У Беларусі зь візытам знаходзіцца намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Анджэй Крэмэр. Візыт прымеркаваны да 65‑годзьдзя бітвы пад Леніна. 12 кастрычніка 1943 году свой першы бой прыняла сфармаваная ў глыбінцы Савецкага Саюзу 1‑я дывізія пяхоты імя Тадэвуша Касьшюшкі. У баях пад Леніна дывізія страціла амаль 25% жаўнераў і афіцэраў, якія загінулі, атрымалі раненьні альбо прапалі бязь вестак.

Скарыстаўшыся нагодай Анджэй Крэмэр у панядзелак таксама правёў перамовы зь лідэрамі апазыцыі. На сустрэчы прысутнічалі былы палітвязень Аляксандар Казулін, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, намесьнік старшыні Руху «За свабоду» Віктар Карняенка, намесьнік кіраўніка Партыі БНФ Вінцук Вячорка, а таксама лідэр БСДП Анатоль Ляўковіч.

Паводле словаў Анатоля Лябедзькі, гаворка ішла па двух галоўных пытаньнях: вынікі парлямэнцкіх выбараў, а таксама пэрспэктыва ўзаемадзеяньня Эўрасаюзу і Беларусі. «Аэнка парлямэнцкай кампаніі ў нас аднолькавая, што да другога пытаньня, то стратэгічна нашы погляды таксама супадаюць. Аднак мы настойваем на мэханізмах кантролю ўлады. Павінны быць акрэсьленыя парадак выкананьня ўладамі пэўных пытаньняў. Мы настойваем на выкананьні чатырох патрабаваньняў: зьмены выбарчага заканадаўства, роўныя ўмовы для дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, стварэньня нармальных умоваў працы для палітычных партый і няўрадавых арганізацый, а таксама скасаваньня з крымінальнага кодэксу артыкулаў, якія прадугледжваюць адказнасьць за палітычную дзейнасьць», — кажа А.Лябедзька.

Таксама Анджэй Крэмэр перадаў запрашэньне лідэрам беларускай апазыцыі на наступным тыдні наведаць Варшаву для сустрэчы зь міністрам замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім. Нагадаем, што падобны візыт быў заплянаваны яшчэ на 10 кастрычніка, але быў адменены зь няясных прычын.

Паводле нашай інфармацыі А.Крэмэр меў сустрэчы і ў беларускім МЗС, але ў прэс‑службе міністэрства «падобнай інфармацыяй не валодаюць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?