Жыхар вёскі Пукшына Віцебскага раёна Аляксей Іпатаў, на якога ў ноч на 24 сакавіка напаў мядзведзь, працягвае лячэнне ў бальніцы. У прыватнасці, яму робяць ўколы ад шаленства. 42-гадовы мужчына падзяліўся падрабязнасцямі сваіх прыгод. Аказваецца, перад мядзведжай атакай пацярпелы і двое яго землякоў кармілі ляснога госця… варэннем.

Пацярпелы Аляксей Іпатаў. Скрыншот сюжэту АНТ

Пацярпелы Аляксей Іпатаў. Скрыншот сюжэту АНТ

Вясковец распавядае, што ў той вечар з мядзведзем забаўлялася цэлая кампанія — ён сам, яго айчым і сусед. Кармілі яго варэннем. Мядзведзь нават даў сябе пагладзіць. Мужчыны былі нападпітку.

— Я яму кажу: «Мішка, мішка!» Ён да мяне пачаў ісці. Я — да яго. Падышоў, пагладзіў яго, — распавёў АНТ Аляксей Іпатаў.

Затым айчым пайшоў у хату, а сусед — дадому. Аляксей застаўся з мядзведзем адзін на адзін. Хацеў сфатаграфавацца з ім на памяць, але не атрымалася — ніхто з вяскоўцаў не захацеў рабіць такія кадры. Тады мужчыне прыйшла думка абняць і пацалаваць ляснога жыхара. Але калі варэнне са слоіка мядзведзь еў з задавальненнем, то панібрацтва з боку п'янага чалавека не пацярпеў.

— Мішка стаў на заднія лапы — і рэзка стаў падаць на мяне, то бок падмінаць пад сябе. Пачаў ірваць лапамі спіну, рукі і ўкусіў, — успамінае пацярпелы.

Выратаваў Аляксея яго сусед Дзмітрый Жукоўскі. Ён пачуў крык, выбег і пачаў палохаць звера. Потым да яго далучыўся сын. Удваіх мужчыны адагналі мядзведзя і завялі Іпатава ў дом, выклікалі хуткую.

Аляксею пашанцавала, што на ім была цёплая куртка — інакш траўмы ад мядзведжых зубоў і кіпцюроў маглі быць нашмат больш сур'ёзныя.

Мужчына лечыцца ў Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Лекары кажуць, што пацярпелы паступіў да іх з драпінамі, ранкамі, укусамі на руках, спіне, сцёгнах. Яму прызначылі курс вакцынацыі супраць шаленства — ёсць падазрэнне, што мядзведзь можа быць хворым.

Мядзведзь, якому на выгляд, па ацэнцы паляўнічых, 3—4 гады, хутчэй за ўсё, зайшоў у Пукшына з расійскіх лясоў. З'яўляцца ў гэтых месцах ён пачаў паўгода таму — яшчэ восенню. Яго часта бачылі жыхары і паляўнічыя ў ваколіцах Пукшына, а таксама вёсак Глазомічы, Янавічы. Звер не баяўся людзей і стрэлаў у паветра, якімі яго спрабуюць адпудзіць, разбурыў пчальнік у егера, палохаў грыбнікоў, спрабаваў прабрацца ў кароўнік на ферме.

Увосень вяскоўцы зрабілі запыт у Мінпрыроды на адстрэл мядзведзя. Але жывёла адносіцца да чырванакніжных і забіваць яго нельга. Людзям параілі адганяць і адпужваць звера. Гэтым працягваюць займацца і пасля яго нападу на чалавека.

— Жывёлу з дапамогай шуму адагналі на 7—9 кіламетраў ад вёскі Пукшына. Егеры і паляўнічыя працягваюць кантраляваць мясцовасць. Калі звер зноў наблізіцца да вёскі, будзе разгледжана пытанне аб яго зняволенні. Калі высветліцца, што ў мядзведзя ёсць захворванне, небяспечнае для людзей, то будзе прынята рашэнне аб яго адстрэле, — паведамілі TUT.BY у Віцебскай раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?