Cтаршыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына лічыць «несправядлівым і няправільным» рашэнне Еўрасаюза пакінуць яе ў спісе неўязных.
Пра гэта яна заявіла 13 кастрычніка журналістам.

Як ужо паведамляў БелаПАН, міністры замежных спраў краін Еўрасаюза на пасяджэнні 13 кастрычніка ў Люксембургу прыпынілі на паўгода дзеянне забароны на ўезд у краіны ЕС прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і 35 беларускіх чыноўнікаў. Паводле звестак агенцтва Франс‑Прэс, у спісе неўязных засталіся пяць чалавек: Лідзія Ярмошына і чатыры падазроныя ў дачыненні да палітычных знікненняў у 1999—2000 гадах — цяперашні міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, былы дзяржсакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман, былы кіраўнік МУС Юрый Сівакоў і былы камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка.

«Паўгода — гэта надта малы тэрмін, каб можна было гаварыць аб рэальным пацяпленні. Гэта ў пэўным плане крыху зневажальнае паслабленне», — заявіла Л.Ярмошына.

Кіраўнік ЦВК паведаміла, што будзе працягваць працаваць гэтак жа, як працавала дагэтуль. «Я думаю, няўдзячнасць — гэта адзін з біблейскіх заганаў»,— заўважыла Л.Ярмошына. Паводле яе слоў, рашэнне ЕС — «дэманстрацыя той самай няўдзячнасці».

Як зазначыла кіраўнік ЦВК, на сённяшнім пасяджэнні камісіі прысутнічалі некалькі назіральнікаў, хоць да гэтага часу яны ўжо страцілі адпаведны статус. «Ці ж гэта не паказчык добрай волі беларусаў», — заявіла яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?