Уладзіславу Розуму 13 гадоў, ён вучыцца ў СШ № 189 Мінска. У аўторак, збіраючыся з сябрамі на прагулку, хлопчык нават не падазраваў, што зусім хутка яму давядзецца ратаваць таварыша, які праваліўся пад лёд. Школьнік не хавае: баяўся. «Але ж трэба ж было сябру дапамагчы», — дадае Улад.

— Я, Рома і Арцём — лепшыя сябры. Мы вучымся ў 7 класе. У той дзень мы стаялі на беразе рачнога канала, — успамінае Улад. — Мы крыху пасварыліся, Арцём вырашыў скараціць дарогу дадому, пайшоў па лёдзе і недзе праз хвіліну праваліўся. Ён быў прыкладна па пояс у вадзе. Рома стаў крычаць, як яму выбрацца. Але лёд крохкі, і ў Арцёма нічога не атрымлівалася.

Улад распавядае, што да іх тут жа збегліся дарослыя. Спыталі: хто з сяброў менш важыць, і прапанавалі Уладу падпаўзці да таварыша.

— Я зняў куртку і папоўз, — працягвае школьнік. — А, калі Арцём за яе ўхапіўся, стаў цягнуць на сябе, і выцягнуў яго.

— Баяўся?

- Ну … так, было страшна.

Каб хоць трохі сагрэць прамоклага Арцёма, Рома тут жа даў яму сваю сухую куртку. Потым прыехала хуткая, міліцыя, МНС.

- Арцёма адвезлі ў бальніцу, у яго было пераахаладжэнне, - распавядае Улад. - Учора (у чацвер) ён ужо вярнуўся дадому, і мы з Ромам хадзілі яго наведаць. Кажа, што пачуваецца нармальна.

Маме з татам Улад пра свой учынак распавёў не адразу, баяўся, што насварацца.

— Ён патэлефанаваў мне на працу, кажа: былі на канале, адзін праваліўся, я стаў яго ратаваць, — слухаўку мама школьніка Наталля. — Я адразу не зразумела. Думала, яны гулялі па лёдзе, хоць мы яму забараняем, і стала сварыцца. А ён мне: «Ты супакойся, я табе потым ператэлефаную».

Чакаць другога званка ад сына маме прыйшлося не доўга. Іх з Уладам запрасілі ў міліцыю даць паказанні. Тут мама і даведалася, што яе сын — герой.

- Ён прасіў, толькі тату не кажы, — усміхаецца Наталля. — Але я ўсё расказала, муж адразу яго пахваліў: «Малайчына, адважны ўчынак».

Увечары здзіўленыя бацькі пацікавіліся ў Улада: «Як жа ты не разгубіўся?». «Дарослыя падказалі», - адказаў ён. Да таго ж, сказаў, бачыў шмат відэаролікаў на гэтую тэму. І класны кіраўнік не раз паўтарала, як паступаць у такіх сітуацыях.

— А чаму менавіта ты папоўз? — успамінае мама гутарку з сынам. - А ён: «Мама, гэта мой сябар! Я не мог глядзець, што ён не можа выбрацца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?