14 траўня пазначана ў календары як Дзень Дзяржаўнага Сьцяга і Герба. Аднаго разу давялося мне пабачыць, як гэты дзень адзначаўся на Цэнтральнай плошчы Менску.

Праз плошчу вайскоўцы ў параднай форме ўрачыста пранесьлі на руках вялікае палотнішча, данесьлі яго да флагштоку і пад гукі гімну адбылося ўзьняцьцё сьцяга. Пры гэтай падзеі людзей на плошчы амаль не было, калі не лічыць 3—4 аўтобусы ПТВэшнікаў з Заводзкага раёну, якіх пільнавалі, каб тыя не разьбегліся, некалькі настаўніц. Падумалася тады, ці пабачу калі, як так урачыста й беражліва беларускія вайскоўцы пранясуць праз плошчу наш нацыянальны гістарычны сьцяг.

Цудоўна помню тыя некалькі гадоў мінулага стагодзьдзя, калі гэтыя сымбалі сапраўды ўпрыгожвалі Дом Ураду. Сьцяг горда трапятаў у паветры і ў мяне выклікаў пачуцьцё радасьці. Нават калі ў гэтым не было патрэбы, я стараўся прайсьці ці праехаць праз Плошчу Незалежнасьці, каб лішні раз пераканацца, што сьцяг на месцы, што ён лунае над горадам, што ён жыве, а разам зь ім жыве і Беларусь!

У нашым сьцягу ёсьць усё — чысьціня, пяшчота, цнатлівасьць і ў той жа час — сьмеласьць, вольнасьць, моц. Гэта сьцяг-змагар, сьцяг-пераможца. А ў высокім блакітным небе ён падобны на птушку зь белымі крыламі, на белы карабель альбо на добрую вестку, што ляціць да нас зь нябёсаў.

І вось гэтая прыгажосьць, нашая гістарычная спадчына пад забаронай ва ўласнай краіне.

Сучасны дзяржаўны чырвона-зялёны сьцяг выглядае цяжкім і грувасткім. Такое ўражаньне, што яго толькі што выцягнулі з вады. Амаль паўсюдна, дзе ён вывешаны, ён на 2—3 абароты абкручаны ветрам вакол дрэўка і галоўны элемэнт сьцяга — беларускі арнамэнт — схаваны ад вока. Я не зьбіраюся тут кпіць з гэтага сьцяга. Скажу нават сумленна, што за савецкім часам ён мне таксама здаваўся самым прыгожым з усіх сьцягоў 15-ці саюзных рэспублік. Проста я так быў выхаваны, у любові да Беларусі. Толькі зь цягам часу я зразумеў, што справа ня ў тым, прыгожы ці не прыгожы сьцяг, а ў тым, якую функцыю выконвае ён у грамадзтве і якое стаўленьне самога грамадзтва да сваіх нацыянальных сымбаляў. Дык вось, сучасны дзяржаўны сьцяг РБ, можна сказаць, бездаглядны. Прыхільнікам гістарычных сымбаляў ён не патрэбны. А тыя, хто здавалася б, павінны любіць яго, таксама не відно нешта, каб захапляліся ім ды насілі на сваіх грудзях значкі зь яго выявай. Дарэчы, тыя значкі са сьцягам, якія прадаюцца ў крамах, няправільныя: на іх белы арнамэнт на чырвоным фоне (як на сьцягу савецкай Беларусі), у той час як на сьцягу РБ наадварот — чырвоны арнамэнт на белым фоне, то бок чырвоная вышыванка на белай кашулі. І тое, што сам сьцяг вельмі часта вывешваюць дагары нагамі, здаецца, таксама нікога асабліва не турбуе. Ну вісіць нешта, хай сабе вісіць.

Хочацца верыць, што дзень Сьцяга і Герба застанецца ў нашым календары. Толькі шанаваць мы будзем ня штучныя, а сапраўдныя гістарычныя сымбалі, і яны будуць выконваць ня толькі рэпрэзэнтатыўную і распазнавальную функцыю, але і самую галоўную сваю функцыю — аб’ядноўчую.

Лявон Гуменьнікаў, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0