У будынку Вярхоўнай Рады Украіны арыштаваная дэпутатка парламента Надзея Саўчанка — тая самая легендарная палонная лётчыца, якую ў свой час з цяжкасцю вызвалялі з расійскай турмы.
Яе абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрактаў у Кіеве, дзяржаўнага перавароту і забойства кіраўнікоў краіны.
Генпракурор Юрый Луцэнка паказаў у парламенце відэа. На ім Саўчанка прапануе здзейсніць тэракт у будынку Вярхоўнай Рады.
На яе думку, усё кіраўніцтва краіны варта было знішчыць фізічна ў адзін дзень, калі прэзідэнт Пятро Парашэнка прыедзе ў Раду са штогадовым дакладам. Падчас яго выступу ў зале прысутнічалі б і ўсе міністры. Саўчанка нават папярэдне намалявала план парламента.
На відэа відаць, што яна пагаджаецца здзейсніць тэракт у якасці смяротніцы. «Героі не паміраюць, не памерла там, памру тут», — заявіла яна.
Па версіі следства, Надзея Саўчанка ў змове з Уладзімірам Рубанам і кіраўніком «ДНР» Аляксандрам Захарчанкам запланавалі перавезці праз лінію размежавання зброю, з якой ажыццявіць абстрэл урадавага квартала Кіева з мінамётаў, знішчыць прэзідэнта, а таксама расстраляць дэпутатаў парламента знутры.
«Адзінае зло, якое не дае міру Украіне, — гэта ўкраінская ўлада», — заявіла Саўчанка перад арыштам. Яна не адмаўляе сваю прысутнасць і свае словы на відэа.
Надзея Саўчанка цяпер знаходзіцца ў аддзеле забеспячэння дасудовага следства СБУ як ужо затрыманая асоба. З ёй зараз праводзіцца допыт у якасці падазраванай у прысутнасці адвакатаў.
Рыхтуецца хадайніцтва ў суд аб абранні меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.
Суд па абранні меры стрымання адбудзецца ў пятніцу, 23 сакавіка.
***
Надзея Саўчанка нарадзілася ў 1981 годзе ў Кіеве. Украінскі вайсковец, штурман-аператар верталёта Мі-24 16-й асобнай брыгады армейскай авіяцыі Сухапутных войскаў Узброеных Сіл Украіны, капітан. Герой Украіны. Дэпутат Вярхоўнай Рады.
У пачатку ліпеня 2014 года была захопленая баевікамі, вывезеная ў Расію і абвінавачана ў забойстве расійскіх журналістаў.
У расійскай турме Саўчанка неаднаразова трымала галадоўку ў знак пратэсту. Была прысуджана да 22 гадоў зняволення.
У 2016 годзе была абмененая на палонных расійскіх вайскоўцаў.