13 кастрычнiка адзначаецца 120-я гадавiна з дня народзiнаў слыннага беларускага мастака, скульптара, фалькларыста i мовазнаўцы Язэпа Драздовiча.

Сучасная карта Беларусi ўжо даўно не ведае такога тыпу селiшчаў, як фальварак, мыза, хутар, сярод iх i засценак. А некалi на нашай зямлi iх было, як маку насеяна. І звычайна гэтыя селiшчы тулiлiся ў маляўнiчых закутках, сярод лесу, паблiзу рэчкi, сажалкi цi возера, воддаль ад бойкiх дарог. Дзецi, народжаныя на хутарах i засценках, звычайна вылучалiся назiральнасцю. Яны былi самi часткаю прыроды, цнатлiвай, таямнiчай. Прага пазнання навакольнага асяроддзя вяла найбольш чуйных у далёкi свет, будзiла ў iх творчую фантазiю. I нядзiва, што з гэтых, на першы погляд, глухiх закiнутых хутароў i засценкаў, выйшла шмат выдатных людзей — мастакоў слова, майстроў пэндзлю, танцораў, музыкаў. I не проста майстроў слова, i не проста спевакоў, i не проста музыкаў, а непаўторных у сваiм харастве талентаў…

Жыццёвыя сцежкi-дарожкi Язэпа Драздовiча пабеглi ў свет таксама з засценка. Пунькi ён зваўся. I месцiўся калiсьцi на самай ускраiне Галубiцкай пушчы, што на Дзiсеншчыне.

Быў гэта сярэдняй рукi, акуратна дагледжаны, засценак. Як звычайна, паблiзу лесу. Вось у гэтым верасовым закутку i гадаваўся наш будучы самабытны мастак.

Пунькi далi яму ўсё, што неабходна для развiцця таленту. Тут ён узяў асновы роднай мовы, яе мелодыку i гукi, фарбы i пахi навакольнай прыроды, яе контуры, знакi нашай песнi. Нават зоркi над пунькаўскiм прадоннем не засталiся па-за ўвагай малога Юзiка. Хлопчыку вельмi карцела дацягнуцца розумам да дзiвоснай рызы, якая штоночы раскiдалася над iхнiм засценкам. Шмат чаго iншага далi яму Пунькi. Нават кожная травiнка, кожная былiнка, жывая iстота, краска ў лузе будзiла ў iм прагу ведаў, пазнання. Калi прыйшла пара iсцi ў «афiцыйную» школу, ён ужо шмат чаго ведаў з Пунек. Невыпадкова ж, мабыць, ужо ў сталыя гады ён робiць замалёўку роднага хатнiшча — малюе яго пранiкнёна, з нейкай цнатлiвай замiлаванасцю. Кожная рысачка, кожны штрышок сядзiбы, нанесены iм на паперу, — гэта нiбы своеасаблiвы летапiс яго маленства… Вось на гэтай сцяжынцы ён колiсь трэсачкай намаляваў свой першы малюнак… А вось пад гэтай старой мёдадайнай лiпай пачуў сiвую легенду… А тут выразаў з каранёў дрэў… I гэтак куды нi зiрнеш, куды нi ступiш — скрозь яму чыталася жывая кнiга маленства.

Можна смела сказаць: у Пуньках Драздовiч ва ўсёй сваёй цэльнасцi адчуў Беларусь i яе народ. Дарэчы,

Драздровiчава замалёўка Пунек — адзiная крынiца нашых уяўленняў пра тую сядзiбу, на якой некалi гадаваўся наш мастак.

Цiкава, што сваё дворышча Драздовiч паказвае не з вулiцы, не з боку ўваходу праз брамку, як звычайна прынята рабiць, а з агародаў, з пляца. Вiдаць, з гэтай кропкi яму было найлепей перадаць бацькава дворышча ва ўсёй выяве.

…Вось на пярэднiм плане, у самым канцы агарода, студня. Ад яе на два бакi разбягаецца паркан: правае прасла яго закiдана плашкамi ў шулы, левае — накiдамi жэрдак. Побач са студняй — старое доўбанае, пакрытае зеленаватай цвiллю, карыта для вадапою жывёлы. Ад яго пабегла, прыцiскаючыся блiжэй да мяжы, вузенькая ўтравянелая сцяжынка ўздоўж узаранага пляца да прыземiстай, на два канцы, хаты. Справа — гаспадарчая забудова — хляўчук з акенцам i яшчэ якаясь будынiна. Ва ўсiм адчуваецца дагледжанасць, гаспадарлiвасць. Нiдзе нiчога не параскiдана, не паразвешана, усё на сваiм месцы.

Лёс нямала кiдаў Язэпа Драздовiча па свеце. Нейкi час ён жыў у Саратаве, служыў у войску, працаваў у Мiнску i Вiльнi. Але дзе б ён нi быў, скрозь уваччу яму стаяла бацькава дворышча, як кут, якi ў любую хвiлiну, якi б не быў вялiкi i шчыры свет, заўсёды ласкава сустрэне яго, прытулiць, а калi трэба i прыгалубiць сваiм цяплом. Цяпер цяжка сказаць, колькi разоў за яго доўгае жыццё прыходзiлi да яго Пунькi — наяве, у сне, у хвiлiны творчых парыванняў. Зразумела адно, шмат якiя працы Язэпа Драздовiча бяруць свой выток з Пунек. I не толькi мастакоўскiя. Як вядома, Язэп Драздовiч — аўтар навуковай кнiжкi «Нябесныя бегi» на астранамiчныя тэмы. На тытульным лiсце гэтай кнiжкi чытаем: «Працу маю гэтую, — афярна працуючым дзеля навукi — на добрае карыстанне, а бацькам маiм, Нарцызу, што пры жыццё сваiм любiў гутарыць аб планетах, i матцы Юзэфе, ад каторай не раз даводзiлася чуць: «Вучыся, пазнай нябесныя бегi», — на светлую памятку iм заафяроўваю». Чытаем i разумеем: усё гэта з тых жа Драздовiчавых Пунек. Тыя ж самыя позвы з яго душы iшлi i пры складаннi картатэкi будучага слоўнiка беларускай мовы. Лексiка роднай Дзiсеншчыны першая паўставала ў яго памяцi i клалася на карткi, будзiла пошукi новых слоў i iх адценняў у iншых мясцовасцях. I гэтак было скрозь i ва ўсiм. Цi то калi складаўся альбом народных песняў, цi калi натавалiся прымаўкi ды помаўкi, першымi натавалiся чутыя на Дзiсеншчыне.

Родная зямля заўсёды магнiтам цягнула да сябе Драздовiча.

Яна натхнiла яго на стварэнне шэрагу палотнаў на гiстарычныя тэмы. На Дзiсеншчыне ў гады вайны ён пiша «Выгнанне палачанамi нялюбага князя», «Песню баяна», «Персцень Усяслава Чароўнага» i шэраг iншых.

Ад 1935 года Язэп Драздовiч амаль без выезду жыве ў наваколлi Пунек i паблiзу iх. У гэтую пару талент яго яшчэ неаднойчы зiхатнуў сваёй выявай. Многiя куточыкi Дзiсеншчыны адбiлiся на яго аркушах. Дый i сама доля мастака моцна знiтавалася з доляй аратых i сейбiтаў. Свой талент ён цалкам аддаў на службу землякам, маляваў для iх насценныя дыванкi, макаткi, невялiкiя партрэцiкi. Як i належыць адданаму сыну народа, Драздовiч i сканаў на любай роднай Дзiсеншчыне. Пахавалi яго землякi на Лiплянскiм могiльнiку — гэта ўсяго за некалькi кiламетраў ад родных Пунек. Магiла Язэпа Драздовiча пры самай дарозе ўскрай сцежкi, i хто б тут не iшоў — тутэйшы, з тутэйшых краёў чалавек цi вандроўнiк якi, — кожны з iх мусiць нiзка схiлiць голаў перад памяццю чалавека, якi самаахвярна жыў дзеля шчасця роднай старонкi.

А Драздовiчавы Пунькi працягваюць iснасць. Гэту верасовую мясцiну, атуленую звонкiм сасновы борам, аблюбавалi мясцовыя леснiкi, i як даўней, сто i дзвесце гадоў таму назад, — тут у нетаропкiм, але па-фiласофску разважлiвым рытме пульсуе жыццё, рыхтуючы, мажлiва, народу новы талент.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?