21 сакавіка з касмадрома Байканур стартаваў касмічны карабель «Саюз МС-08». У яго склад уваходзіць расійскі астранаўт Алег Арцем’еў (камандзір), а таксама амерыканцы Эндру Фойстэл і Рычард Арнольд. Стыкоўка з МКС запланаваная на 23 сакавіка.

Інтарэс беларусаў да асобы Алега Арцем’ева звязаны з тым, што каранямі гэты лётчык паходзіць з Беларусі.

Ягоны бацька Герман нарадзіўся ў мястэчку Друя Браслаўскага раёна. Пазней ён стаў вайсковым інжынерам. Алег нарадзіўся ў Рызе, дзе ў той момант служыў ягоны бацька.

Мама Арцем’ева паходзіць з Далёкага Усходу. Цяпер бацькі жывуць у Віцебску, куды да іх часта прыязджае сын.

У школу будучы касманаўт пайшоў Ленінску (цяпер Байканур, Казахстан). Вучыўся ў Талінскім політэхнікуме. У арміі служыў у Вільні. Ад 2003 года залічаны ў атрад касманаўтаў для праходжання агульнакасмічнай падрыхтоўкі. Першы палёт Арцем’ева адбыўся ў 2014 годзе, на МКС ён прабыў паўгода.

У 2016 годзе Алег Арцем’еў атрымаў званне Героя Расіі. У інтэрв’ю «Звяздзе» касманаўт прызнаваўся, што за суткі ў космасе арымлівае камандзіровачныя ў памеры 300—400 даляраў, у залежнасці ад таго, ці выходзіў у космас.

Атрымліваецца, што за адзін палёт можа зарабіць каля $60 тысяч. «За палёт кватэру не купіш», — казаў ён, бо меліся на ўвазе маскоўскія цэны. Агулам жа аклад касманаўта складае 77 тысяч расійскіх рублёў (каля 2600 беларускіх).

У інстаграме Алега Арцем’ева ёсць цікавы фотаздымак, дзе ён разам з Алегам Навіцкім (расійскі касманаўт родам з Чэрвеня Мінскай вобласці), а таксама з Валянцінай Церашковай, якая таксама мае беларускае паходжанне і нават у дзяцінстве размаўляла па-беларуску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?