Старшыня Саюза мастакоў Рыгор Сітніца ў інтэрв'ю Радыё Свабода паведаміў, што Мінскі гарвыканкам плянуе разгледзець пытанне шыльды ў чацвер, 29 сакавіка.

Рыгор Сітніца чакае, што рашэнне будзе станоўчым.

— У вас няма адчування, што з шыльдай можа паўтарыцца гісторыя 1993 года, калі яе абяцалі ўзгадніць, але так і не ўзгаднілі?

— Пакуль не, пакуль у мяне трывогі няма. Паседжанне Мінскага гарвыканкама адбываецца ў чацьвер. Да сённяшняга дня няма рашэння аб усталяванні. Ёсьць толькі вуснае. Афіцыйнага пісьмовага няма. Я чакаю, што заўтра гэтыя паперы будуць падпісаныя.

Пакуль яны не падпісаныя, не можа адбыцца паседжанне Мастацкай рады, на якім будзе зацьверджаная гэтая дошка. У мяне пастаянная сувязь з гарадскімі ўладамі. Яны не абвяргаюць агучаную раней сваю станоўчую пазіцыю, не пярэчаць. Нават ёсьць два пісьмовыя запэўніванні, што яны не маюць прынцыповых пярэчанняў адносна ўсталявання гэтай дошкі.

Адзінае, што яна павінна прайсьці ўсе працэдуры, якія прадугледжаныя заканадаўствам. Калі рашэнне аб яе ўсталяванні будзе прынятае і падпісанае, тады літаральна ў пятніцу ці на працягу наступнага тыдня мы правядзем Мастацкую раду, ухвалім дошку і будзем гаварыць пра канкрэтную дату яе ўсталяваньня.

— Атрымліваецца, што ўсталяванне адкладаецца яшчэ на некалькі тыдняў?

— Не на некалькі… Я ня ведаю дакладна. Гэтае пытаньне не да мяне. Я раблю тое, што раблю. У мяне кожны дзень ідуць перамовы з гарадскімі ўладамі. Яны не абвяргаюць сваё рашэнне. Для мяне важны сам факт усталявання гэтай шыльды. Раней ці пазней на тыдзень — не важна. Тое, што яна зроблена, тое, што яны, прынамсі на словах, не пярэчаць яе ўсталяванню — пакуль што ў мяне не выклікае пытанняў.

Заўтра ці ў пятніцу я буду мець больш пэўную інфармацыю. Мне важна, каб было прынятае рашэнне. Пакуль яго няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?