіць каву.

Афіцыйных звестак, колькі ў Беларусі папяровых кубачкаў ляціць у сметніцу цягам года, няма. У Нямеччыне, напрыклад, лічба дасягае 2,8 мільярда. Для разумення маштабу трагедыі: гэта 43 тысячы знішчаных дрэваў, 22 тысячы тон нафты і больш за 111 тон вуглякіслага газу, выкінутага ў атмасферу. У Вялікабрытаніі падобная сітуацыя — 2,5 мільярда папяровых кубкаў штогод.

«У Беларусі такія кубачкі не вырабляюць, іх закупляюць у Расіі, — кажа супрацоўніца Цэнтра экалагічных рашэнняў Марыя Сума. — У Беларусі іх і не перапрацоўваюць. Разглядаецца ініцыятыва па перапрацоўцы тэтрапаку, але гэта не пытанне найбліжэйшага часу».

Марыя Сума. Фота Лесі Пчолкі.

Марыя Сума. Фота Лесі Пчолкі.

Што гэта значыць? Чыста тэарэтычна кубкі можна перапрацаваць, аддзяліўшы паперу ад плёнкі, якая ратуе ад працяканняў. Але гэта зрабіць не так проста, і ў Беларусі такой практыкі папросту не існуе. То бок іх адзіны лёс — ляжаць на сметніку. І нават калі вам у рукі патрапіць кубачак, зроблены з біяраскладальнай плёнкай, гэта яшчэ не гарантуе, што ён хутка згніе, бо для гэтага неабходныя спецыяльныя ўмовы.

І што важна ўсведамляць: паколькі кубкі прызначаныя для гарачых напояў, іх робяць з першаснай цэлюлозы. То бок першасная сыравіна сыходзіць на аднаразовы прадукт.

Паўгода таму Цэнтр экалагічных рашэнняў стаў адным з рухавікоў кампаніі «My cup, please!». Мэта яе простая і зразумелая — стварыць у Беларусі культуру піць не з папяровых кубкаў. Актывісты заклікаюць уласнікаў кавярняў прапаноўваць розныя нішцякі тым наведнікам, якія прыходзяць са сваім кубкам. Ёсць ужо цэлая карта месцаў, дзе за гэта прадугледжваецца зніжка. У большасці — 10%, але ў некаторых ёсць як 3%, так і 30%.

Плюс кампаніі «My cup, please!» яшчэ вось у чым. Калі вам няёмка прыйсці і сказаць барысту: «Наліце мне, калі ласка, у свой», — то гэтая карта — рэальнае вырашэнне праблемы. У гэтых месцах ніхто не здзівіцца такой просьбе. Больш за тое, яе нават чакаюць. 

«Падобныя ініцыятывы ўжо з’явіліся ў Расіі і ва Украіне, і я б сказала, што гэта з нашай падачы, — распавядае Марыя Сума пра першыя вынікі «My cup, please!». — Што тычыцца змяншэння колькасці выкарыстаных папяровых стаканчыкаў у нас, то я думаю, мы не ўбачым заўважны вынік у найбліжэйшыя пяць гадоў. Гэты працэс звязаны з многімі рэчамі. Ну не могуць людзі ўзяць і пачаць выкарыстоўваць шматразовыя кубкі і працягваць не сартыраваць смецце, карыстацца пластыкавымі пакетамі. Усё гэта пазлы адной карціны. І калі карціна будзе мяняцца, будуць мяняцца і паводзіны людзей. Наша задача найбліжэйшай перспектывы — даць людзям зразумець, што гэта магчыма. Каб ніхто не думаў, маўляў, «я такі адзін фрык, хто ходзіць са сваім кубкам». Каб усе ведалі, што гэта дазволена, гэта магчыма, і нават ёсць пэўная інфраструктура».

Марыя зазначае, што рэальныя змены сёння мізэрныя. Так, штодзень сталі прыходзіць два-тры наведнікі са сваім посудам, але гэта проста нішто, калі ўлічыць маштаб.

«Канечне, гэта толькі пачатак. Культура шматразовасці, выкарыстання шматразовых сумак, бутэлек — тое, што прыйдзе і да нас. Гэта сусветны трэнд, і ў Еўразвязе разглядаецца ўжо на ўзроўні заканадаўства, аднаразовыя тавары замяняюцца на тыя, што перапрацоўваюцца ці кампастуюцца. Я думаю, што ў нас таксама з цягам часу ўсё будзе мяняцца, гэта толькі першыя крокі, першыя праекты ў Беларусі, якія працуюць са зменай паводзін, зменай стаўлення да выкарыстання аднаразовых і шматразовых тавараў», — мяркуе Марыя Сума.

Як гэта працуе

Праверыць, як паставяцца да наведнікаў са сваім посудам, мы накіраваліся ў «Шпаркія вілкі», што месцяцца на Чапаева, 3. Установа нядаўна далучылася да ініцыятывы «My cup, please!». Заадно пратэсцілі і тэрмакубак Contigo.

Тэрмакубак пасуе для любых тыпаў кавамашын, таму нам заварваюць каву наўпрост у яго.

У тэрмакубку Contigo ёсць спецыяльны замок, які выключае магчымасць пралівання, — тое, што трэба для тых, хто любіць піць каву на бягу.

Ну і ён проста сам па сабе вельмі прыгожы.

Падсумоўваем: мінусы і плюсы папяровых кубкаў і тэрмакубкаў

Адно — трэба не паленавацца заварыць сабе з раніцы каву ў тэрмакубак ці захапіць яго з сабой, каб зайсці па дарозе ў кавярню.

Але ж дзеля выратавання свету ад смецця можна з сабой дамовіцца, праўда?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?