Фаст-фуд у сістэме адметных каштоўнасцей

Першая нататка выйшла 23 студзеня на сайце bento.de — моладзевы праект уплывовага часопіса «Der Spiegel». Суполка ў фэйсбуку literabel.de, прысвечаная прысутнасці беларускай культуры ў нямецкамоўнай прасторы, абурылася ўжытымі ў допісе клішэ і падала адрас электроннае пошты выдання для скарг.

У нататцы Даніэля Шрадэра ўсё арганізавана вакол таго, якая Беларусь дыктатура і ў чым канкрэтна гэта выражаецца. Пачынаючы з таго, што на сайце МЗС Нямеччыны пра Беларусь паведамлена далікатна: сістэма адметных каштоўнасцей.

Ужо ў аэрапорце наведнікаў Беларусі канваіруе салдат. Замежнікі запаўняюць адмысловую міграцыйную картку і мусяць заўсёды насіць яе з сабой. «Здаецца, прэзідэнту Лукашэнку дужа абыходзіць вонкавы выгляд ягонае сталіцы», — такія выказванні частыя ў допісе. Гэта не толькі пра чысціню.

Другі моцны тлумачальны сродак — спасылка на СССР: «Я пачуваюся, як быццам вандрую ў часе ў Савецкі Саюз». ГУМ, «скамянелыя міны» на тварах прадаўшчыц. Паўсюль савецкі кіч, Modern Talking з радыё — «другі раз за дзень!».

У такім чынам пабудаваным апавяданні сведчанні таго, што Менск сёння таксама далучаны да постындустрыяльнай гарадской сучаснасці, губляюцца. Дранікі ў рэстаране «Кухмістр» «тлустыя, але смачныя». Але што гэта прыватны бізнэс, не сказана. Паўсюдная прысутнасць рэстаранаў фаст-фуду здаецца Шрадэру адзнакай учорашняга дня — яны губляюць прыбытак у рэшце свету, бо не трапляюць у здаровы лад жыцця. Але ў Беларусі яны «сімвалы адкрытасці і мадэрнізацыі».

Клубы і бары ў гістарычным цэнтры працягваюць тэму. Асабліва аўтар упадабаў «Гарышча». Піва і маладыя беларусы, якія танчаць пад электрапоп, нагадалі яму бацькаўшчыну: «Сцэна, якая з роўным поспехам магла адбывацца ў Берліне ці Гамбургу».

Але ад свайго галоўнага вываду Шрадэр не адмаўляецца. «Не зважаючы на фастфуд і электрапоп, паўсюль відаць аўтарытарная палітыка», падкрэсліваецца раз-пораз. Прысутнасць паліцыі і салдат на вуліцах, напрыклад. Асобна ён спыняецца на Музеі вайны. «Савецкі напад на Польшчу ў 1939-м тлумачыцца тут як уз’яднанне Беларусі. Гвалтоўнае далучэнне балтыйскіх дзяржаў апісваецца цалкам нявінна, як добраахвотнае ўступленне ў Савецкі Саюз». Гісторыя, напісаная пад савецкім сцягам.

Беларусь знаходзіцца на пераломе — але гэты пералом пільна кантралюецца: «Турысты і фірмы дапускаюцца ў краіну, але ідэі маюць застацца за пагранічным шлагбаўмам». «Не зважаючы на ўсе змяненні, Менск застаецца сталіцай «апошняй дыктатуры Еўропы», — і менавіта гэта робіць Беларусь прывабным турыстычным аб’ектам.

«Гэтыя рэчы вы перажывяце толькі ў Беларусі»

У зусім іншай інтанацыі вытрыманы артыкул ва ўплывовай кансерватыўнай газеце «Die Welt». У вельмі стылёвай нататцы Ганны Люман мільгаюць і расейскія грошы, і Кандаліза Райс з «ейным запамінальным выслоўем «апошняя дыктатура Еўропы», і прозвішча дыктатара. «Але што мы ведаем пра Беларусь? Жахліва мала», — працягвае аўтарка. Хіба з асветніцкімі мэтамі цэлы абзац прысвечаны бітве на Нямізе.

Найперш яна зацікаўленая архітэктурай. Уласна, з гэтай прычыны аўтарка наведала беларускую сталіцу. Менскі Інстытут імя Гётэ ладзіў сустрэчу кіраўнікоў такіх інстытутаў з колішніх краін Усходняга блоку. «Мы тут, бо інстытуту імя Гётэ рупіць выратаванне савецкай архітэктуры».

Люман піша пра гэта з досціпам: «Сам інстытут ніколі так не сказаў бы, і гэта не зусім праўда. Інстытут мае намер «даць імпульсы». Якія імпульсы? «Можа, выстава, напрыклад вандроўная. Мо ў 2019-м, мо ў 2020-м. Людзі раяцца. Людзі засядаюць».

Гэта такая частка карпарацыйнае ідэнтычнасці нямецкае культурнае работы ў замежжы. «Нейк заўсёды вядзецца пра ўрбаністыку ў грамадскай прасторы, заўсёды ўзнікае адчуванне, што табе падміргвае Хабермас ці якісь іншы сацыёлаг або філосаф, чыё імя ты акурат забыўся, але чые думкі быццам бы ведаеш».

Лёс савецкае спадчыны выклікае клопат з ведамых прычын. Гэтая частка мінуўшчыны ў большасці краін Усходняе Еўропы мала каму даспадобы. Ёй пагарджаюць, імкнучыся такім чынам збавіцца і ад самое мінуўшчыны. Мінск, «касмічныя могілкі» савецкага горадабудаўніцтва, «самы шалёны з усіх савецкіх гарадоў», асабліва прыдатны для такіх абмеркаванняў.

Сярод герояў нататкі — постаці культурнага ландшафту сталіцы. Вось Дзмітрый Задорын расказвае, што з любоўю расказвае пра «дом Чыжа»: ён называе яго тутэйшай Эйфелевай вежай, таму што абаімі спачатку грэбавалі. Артур Клінаў расказвае, што разбурэнне з’яўляецца часткай Менска. Да ягонае кніжкі — а «Горад СОНца» першапачаткова выйшла па-нямецку, — вандроўнікі вяртаюцца ўдома. «Такое адчуванне, мы ўлюбляемся ў гэты горад наўздагон».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?