23.03.2018 / 17:14

Марына Кражова. Цемень гораду расчулена прытуліць… 4

Маладая беларуская паэтка Марына Кражова, якая зараз жыве ў ЗША, даслала ў Рэдакцыю свае вершы.

Праспект

Цемень гораду расчулена прытуліць
кронамі ліхтарных парыкоў — 
Вешайся на выі сталых вуліц
і вяршуйся рымай цягнікоў!

Вокны-вочы, як за звар’яцелай,
Назірацьмуць стомленым святлом
Стражаў-лаваў скрып задзервянелы,
Павуцінна-правадны залом,

Пах асфальту і шыракаплечы
Безыменны, як шпіён, праспект,
Ад няспадзяванасці сустрэчы
Чырванее, як студэнт, ушчэнт.

Так, няхай ён нават нейкі змрочны
І яго нязграбна роўны стан
Антышчыры, вязніцка-прарочы.
Але ж мой… Каму яго аддам?

Людзі высыплюцца на яго, як бісер…
Сцеражыся, мой праспект! Змаўкай…
Зараз разравецца ненавісны
Хрып счарсцвелых механічных зграй.

Праглыне ізноў краіна гукаў,
Пераб’е дагістарычны шэпт…
Па-над дзённай стрыманасцю рухаў
Пачакай да ночы, мой праспект.

Шэрасць

Шэрані рэшты штрыхуюць хмары,
Рушыцца ціха руплівы народ.
Шырмы ўсмешак і шэрыя твары,
Шыфры спусцелых кішэняў штогод.

Шырыцца цемра за шэрагам шыбаў,
Шэптам вяшчае пяшчоту цыян.
Шэсце цнатліва-прыхованых шылаў
Цягнецца маршам цьмяных грамадзян.

Грэшным шэдэўрам зашэрхнуўшых душаў
Змрок растранжырвае біты крышталь.
Б'юць рыкашэты цэнзуры засушлівай
Хмурай пасрэднасцью сціснутых хваль.

Рыкам і хрыпам і шумамі шыбеніц
глушыць раскат ашалелых пагроз…
Шэрасць лягчэй зачарніць, а не выбеліць —
цемень пратоптвае хмары наскрозь.

Вудылі*

Звычайны дзень. Звычайны шэры дзень.
Кароткі дзень. Кароткі месяц люты.
Дарогі-цені і нябёсы — цень.
Цагляным ценем кожны кут закуты.

Над дахамі блукаюць вудылі.
Празрыстыя насрозь прывіды-здані,
Спяваюць бляскам сумны вадэвіль
Маім надзеям і маім жаданням.

Неймаверныя, як будучыя сны,
Кранаюцца раслінаў і будынкаў,
Раптоўна кроплямі залашчанай расы
Разгортваюць апошнія абдымкі.

Ніякіх абяцанняў ці падзей — 
Былі і зніклі. Дзень застаўся шэрым
І я ад вудылёў, як ад надзей,
хаваю твар пад парасонам веры.

*мыльныя бурбалкі

Марына Кражова

0
вось / Адказаць
23.03.2018 / 18:12
Дзякуй!
0
Васіль Каляда / Адказаць
23.03.2018 / 18:27
Цудоўна!
1
Хэльвіг / Адказаць
23.03.2018 / 21:26
Добрыя вершы, але ці надоўга хопіць натхненьня ў чужамоўным асяродьдзі пісаць па-беларуску? Лічу, што пэўнае моўнае (і не толькі) асяродьдзе вельмі важнае для інтэлектуальнай творчасьці. Вунь С. Сакалоў-Воюш як з'ехаў у ЗША дык нічога талковага і не напісаў, хаця ранейшыя вершы, калі жыў у Беларусі, уключаныя ў школьныя хрэстаматыі.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру