Фота - Handschuh News
Знаёмцеся: Джой Чэстнат, 24-гадовы жыхар каліфарнійскага Сан-Хосэ, чэмпіён сьвету па глытаньні гамбургераў, ён жа — сусьветны рэкардсмэн па зьнішчэньні хадуноў (хот-догаў), ён жа — найвялікшы ў сьвеце піцажэр. Апошні тытул Джой атрымаў сёньня, калі за 10 хвілінаў, адведзеных на яду, закінуў у нетры свайго страўніка 45 трохкутнікаў піцы. На першынстве, што ладзілася на Таймс Сквэр у Нью-Ёрку, гэтым вынікам Джой нашмат выперадзіў іншых аматараў паесьці як не ў сябе.
Галоўны сакрэт ягонай перамогі: дзеля больш зручнага глытаньня трохкутнік трэба крыху прытаптаць кулаком, а потым згарнуць у трубачку. Паводле словаў чэмпіёна, ён паставіўся да спаборніцтва з усёй сур’ёзнасьцю — трымаў пост аж цэлыя суткі.
Варта дадаць, што калі Джой выбірае мясное мэню, то за тыя ж 10 хвілінаў можа зьменьціць 83 гамбургеры ці 59 хадуноў.
Колісь мовазнавец Фёдар Янкоўскі запісаў у Карэлічах цудоўны выраз — «зямля ненаедная».