23.03.2018 / 16:04

Выпадак адру зарэгістраваны ў чатырохмесячнага дзіцяці ў Ляхавічах. Яго прывезлі з Ваўкавыска

У Ляхавічах зарэгістравана захворванне на адзёр чатырохмесячнага дзіцяці, паведаміў БЕЛТА галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Георгій Хлябовіч.

Дзіця родам з Ваўкавыска. У Ляхавіцкі раён яго і двух старэйшых унукаў 2014 і 2015 гадоў нараджэння 15 сакавіка прывезла бабуля, якая ўзяла над дзецьмі апякунства пасля таго, як іх бацькоў пазбавілі бацькоўскіх правоў. Чатырохмесячнае дзіця да пераезду знаходзілася ў Ваўкавыску ў бальніцы. З падазрэннем на захворванне на адзёр 17 сакавіка яго даставілі ў інфекцыйнае аддзяленне Ляхавіцкай раённай бальніцы. Неўзабаве дыягназ быў пацверджаны вірусалагічнай лабараторыяй ў Мінску. Для далейшага лячэння 21 сакавіка перавялі ў дзіцячае інфекцыйнае аддзяленне Баранавіцкай гарадской бальніцы.

Яго стан медыкі ацэньваюць як цяжкі і стабільны.

У Ваўкавыску было лабараторна пацверджана 24 выпадкі адзёру.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру