Каця Цікота з сынам Захарам.

Каця Цікота з сынам Захарам.

Мы пра гэта раскажам падрабязней, а таксама — пра дзяцінства ў беларускай вёсцы і пошукі свайго стылю. І яшчэ дамо парады ад Каці, што надзяваць [а што не надзяваць] і што з чым спалучаць, каб выглядаць густоўна.

«Як усё пачалося? З перабірання мамінай шафы, жадання знайсці там нешта для сябе. Але паколькі практычна нічога не пасавала, даводзілася ўсё перашываць, хоць мне, у прынцыпе, гэта прыносіла задавальненне, — распавядае Каця. — Мама была супраць, казала, што я псую ёй усе рэчы, але я адказвала: «Мам, ты ж усё адно іх не носіш». Яна згаджалася».

Дызайнерка распавядае, што ў іх сям’і была такая фішка: кожны раз, як мама адпраўлялася ў паездку за мяжу, прывозіла для Каці глянцавы часопіс. У Беларусі іх тады асабліва нідзе не было, таму такі прэзент для дзяўчынкі меў вялікую каштоўнасць.

«Я глядзела на мадэлі, спрабавала штосьці паўтарыць, — працягвае дзяўчына. — Гэта быў канец 1990-х, тады ў модзе быў стыль сафары — шмат хакі, пясочныя адценні. Мне таксама хацелася нечага такога, таму знаходзіла падобныя рэчы, перарабляла. Яшчэ падабаўся авангард, чырвоныя колеры. Я да ўсяго вельмі любіла апранаць лялек у дзяцінстве, сама шыла ім сукенкі, прыдумляла прычоскі — карацей, збірала поўны лук».

У школе Каця асабліва не эпатажавала аднакласнікаў і настаўнікаў, насіла больш тое, што пераходзіла па спадчыне ад старэйшых братоў. Шукала цікавыя камбінацыі, спалучэнні — хацелася і ў хлапчуковых рэчах быць дзяўчынкай. Куміра ў свеце моды ў дзяўчыны не было — апраналася так, як хацелася, пад настрой, і ні на каго не раўнялася.

«У мяне ў старэйшых класах фактычна не было такіх сяброў, з якімі я б хацела чымсьці дзяліцца [да 17 гадоў Каця жыла ў вёсцы — Рэд.]. Мне было нецікава стасавацца са сваімі аднакласнікамі. У мяне былі сябры ў Мінску, з якімі мы перапісваліся, сустракаліся. Я прыязджала ў Мінск даволі часта, бачыла іншае жыццё», — распавядае дзяўчына.

Да мас-маркету Каця звярталася, калі былі патрэбныя самыя простыя базавыя рэчы, напрыклад, тыя ж майкі. Усё іншае — перашывалася і перафарбоўвалася.

Натуральна, адных маміных рэчаў не хапала.

«Штосьці даставала з бабулінага куфара, штосьці, калі я ўжо паехала вучыцца ў Мінск, знаходзіла ў сэкандах, — распавядае дызайнерка. — У мяне няма ўнутранага абмежавання, я не саромеюся штосьці ўзяць у сэкандзе. У мяне ёсць іншае. Калі ў рэчы добрая энергетыка, я бяру і працую з ёй. Але нават калі мне рэч вельмі падабаецца, але я адчуваю, што лепш яе не браць у рукі, то я яе не вазьму. У кожнага чалавека ёсць свая энергетыка, яна застаецца ў адзенні, у рэчах. Чаму, напрыклад, нам прыемна насіць маміны кашулі? Чаму цяпер вяртаецца мода насіць бабуліны пасляваенныя сукенкі? Таму што яны прапітаныя надзеяй, любоўю. Мы адчуваем гэтую энергію светлых пачуццяў і цягнемся да гэтых рэчаў. Яны даюць яшчэ больш сіл».

Пра беларускую мову, англа-руска-беларускую трасянку ў прынтах і Беларусь

Каця нарадзілася ў Расіі, у Краснаярскім краі. Кажа, што на радзіме не бывае, але хоча наведаць мясцiны дзяцiнства.

«Я лічу сябе рускай, але мне вельмі падабаецца беларуская мова. Я мяркую, што трэба любіць ці, ва ўсякім разе, з павагай ставіцца да той краіны, у якой ты знаходзішся, калі ты прыезджы. Беларусь — цудоўная гасцінная краіна, — дзеліцца Каця. — Я думаю, што гэта класна, калі людзі могуць самавыяўляцца не толькі за кошт вышыванкі. Хоць, на жаль, нават не ўсе тыя, хто пакупаюць рэчы з вышыванкай, разумеюць значэнне гэтых сімвалаў. А яны могуць паказваць стаўленне да краіны, да мовы».

У Беларусь сям’я Каці прыехала, калі ёй было шэсць гадоў. У школе беларускую мову дзяўчынка вучыла з ахвотай.

«У мяне была дзявятка па беларускай мове, я любіла творы беларускіх пісьменнікаў. Для мяне гэта было проста «ваў», я імі зачытвалася. У мяне ёсць любоў да беларускай мовы. Мне б хацелася, каб людзі не саромеліся гаварыць па-беларуску. Каб па-беларуску гаварылі і тыя, для каго гэтая мова не з’яўляецца роднай, але каму яна падабаецца. Мова — гэта ж таксама наша самавыяўленне. Украінскія, беларускія, рускія словы гучаць па-рознаму, многія сугучныя маюць абсалютна розныя сэнсы. І мне падабаецца гэтая гульня, спалучэнне неспалучальнага, — тлумачыць Каця.

— Хочацца, каб людзі выходзілі за межы, каб разумелі, што ёсць не проста словы, спалучэнні словаў, а пэўны сэнс, унутранае адчуванне мовы. Нават калі ты размаўляш на ёй не часта, усё адно ёсць магчымасць адкрыць мову для сябе і палюбіць. Я спадзяюся, што мае футболкі дапамагаюць людзям адчуць гэта».

Для Каці галоўнае ў вобразе — сам чалавек, яго асоба.

«Калі казаць пра дзяўчат, то для мяне прыкмета добрага густу — сціпласць. Сціпласць у колькасці рэчаў, колькасці аксесуараў. Рэчы мусяць гарманіраваць між сабой. Не павінна быць перабору ў плане аголенага цела. Жаданне падкрэсліць «якая ў мяне класная фігура» не заўсёды бывае да месца. У вобразе галоўнае — сам чалавек, яго ўнутраны стан, яго думкі, тое, што ён хоча трансляваць у соцыум. І ўжо ў залежнасці ад гэтага трэба падбіраць адзенне», — адзначае дызайнерка.

Калі казаць пра колеры, то спалучэнні яна ўспрымае самыя розныя. Сёння ў яе ёсць хіба што адно табу — жоўты і фіялетавы. Проста не падабаецца.

А што падабаецца?

Паліто ці куртка?

Паліто.

Спадніца ці штаны?

Спадніца.

Кароткая ці доўгая?

Доўгая.

Байка ці світшот?

Байка.

Доўгія ці кароткія рукавы?

Доўгія.

Просты сілуэт ці незвычайны?

Просты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?