Міжнародны валютны фонд (МВФ) бачыць рызыкі новай дэвальвацыі ў Беларусі. Пра гэта паведаміў старшы рэгіянальны пастаянны прадстаўнік у рэгіёне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Еўрапейскага дэпартамента МВФ Бас Бакер 28 сакавіка на канферэнцыі агенцтва Fitch Ratings па макраэканамічнай сітуацыі і банкаўскаму сектару Беларусі, піша ПраймПресс.

«Нядаўна мы прэзэнтавалі новую справаздачу персаналу фонду (МВФ - рэд.) па Беларусі. Мы адзначаем, што рэзервы знаходзяцца на нізкім узроўні, патрэба ў валюце знаходзіцца на высокім узроўні. Гэта ўяўляе сабой праблему і можа выклікаць новую дэвальвацыю, паколькі далярызацыя ў Беларусі знаходзіцца на высокім узроўні», — сказаў Бакер.

Паводле ацэнак МВФ, знешні доўг дзяржавы разам з дзяржаўнымі гарантыямі, выдадзенымі прадпрыемствам, складае 51% валавога ўнутранага прадукту. «Складана абслужыць такі доўг пры адсутнасці рашучых мер па рэфармаванні эканомікі. Ён можа стварыць праблемы ў фінансавым і банкаўскім сектарах», — адзначыў Бакер.

«Добрая навіна заключаецца ў тым, што ў нас з эканамічным блокам ўрада супадаюць меркаванні пра тое, што трэба рабіць у плане рэформаў. Адрозненні захоўваюцца ў частцы хуткасці рэалізацыі рэформаў. Дзяржава аддае перавагу рухацца паслядоўна, а гэта значыць, што ўразлівасць будзе захоўвацца. Гэта можа прывесці дзяржаву да ранейшай палітыкі неэфектыўнага размеркавання рэсурсаў», — сказаў Бакер.

Беларусь і МВФ ужо некалькі гадоў вядуць перамовы адносна новай крэдытнай праграмы на суму да 3 мільярдаў даляраў. Улетку 2017 г. гэтыя перамовы былі прыпыненыя. Бакі разышліся ў поглядах адносна хуткасці рэформ у Беларусі, у прыватнасці, у пытанні падвышэння тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Другая прычына, чаму Беларусь актыўна не супрацоўнічае з МВФ, крыецца ў праблемах рэальнага сектара эканомікі і тых беларускіх прадпрыемстваў, у якіх ёсць даўгі, у тым ліку валютныя, перад партнёрамі за мяжой і ўнутры краіны. Улады лічаць, што дзяржава павінна дапамагчы праблемным прадпрыемствам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0