12 кастрычніка ў Літве прайшлі выбары ў Сойм. Паводле папярэдніх дадзеных перамагаюць кансэрватары з партыі Саюз Айчыны — хрысьціянскія дэмакраты. Другое ж месца заняла партыя зорак шоўбізу.

Выбары ў Літве адбываюцца як па партыйных сьпісах, так і па мажарытарнай сыстэме.

Паводле папярэдніх дадзеных, па партыйных сьпісах перамагае партыя Саюз Айчыны — Хрысьціянскія дэмакраты. Лідэр партыі Андрус Кубілюс з 1999 да 2000 году быў прэм’ер‑міністрам Літвы. На сёньняшні дзень Кубілюс зьяўляецца дэпутатам Сойму, уваходзіць у парлямэнцкую групу «За дэмакратычную Беларусь». У Саюз Айчыны ўваходзіць і былы лідэр Народнага Фронту Вітаўтас Ландсбэргіс. Хадэкі набіраюць амаль 20 % галасоў выбарцаў.

На другім месцы знаходзіцца Партыя народнага адраджэньня, якую ўзначальвае 41‑гадовы тэлевядучы Артурас Валінскас. Партыя была створаная толькі вясной сёлета, у яе склад увайшлі вядомыя ў краіне прадстаўнікі шоў‑бізнэсу — зоркі тэлебачаньня, акторы, сьпевакі.
Як бачым, такі экспэрымэнт даў плён.

Валінскас казырае тым, што сярод ягоных партыйцаў няма ніводнага парлямэнтара былых скліканьняў. На ягоную думку, чым болей у Сойме будзе дэпутатаў ягонай партыі, тым меней там будзе «нафталіну».

Вялікую стаўку Партыя народнага адраджэньня зрабіла на аднамандатных акругах. Людзі ў любым выпадку паставяць галачку насупраць прозьвішча вядомага музыкі ці актора, лічаць Валінскас і кампанія.

Партыя былога прэзыдэнта Літвы Раландаса Паксаса «Парадак і справядлівасьць» засталася толькі трэцяй (каля 12 %). Менавіта партыю Паксаса пасьлядоўна падтрымлівае Масква. Хаця напярэдадні выбараў папуліст Паксас заяўляў, што ягоная партыя ў сіле ўзяць палову галасоў. Пры гэтым «Парадак і справядлівасьць» ня згодная будаваць кааліцыю з кансэрватарамі і сацыял‑дэмакратамі. Валінскас таксама неаднаразова заяўляў, што супраць хаўрусу з партыяй былога прэзыдэнта. Зрэшты, на справе ўсё можа аказацца зусім ня так. Сам Паксас рашэньнем суду ня можа займаць ніякіх дзяржаўных пасадаў, у тым ліку быць дэпутатам парлямэнту.

Партыя працы мультымільянэра расейскага паходжаньня Віктара Ўспаскіх набірае крыху меней за 10 % галасоў. Сам жа Ўспаскіх працягвае знаходзіцца пад сьледзтвам за даваньне хлусьлівых сьведчаньняў у падатковую інспэкцыю. Праводзіцца таксама расьсьледаваньне аб фінансаваньні Партыі працы расейскімі спэцслужбамі. Палітык нейкі час знаходзіўся ў Маскве, дзе і быў арыштаваны ў верасьні 2006 году, але адпушчаны пад заклад. У 2007 годзе Ўспаскіх вярнуўся ў Літву.

Таксама ў парлямэнт трапляюць сацыял‑дэмакраты яшчэ аднаго былога прэзыдэнта краіны Альгірдаса Бразаўскаса і дзейнага прэм’ера Гедымінаса Кіркіласа (блізу 12 %). На мяжы паразы балянсуюць Рух лібэралаў (крыху больш за 5 %) і Саюз лібэралаў і цэнтру (таксама крыху больш за 5 %). Нечакана не трапляе ў Сойм Саюз сялянаў Казімеры Прускене.

Пакуль цяжка меркаваць, хто складзе ўрадавую кааліцыю.

Сацыял‑дэмакраты кажуць, што адкрытыя для перамоваў з усімі, у тым ліку з партыямі Паксаса і Ўспаскіх. Аднак што да магчымасьці знаходжаньня партыі «Парадку і справядлівасьці» ў кіроўнай кааліцыі, то такая магчымасьць разглядаецца як мізэрная. Такім чынам, найхутчэй, што ў новым Сойме Літвы будзе левацэнтрысцкая кааліцыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?