У Вялікую сераду 28 сакавіка ў 18.00 арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, прыме ўдзел у набажэнстве Крыжовага шляху на Залатой Горцы і ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі ахвяраў пажару ў Кемераве, піша catholic.by.

Набажэнства Крыжовага шляху пройдзе на цвінтары перад касцёлам Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску (пр-т Незалежнасці, 44-А).

Гэтае набажэнства, якое стала ў Залатагорскай парафіі неад’емнай традыцыяй Вялікага тыдня, калісьці праходзіла ў тэатралізаванай форме. Сёлета, як і ў мінулым годзе, набажэнства пройдзе так, як яно зазвычай адбываецца ў Вялікую пятніцу ў рымскім Калізеі.

Святая Імша ў інтэнцыі ахвяраў пажару ў расійскім Кемераве распачнецца адразу пасля набажэнства ў Залатагорскай святыні.

Арцыбіскуп Кандрусевіч памоліцца аб вечным супакоі для загінулых, аб здароўі для параненых і аб Божым суцяшэнні для ўсіх, каго балюча закранула трагедыя ў гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0